Выбрать главу

Ціха варочаючыся ад болю на рыпучай раскладусе пры зачыненых дзьвярах, ён услухоўваўся ў кожны гук-шолах знадворку. Чуў, як прыехаў на старой «Волзе» і адчыняў свой гараж Сазон. Лепей Ступак ханы гук рухавіка «Запарожца» Плешкі, ды таго не было, можа, заначуе на агародзе. Што рабіць далей — было невядома, мабыць, у гаражы доўга ня ўседзіш, паныла думаў Ступак. Зьехаць на вёску ці што? Але каб зьехаць, патрэбны грошы, хаця б на білет. Зноў жа, калі будуць шукаць, дык знойдуць і ў вёсцы — гэтыя ўсё могуць. Наконт зыску яны майстры, якіх ня ведае сьвет. Ступак прыгадаў, як некалі ў войску на дзьвярах іхняй прыбіральні нехта цьвіком надрапаў «Брэжнеў — мудак». Зьявіліся сьледчыя па асабліва важных справах, паўгода вялі сьледства, ператрэсьлі казарму, перацягалі ўсіх у хітры дамок контрразьведкі, а знайшлі. Прыперлі, дык сам прызнаўся — першагодак з Мардовіі пакрыўдзіўся на старшыну і надрапаў тыя два словы — на сваю галаву.

Усё ж неяк Ступак перабыў тую ноч, спаў трывожным сном падбітага птаха — то засынаў, то прачынаўся, спрабуючы як зручней уладкаваць балючую руку. Душу апякала крыўда і злосьць: што ж гэта робіцца? За што? Што ён парушыў, каму ён прычыніў шкоду? Завошта яго хацелі скалечыць? Выцялі па тым самым плячы, дзе яшчэ віднеўся сьлед-шнар ад душманскае кулі. Але ж гэтыя — не душманы, гэта ж свае. Хто ж іх так нацкаваў на мірны народ, чаму яны сталі карнікамі?

Але хто нацкаваў, было вядома. У гэтай краіне ўсё добрае і благое рабілася па камандзе аднаго чалавека. Усё залежала ад яго. Прачнуўшыся неяк пад ранак, згаладнелы і спакутваны ад болю ў плячы, Ступак раптам сьцяміў, што яго трэба забіць.

Як зрабіць тое, ён яшчэ ня ведаў, нават ня мог сабе ўявіць. Мусіць, для таго найперш трэба была зброя ці якая ўзрыўчатка. Але дзе яе ўзяць? Ад зброі залежаў і спосаб тэракту, значыць, найперш трэба зброя. Хаця б пісталет. Ці найлепш аўтамат, аўтамат Калашнікава, з якім ён ваяваў у Афгане. Ступак упершыню пашкадаваў, што сем гадоў назад прыехаў з Афгану з пустымі рукамі. Хаця з гэтай справай там было строга: патрабавалі падпіску, што не вязеш нічога. Ды хлопцы везьлі пісталет ці гранату. Ён не адважыўся, думаў — навошта? Ён не зьбіраўся стаць кілерам, ён вяртаўся на сваю родную «паштовую скрынку», дзе рабіў нейкія штуковіны для ракетаў. Ці для космасу. Але «паштовая скрынка» накрылася адным месцам, і ён стаў беспрацоўным афганцам. Во лёс сабачы…

«Ну і хай! — лежачы на сваёй раскладусе, няпэўна думаў Ступак. — Кілер, па крайняй меры, гучыць. А то — тля! Я табе ня тля, ты яшчэ пазнаеш, хто я. Ня тое, што гэтыя дэмакраты. Наладзілі фэст, выйшлі, бы да касьцёлу. Не хапала музыкі. А ён на іх — гэтых двухногіх шакалаў у брані. Далі, аж пыл закурэў. Адлупілі, разагналі, пахапалі… Цяпер будуць хадзіць да пракурора, апраўдвацца. Быццам пракурор не заадно з імі. Пракурор, можа, сам лупіў са шчытом, у камізэльцы. А што? Пад каўпаком не відно, не пазнаеш, хто цябе нявечыць. Усе яны — адно кодла. Не, так не даб’ешся нічога. Трэба яго стрэльнуць. А там будзь, што будзе. Чым так тухнуць у сьмярдзючым гаражы… Здохнеш і ня хутка здагадаюцца, што памёр. Як тая бабуся з першага пад’езду, што тры тыдні праляжала ў зачыненай кватэры. Пакуль суседзі ня ўнюхалі»…

Так, яму вельмі патрэбная зброя.

Але найперш, мусіць, трэба было прыдбаць грошы. Бяз грошай ні чарта ты ня зробіш, самадзейны кілер-адзіночка, нявесела думаў Ступак у ранішнім гаражным паўзмроку. Рашэньне, аднак, было прынятае, і ён не любіў мяняць сваіх нават і самых рызыковых рашэньняў. Такі ўжо быў характар. З тае ранішняй хвіліны ў яго паявілася мэта, што стала яго неадчэпным клопатам.

Ён яшчэ ляжаў у дрымоце, як знадворку пачуўся нягучны металічны бразгат паблізу, і Ступак, счакаўшы, прыадчыніў дзьверы. Крышку ўбаку стаяла «сямёрка» дацэнта Мінкевіча, якую той меўся загнаць у гараж. З гэтым інтэлігентам у Ступака не было ніякае дружбы, бо той трымаўся на адлегласьці ад астатніх, асабліва ні з кім не таварышаваў, рэдка калі ішоў на размовы. I заўсёды кудысь сьпяшаўся. «Сямёрка» яго заўжды была чысьценькая, бы сьвежа памытая, хаця ўжо і ня новая, ды і сам Мінкевіч заўжды выглядаў па сучаснай модзе — з каротка падстрыжанай бародкай, у акулярах з тонкай аправай, ён зірнуў на Ступака і павітаўся. Ступак, каб пачаць размову, папрасіў закурыць, і той мусіў затрымацца ля расчыненых дзьвярэй гаража.