Выбрать главу

— Ды пад Кандагарам было. Ехалі на маршы з батальёнам Краўцова, толькі калона ўцягнулася ў «зялёнку», ну духі і пачалі лупіць. Пярэдні БТР адразу палыхнуў, загарэўся, хлопцы, бы гарох, — у канавы. А я, ведаеце, сьпярша прамарудзіў, не пасьпеў выскачыць, у трэцім ехаў, а як ачомаўся, зразумеў: позна. Духі смаляць, а ў нас устаноўка «град» стаіць пакінутая, пасьля аказалася, першага нумара забіла, а другі зьбег. Ну, я за ўстаноўку, Аньціпенка таксама падскочыў, стаў памагаць, як урэзалі мы па «зялёнцы», дык тыя духі — хто куды. Ураз выкурылі з зарасьнікаў, яны — у кішлак, канешне, а мы і туды перанесьлі агонь, ды з кулямётаў яшчэ, з зенітак — толькі ад дувалаў пыл хмарай да неба. Пасьля тыдзень немагчыма было праз кішлак праскочыць, так сьмярдзела, хоць процігаз надзявай. Трупы людзей ды скаціны…

— Во, дык і мы ж, гэта самае, — у працяг сынавай размовы загаварыў зап’янелы бацька. — У партызанку. Ляжым у Гразкім балоце ў засадзе, ляжым і ляжым, нікога на дарозе няма, толькі камары гудуць. Аж глядзім: едуць нямецка-фашысцкія захопнікі на фурманках. На пярэдняй немец гармонік у руках трымае, грае ці што? Але, мусіць, ня граў, так ехаў. Ну тут мы і ўрэзалі. Я ці ведаеш, з ручным кулямётам быў, дык як лупану! Тыя — у канавы, а ў канаве таксама кулямёт нарыхтавалі ды — па нас! А мы — па іх! А тым часам ззаду яшчэ калона падышла іхняя, ну на падмогу. Нашыя і драпанулі. А я ж ня ведаў, што драпанулі, ды сяку па іх канаве са свайго «дзегцяра», ну і выбіў. I тады нашыя вярнуліся па адным, камандзір Дзенісенка вярнуў. Ну і за тое мне праз паўгода — ордэн «Чырвонай зоркі», як палагаецца.

— Во героі! У аднэй сям’і бацька і сын! — п’янавата дзівіўся Пятрок.

— А што ж, яе матары! Будзе вайна — зноў пойдзем. Проціў нямецка-фашысцкіх, чачэнскіх, амерыканскіх захопнікаў. НАТА гэтае прэ на ўсход…

Бацька зусім ап’янеў, сын паклаў яго на скамячаны без прасьцінаў ложак, сам выйшаў на падворак падыхаць сьвежым вясковым паветрам. Блытаная гэта справа, вайна, думаў ён, карысьці з яе — гулькін нос. За пралітую кроў — дурацкія льготы. Як у гэтых старых — бясплатны праезд у межах раёна. Куды ўжо ім ехаць, апроч як на могілкі.

З вёскі Ступак прывёз дзясятак пазычаных у суседкі яек, кавалак ёлкага леташняга сала і думаў, у каго раздабыць грошай на хлеб? Зноў давядзецца прасіць у Плешкі, хоць таму ён і так вінаваты тысячаў сто. Але, можа, дасьць і яшчэ. Сядзець увесь час у расчыненых дзьвярах гаражу было сьпякотна і нудна, асабліва ў паўдзён, калі над падворкам навісала пякучае сонца. Ступак тады спрабаваў зачыняцца, але рабілася і яшчэ горш, і ён мусіў замыкаць гараж і куды-небудзь сыходзіць.

Неяк у нядзелю, дабрыўшы да прасьпекту ў цэнтры гораду, згледзеў там штось незвычайнае, небывалае ў выходны дзень відовішча.

Найперш здалёк яшчэ ўчуліся шум, гамана, рух мноства людзей, што суцэльнай плыньню рушылі кудысь у напрамку да цэнтральнай плошчы, несучы нейкія лозунгі. Вецер угары матляў бел-чырвона-белыя сьцягі — мноства сьцягоў, аж да канца калоны, якая хавалася за перагінам вуліцы. Пачатак гэтага шэсьця ўжо мінуў завулак, дзе паявіўся Ступак, і хто там усіх вёў, не было відаць. Поруч жа шэсьце з абодвух бакоў атачалі міліцыянты. Адны з іх стаялі ў няроўных шэрагах, іншыя (мабыць, начальства) бегалі-мітусіліся ў сваім міліцэйскім клопаце. Ступак сьпярша зьдзіўленапрыпыніўся, уражаны відовішчам, а затым нечаканая хваля ўзрушэньня падхапіла яго з тратуара і вынесла да людзей. Малады міліцыянт на краі тратуару спрабаваў заступіць дарогу, ды Ступак плячом рашуча адпіхнуў яго і выйшаў на асфальт — да ўсіх. Поруч на ўсю шырыню вуліцы ішлі і маладыя, і старыя, і сярэдняга веку мужчыны з жанкамі і дзяўчатамі; твары ва ўсіх былі прыемна-сьвяточныя, бяз звыклай паўсядзённай змрочнасьці ці нават нярэдкай па часе жорсткасьці. Уражвала вялікае мноства нацыянальных сьцягоў, якія над людскімі галовамі паласкаў сьвежаваты ранішні вятрыска. Трохі меней было плакатаў з рознымі надпісамі, зробленымі часам прафесійна, а болей — ня дужа ўмелымі рукамі. Ступак, паазіраўшыся, прачытаў тыя, што былі бліжэй: «Беларусь — у Эўропу!», «Не — бальшавікам!», «Міліцэйскае пудзіла — у Менскае мора!» Якраз над яго галавой хістка калыхаўся лозунг-плакат, што нёс малады хлопец у джынсовай камізэльцы з мноствам кішанькоў: «Мы хочам есьці!» То было якраз пад настрой Ступаку — ён таксама быў галаднаваты зранку, хацеў есьці і ня меў у кішэні ніводнага «зайца». I ён пайшоў разам з усімі,— ня надта борзда ступаючы ў бязладным натоўпе, стараючыся не наткнуцца на каго наперадзе, не ступіць на чыесьці запяткі. Грандыёзная суладнасьць людскога натоўпу надавала адчуваньне ладу і ўпэўненасьці, здавалася, гэткаю сілай яны дамогуцца чаго хочаш. А чаго дамагаліся, відно было з мноства плакатаў над галовамі. Хто мог адмовіць у законнасьці тых патрабаваньняў? Хто мог спыніць гэты шматтысячны паток гараджанаў?