Выбрать главу

— Вы не маглі б мне пазычыць?

— Колькі? — спытаў Мінкевіч, з гатоўнасьцю дастаючы кашалёк. — На паўлітру?

— Трэба больш. Баксаў пяцьсот, — адважна вымавіў Ступак, аж зьдзівіўшыся сваёй адвазе.

— Ого! — шчыра зьдзівіўся дацэнт. — У мяне зарплата трыццаць баксаў у месяц.

— Дрэнна жывяцё, — паныла зазначыў Ступак. — А можа, ведаеце, каму гараж можна б загнаць?

Мінкевіч паціснуў плячыма.

— Дайце аб’яву ў газету. Цяпер жа там вунь колькі аб’яваў. Ці папытайце ў Валынца. Ён жа займаецца аўтабізнэсам…

Валынца Ступак збольшага ведаў, той жыў у суседнім доме, нядаўна скончыў еўрарамонт кватэры, пад якую адкупіў ледзьве ня ўвесь паверх замызганай хрушчоўкі. Цяпер любавацца на яго люстраныя, з мядовым адлівам вокны ў дзюралевых рамах зьбіраўся ўвесь падворак. Унізе ля пад’езду часьцяком стаялі «Вольвы», «БМВ» ды «Мерседэсы» нярэдка з замежнымі нумарамі. Гэта быў тыповы «новы беларус», і Мінкевіч меў рацыю. Гараж варта было прапанаваць Валынцу.

Але злавіць гэтага бізнэсмэна было няпроста. Ягонага «БМВ» ля пад’езду не было відаць, у кватэру ж Ступак не пайшоў, казалі, там заўсёды ахова. Тады ён прысеў на лаўку насупроць дзюралевых вакон багацея, трохі счакаў. Рука ўсё балела, хоць і ня так як учора. Рухаць ёй Ступак усё асьцерагаўся і, сагнуўшы, далікатна трымаў пад крысом накінутага на плечы пінжака. Як на падворку зачасьцілі ранішнія прахожыя, неахвотна падняўся і падыбаў да сваіх гаражоў. Тут, як заўжды ўраньні, ужо паявіўся Плешка, узяўся ладзіць капрызьлівы «Запарожац».

— Што гэта ў цябе, — кіўнуў ён на руку, павітаўшыся.

— Ды так. Упаў.

— Выпіўшы?

На тое Ступак не адказаў, ён не хацеў нікому расказваць пра учарашняе, асьцерагаўся, як бы сёньня ня здарыўся працяг таго ўчора. Раз запазіраў на падворак, каб адразу заўважыць, калі там зьявіцца міліцэйскі «Уаз». Але міліцыі пакуль не было, а Плешка, сагнуўшыся над задам «запарожца» калупаўся ў рухавіку.

— Што — помпа? — паспачуваў Ступак.

— Помпа, хай яна згарыць. Каторы раз ужо, — сказаў Плешка і, азірнуўшыся, цішай заўважыў: — Чуў, што ўчора на прасьпекце было?

— А што? — прастадушна папытаўся Ступак.

— Кажуць, лядовае пабоішча. Менчукоў з псамі-рыцарамі.

— Вось як?

— Што ж думаеш: паўтары тысячы АМАПу. Ды міліцыя. Ды ўнутраныя войскі. Сіла!

— Сіла! — пагадзіўся Ступак.

Гэты Плешка заўжды пачынаў так — быццам быў на баку ўлады, мог нават мацюкнуць дэмакратаў, але свае сапраўдныя адносіны запасіў на канец. Прыхінуўшыся да крыла аўтамабіля, азірнуўся і нягучна паведаміў:

— Кажуць, сам лупіў. Палкай. Пад каскай амапаўца. Во драпежнік!

— Драпежнік, — міжволі пагадзіўся Ступак. Уласных адносінаў да таго ён раскрываць не хацеў.

Усё ж паведамленьне Плешкі ўзрушыла Ступака, сьпярша ён нават не паверыў у тое. Але затым, разважыўшы, падумаў: а можа, і праўда. Ад гэтага можна было чакаць усяго, і вельмі нават магчыма, што найбольшаю асалодай для яго было самому паўдзельнічаць у эфектыўнай паліцэйскай акцыі. Адчуць азарт расправы — як драпежнік над сваёй ахвярай. Ступаку нават здалося, што той, хто лупіў яго па параненым плячы, мог быць менавіта сам. Краем вока ён нават згледзеў падобнага — з азьвярэлымі вачыма, вусатага. Хаця вусатых там было шмат.

Пакінуўшы Плешку ля ягонага «Запарожца», Ступак пайшоў па падворку да суседняга дома і яшчэ здалёк убачыў там чорную «БМВ» ля другога пад’езду. Ён прысьпешыў крок, сапраўды, то была машына Валынца, а ля яе і сам гаспадар, які толькі што выйшаў з дзьвярэй. То быў маладжавы яшчэ чалавек у дарагім двухбортным гарнітуры, пры даўжэзным гальштуку; ён паклаў на задняе сядзеньне кейс і расчыніў пярэднюю дзьверцу. За рулём чакаў малады шафёр з бычынай шыяй і выстрыжанай патыліцай.

— Можна вас на хвілінку, — гукнуў Ступак.

Валынец з незадаволеным выразам твару прытрымаў дзьверцу, Ступак падышоў бліжай і стрымана павітаўся.

— Прадаю гараж. Ну той, металічны. Купіце?

Напружаньне на холеным твары Валынца разам зьмякчэла, здаецца, той зразумеў і дзелавіта кінуў:

— Колькі?

— Ну гэта… Тысячу.

— Даю пяцьсот. З вывазам.

Пяцьсот, канешне, ня тысяча, але тут ня гандаль, тут продаж, падумаў Ступак, адчуваючы, што ягоны пакупнік дужа сьпяшаецца і вось-вось сядзе ў машыну. Другі раз наўрад ці яго засьпееш.

— Ладна, што ж…

Валынец з унутранай кішэні пінжака дастаў кашалёк і спрытна вылузнуў з яго тры стодаляравыя купюры.