Выбрать главу

Сам Ступак быў чалавек маўклівы, але слухаць размовы іншых любіў, асабліва, калі размова ішла пра палітыку, ад якой цяпер залежала ўсё. Ды яшчэ ад такой палітыкі, у якой палягала ня столькі розуму і развагі, колькі цынічнага гвалту. Гвалтавала ўлада, гвалтаваў крыміналітэт, які множыўся, шчырэў, ад якога простаму чалавеку не было прадыху. Днямі ў суседнім падворку з-пад самага вакна ўкралі, праўда, няновы ўжо БМВ, толькі што прыгнаны з Нямеччыны. Не зважаючы на надта ж шыкоўны «алярм», які гаспадар дэманстраваў цэлы вечар, тым даючы зразумець, што ня варта красьці — загудзе-загалосіць. Аж не загаласіў, і ніхто не пачуў, як машыну выгналі з падворку, і яна назаўжды зьнікла. Людзі казалі — міліцыя, хто ж яшчэ так умее? Можа, і міліцыя, думаў Ступак. У пенсіянера з суседняга дому менавіта міліцыя знайшла скрадзены ўзімку «Жыгуль», але нумары аказаліся перабітыя, кузаў перафарбаваны, і машыну гаспадару не аддалі: у міліцыі, ці бачыце, зьявіўся сумнеў. Пасьля таго, як машына паўгоду прастаяла ў міліцэйскім двары, той сумнеў зьнік, але мала што засталося і ад машыны — раскулачылі дашчэнту. Стаяўголы кузаў. Можа, і добра, што Ступак збыў да чортавай матары свой «Масквіч», менш будзе клопату і менш небясьпекі.

3 прычыны безграшоўя ён амаль не чытаў газетаў, хіба калі-нікалі выпадкова, але тады кожны раз нерваваўся і расстройваўся, ажно карцела лаяцца. Газеты хлусілі гэтак нахабна, як не хлусілі ніколі раней пры саветах. Апроч таго, у кожным нумары — указы, дакрэты, законы і безьліч паправак да ранейшых законаў і да папярэдніх паправак, бясконцыя выступы самога, ад якіх хацелася ванітаваць. Усё ўказваў, патрабаваў, гразіўся і падманваў, — як калісьці палітрукі ў войску, як у тым Афгане. Што значыць пачатковец-міліцыянт, які дарваўся да ўлады не накамандаваўшыся ў паліцэйскай службе і зараз імпэтна спаганяў свой камандзірскі сьверб. I, як ні дзіўна, тое шмат каму падабалася, пенсіянеры, былыя вайскоўцы-адстаўнікі, бы зачараваныя, чыталі ўсе ягоныя выступы ў газетах, усе ягоныя дакрэты, і наўрад ці што разумеючы ў іх пустазвонным шматслоўі, адабралі. «Можа, парадак навядзе» — было іх нязьменным аргументам. Хоць які ім патрэбны парадак у бяспраўнай краіне, было невядома. Наўрад ці яны тое разумелі самі.

Колькі разоў Ступак спрабаваў яго слухаць па тэлевізары, але не мог стрываць і пяці хвілінаў, сподам душы адчуваючы фальш яго пыхлівых словаў, і толькі дзівіўся, як таго не адчувалі іншыя. Хоць бы і ягоная жонка. Варта было Ступаку пасярод яго выступленьня ткнуць пальцам у які іншы сенсар, пераключаючы на іншы канал, як яна кідалася да тэлевізару і вяртала ўсё на ранейшае месца. I жонка, і яе малодшая сястра гатовыя былі з замілаваньнем глядзець і слухаць яго хоць да ранку. А на Ступаковы папрокі звычайна адказвалі: як можна грэбаваць такім выступленьнем гэткага інтэлігентнага, віднага сексуальнага мужчыны? Яны проста млелі ад аднаго толькі выгляду яго заўжды старанна паголенага, напамажанага твару з загадкавым, амаль сакаліным, позіркам, тугімі пашчэнкамі і сківіцай капылом, што лезла наперад з экрану. У такія хвіліны Ступак гатовы быў узьненавідзець увесь жаночы род, ня толькі ўласную жонку. Яго ж ён ужо даўно ненавідзеў, нутром адчуваючы яго фальшывую сутнасьць, таннае акцёрства, разьлічанае на дурняў або нягоднікаў. А як ён езьдзіў па горадзе? Рух на вуліцах заміраў, даішнікі пераключалі сьветлафоры і з палкамі выскоквалі на перакрыжаваньні зганяць тых, што замарудзілі зьнікнуць з дарогі. Усё пруцянела на вуліцы, бы ў чаканьні канца сьвету, як здаля шалёна выскоквалі тры-чатыры чорныя аўтамабілі ўступам управа ці ўступам улева і сьледам за міліцэйскай «мігалкай» на вялікай хуткасьці імчалі далей. Скрозь на іхняй дарозе кідаліся да тратуараў машыны прыватнікаў, ці, як іх звыкла называлі «аўтааматараў». Аднойчы Ступак замарудзіў у такі момант спыніцца са сваім «масквічом» бо не было як прыткнуцца да тратуару, дзе стаялі аўтобусы, як даішнік каршуном накінуўся на яго, аблаяў, адабраў дакументы, за якімі пасьля давялося пахадзіць у іхнюю кантору.

Агледзеўшыся і зразумеўшы нарэшце, каго абралі, мужыкі пачалі папракаць адзін аднаго за свой неразумны выбар. З такім жа правам мог папракнуць сябе і Ступак. Ён таксама галасаваў за яго. Але як было не галасаваць ці галасаваць за ягонага суперніка, як некаторыя казалі — нацыяналіста? Той можа, быў і неблагі хлопец, вучоны, але што б ён зрабіў з гэтым задушаным народам які ўмеў толькі піць, лайдачыць і красьці? Які напалову складаўся з камуністаў ды камсамольцаў, а другой паловай абслугоўваў КДБ? А яшчэ той абвясьціў, што ўзаконіць прыватную ўласнасьць ды ўвядзе абавязковай нацыянальную мову, на якую амаль усе забыліся — і ў горадзе, і ў вёсцы. Ступак пачаў ад яе адвыкаць яшчэ ў войску, хоць для яго, вясковага хлопца, авалодаць як сьлед расейскай было нялёгка. Ён доўга ня мог правільна вымавіць шмат якія расейскія словы (тряпка, напрыклад, за што яго так і дражнілі ў роце — «трапка»). Толькі адвучыўся ад вясковага, збольшага загаварыў, як і ўсе ў горадзе, на расейскай, як гэты вучоны-нацыяналіст зьбіраецца ўсіх перавучыць назад, па-вясковаму. Не, на тое Ступак быў нязгодны. Хай ужо вясковыя бацькі дагаворваюць свой век, як умеюць, ён жа застанецца пры гарадской мове. Як начальства. Як усе навакол. Зноў жа мітынговыя пагрозы камуністам, наменклатуршчыкам ды кадэбістам. Якраз перад тым Ступака прынялі ў партыю, зьявіліся нейкія магчымасьці, і ён сьвядома прагаласаваў за міліцыянта, таксама камуніста. Праўда, тады слабенька паспадзяваўшыся, што, можа, таго яшчэ і не выберуць. Ды во выбралі — на сваю галаву.