— Мэйман, ты ўсе мае сакрэты знаеш, да?
— Знаю, да.
— I ты іх сахраніш. Назаўжды!
Генерал-пракурор не пасьпеў адказаць, як Камандуючы махнуў рукой і ў яго, бы з рукава, грымнуў нечаканы стрэл. Як Мэйман упаў, Камандуючы яшчэ два разы стрэліў яму ў галаву і крута адвярнуўся.
Пасьля ён уключыў радыётэлефон і мовіў нейкую фразу — пароль ці што: 548-5211АZ. Сунуўшы ў кішэню НЕNDI, дастаў з багажніка сьцяг — шырокую чырвоную палатніну з сярпом і молатам ля тэлескапічнага дрэўка — і ўскочыў у машыну.
— Газуй, Садам!
Звыкла абыякавы да ўсяго, што адбывалася навакол, чарнавусы кіроўца рыўком зрушыў машыну, якая палявой дарожкай нязграбна папаўзла па выбоінах у бок рачулкі. Адной рукой Камандуючы трымаўся за кароткі дзяржак перад сабой, а другой праз вакно высока ўзьнімаў сьцяг, пад якім нарэшце мелася зьдзейсьніцца вялікая мэта ягонага жыцьця — інтэграцыя.
Што рабіць, калі кожная вялікая мэта патрабуе вялікіх намаганьняў і няменшых ахвяраў…