Выбрать главу

Але неўзабаве паток чамусьці замарудзіў хаду, чым далей, тым болей людзі пачалі спыняцца. Некаторыя наперадзе сыходзіліся шчыльней, рух пачаў заміраць, і было невядома: чаму? Пачуліся выкрыкі нязгоды ці, можа, пратэсту, і тады Ступак здагадаўся ў чым справа. Стараючыся не штурхаць іншых, ён памкнуўся наперад, мінаючы найболей шчыльныя групы. У адным месцы прабег па тратуары пад носам у заклапочаных, спатнелых міліцыянтаў, якія таксама напружана ўзіраліся наперад. I тады яму стала відаць перашкода. Шэсьце ўперлася ў шчыльныя, бы спрасаваныя, тры шэрагі АМАПу, што ад сьцяны да сьцяны будынінаў выцягнуліся ўпоперак прасьпекту.

Ён і яшчэ праціснуўся наперад, каб лепей бачыць, што там робіцца. Аднак бачна было ўсё ж няшмат, чулася гамана, мабыць кіраўнікі гэтага шэсьця спрачаліся з таўстым міліцэйскім палкоўнікам, што незразумела хрыпеў у трубу мегафону. За ім замерла сьцяна амапаўцаў — блішчастыя шчыты ля ног, шлемы-скафандры на галавах, грудзі ва ўсіх расьпіралі бронекамізэлькі, у кожнага чорная палка ў правай руцэ. Але што былі гэтыя шчанюкі перад аб’яднанаю сілай тысячаў, акрыленых адзінаю мэтай свае праўды? Іх можна было сапхнуць за адну хвіліну. Нехта нават і крыкнуў з натоўпу штосьці накшталт «наперад». I тады раптам людзі збоч вуліцы неяк незразумела хіснуліся, воддаль страхавіта закрычала кабета. Ступак азірнуўся — з завулка ад пошты, клінам расьсякаючы натоўп, урэзаўся атрад амапаўцаў у касках і са шчытамі. Гэтыя адразу ўзяліся працаваць даўжэзнымі чорнымі палкамі — малаціць усіх без разбору, хто трапляў ім пад рукі.

Натоўп калыхнуўся ў адзін бок, у другі, некоторыя кінуліся назад — пад сьцяну будынку пачтамту, але і там невядома адкуль узяліся амапаўцы — ці не з дзьвярэй пачтамта. Неўзабаве іх стала, здалося, ня меней, чым дэманстрантаў, яны расьсякалі натоўп на часткі і білі, калашмацілі, валілі на асфальт людзей — мужчынаў і жанок, хапалі, камячылі сьцягі і плакаты, якімі некаторыя спрабавалі ад іх бараніцца. Над вуліцай узьвіўся бязладны, зьдзічэлы крык і лямант; жаночы плач перамяшаўся з роспачнай мужчынскай лаянкай, і невядома было, хто лаяўся. Падобна, і тыя, і гэтыя.

Пасьля хвіліны зьбянтэжанасьці Ступак зразумеў, што трэба адсюль «ірваць кіпці». Ды, мабыць, зразумеў тое спазьнела. Першы ўдар гумовай палкай па сьпіне змусіў яго хіснуцца, ён спатыкнуўся аб кагось, хто ужо ляжаў на асфальце, але ўтрымаўся, ня ўпаў і пасьпеў азірнуцца на таго, хто яго выцяў. З-за выгнутага плаксіглазавага казырка ў яго ўтаропіўся счырванелы ад поту твар маладога амапаўца.

У той момант новы ўдар па плячы змусіў яго аж прысесьці ад болю. Ратуючыся, ён галавой наперад кінуўся праз парадзелы натоўп — прэч ад гэтых забойцаў. Але, мусіць, ён прамарудзіў, упусьціў момант, і на яго накінуліся трое ці болей у касках. Каб уратавацца, ён з усяе сілы штурхануў бліжэйшага са шчытом, які з металічным бразгатам паляцеў долу. Ступак што было сілы ірвануў па вуліцы далей — праз паблытаны ў бойцы амапаўскі шэраг на суседнюю вуліцу.

Сьпярша ён бег, чуючы, як там, ззаду, лемантуе, вые і лаецца нядаўна яшчэ такое мілагучнае шэсьце, і недзе за скверам равуць рухавікі міліцэйскіх «Камазаў», што, мабыць, падвозяць падмацаваньне АМАПу. Ці адвозяць схопленых і пабітых. Побач абмінуў яго малады даўгалыгі хлопец у белай скрываўленай кашулі, што, азіраючыся, узрушана прамаўляў: «Шакалы!.. Шакалы!..». «Шакалы!», — сказаў сабе ў думках і Ступак, кіруючы сьледам па тратуары. За імі, аднак, чамусьці ня гналіся, і ён пайшоў цішэй. Поруч беглі і яшчэ людзі, што вырваліся з тае пасткі, хтось з рэдкіх сустрэчных спалохана пытаўся, стоячы пад абдзертай сьцяной: «Што там? Што?». — «Ідзі, паглядзі!», — са злосьцю кінуў Ступак пенсіянеру з радамі каляровых планак на борце пацертага пінжака. Надта балела плячо, ён ледзьве варушыў рукой, думалася, ці не паламалі яны яму косьці? Трохі, аднак, спакайнеючы, завулкамі і пусткамі нарэшце дабрыў да свайго падворку.

На шчасьце, ля гаражоў не было нікога, мусіць, гаражнікі з раніцы разьехаліся па сваіх дачах-гародах. Ступак аднаруч ледзьве адамкнуў нутраны замок і, зашчапіўшыся, аблёг на сваю раскладуху. Самы час было расслаблена ўздыхнуць і застагнаць — так балела плячо. Але ён стрымаўся пры думцы, што яго могуць пачуць і толькі ў думках вылаяўся. Усё ж, мабыць, яго там згледзелі, можа, хто са знаёмых, і хоць ён уцёк, знайсьці было няцяжка. Ён ведаў, што ў іх усё на ўліку: усе адрасы і прыкметы, сьведкі, стукачы, сексоты. Хіба ад іх схаваешся?