Выбрать главу

— У якасьці задатку.

— Толькі вызвалю ў канцы месяца, — вінавата зазначыў Ступак.

— Тады атрымаеш астатнія. Усяго добрага.

Валынец схаваўся ў сваю чорную «БМВ», якая імкліва рванула з месца, а Ступак пастаяў яшчэ, ня ведаючы, радавацца ці ня надта. У руцэ ён трымаў трыста баксаў, тое было для яго багацьце. Але ж ён траціў апошні прытулак. Дзе прыткнуцца, калі ягоны куратнік пяройдзе гэтаму бізнэсоўцу?

А зрэшты, можа, тады ў прытулку і ня будзе патрэбы. Пра прытулак паклапоцяцца іншыя.

Тым жа ранкам ён разьмяняў у вулічным абменным пункце першыя сто даляраў, накупіў у гастраноме харчу: два белых батоны, кавалак каўбасы і нават гронку жоўтых бананаў, якія прадаваліся на кожным рагу. Сьпярша добра пад’еў у гаражы на адзіноце, — Плешка ўжо некуды зьехаў, і ля гаражоў не было нікога. Пасьля сухога сьняданку зьявілася смага, але ён падумаў, што вып’е піва пасьля, як будзе ісьці на базар. Напружана думаючы пра зброю, ён усё ж вырашыў наведаць базар, дзе ня быў з самай вясны. Не было патрэбы ды й грошай. Цяпер жа зьявілася тое і гэта, і ён ня стаў губляць час.

Ашчаджаючы балючую руку, можа, з гадзіну ён швэндаўся між тлумных гандлёвых радоў, заваленых розным таварам — харчам, гароднінай, а таксама адзеньнем, рознай драбязой і начыньнем. Усё, што прадавалася, было раскладзена на прылаўках, століках, а таксама ля ног на асфальце, на газецінах ці проста выглядвала з расхінутых гаспадарчых сумак. Тавару было безьліч, здавалася, тут можна знайсьці ўсё. Але тавары яго цікавілі мала, ягоны інтарэс палягаў у іншым,і ён разумеў, што тое іншае на прылаўках ня згледзіш. Ён болей прыглядваўся да твараў — прадаўцоў і пакупнікоў, што ў цеснаце і штурханіне мітусіліся побач, выбіраў сярод іх пэўны тып — маладога, засяроджанага ў сабе чалавека, можа «афганца» або «чачэнца».

У гэтых якраз і можна было нешта здабыць. Зброю ці наркоту. Неяк яшчэ зімой ён прыходзіў сюды з жонкай па бульбу і ў аднаго чарнявага, з выгляду каўказца, прыцаніўся да яго жоўтых гранатаў. Калі той назваў цану, пажартаваў: «Ого, бы лімонкі». «То фрукты, а не лімонкі — крыўдліва паправіў гаспадар. — Лімонкі таньней будуць». — «А што, ёсьць і лімонкі?» — жартам пацікавіўся Ступак. «Знойдзем, калі трэба», — хітравата падміргнуў каўказец. Тады Ступаку лімонкі не былі патрэбныя, але во цяпер…

Аднак жа, чаго трэба, менавіта таго і не бывае ў гандлі. Нават і на базары.

Дарма і доўга ён швэндаўся ў гаманкім базарным натоўпе, так і ня ўбачыўшы нічога здатнага. Пытацца ж у каго не наважыўся, адчуваў, нямала тут шылася і таптуноў, пераапранутых міліцыянтаў, кадэбэшнікаў, людзей са службы бясьпекі, якімі цяпер кішэлі вуліцы, вакзалы ды і базары таксама. Мабыць, тыя парадаваліся б, калі б спазналі, што побач шляецца кілер, шукае зброю. Хаця і без таго можна было проста і здорава ўліпнуць, калі б яго апазналі як удзельніка нядаўняй стычкі. Але во пакуль не пазналі, мабыць, там, на прасьпекце, не было знаёмых. Ля піўнога ларка ён нядоўга пастаяў у чарзе, выпіў цеплаватага піва, ледзьве ўтрымаўшы цяжкі куфаль у хваравітай руцэ, якая ўсё балела, асабліва ў плячы. Выпівох тут было нямала, але ўсе звычайныя півасёрбы, якія прагнулі адно — захмялець. Такіх жа, у каго можна было нешта здабыць, здаецца, не траплялася. I ён думаў, што, мусіць, ня так гэта проста прыдбаць зброю. Пісталет ці лепей славуты АК. Увесь сьвет завалены гэтымі Калашнікавымі, з ім ваююць цэлыя арміі, робяцца ўрадавыя перавароты, скідваюць і ўсаджваюць дыктатараў. А тут во, на ягонай радзіме, калі спатрэбілася, нават за баксы ня знойдзеш. Да чаго адсталая краіна, зласьліва думаў самадзейны кілер.

Краіна, можа, і была адсталая, але не былі адсталыя яе сьпецслужбы, і Ступак ведаў гэта. Ва ўсякім разе на рынку ён так і не наважыўся нават запытаць у каго-небудзь пра сваю патрэбу і надвячоркам прыбрыў дадому. Дзьверы аж трох гаражоў былі расчыненыя, але машынаў перад імі не было відаць, значыць, аўтамабілісты нікуды не сьпяшаліся. Два з іх — Сазон Іванавіч і малады хлопец Аляксей — стаялі каля Плешкавага гаража. Ступак насьцярожана падышоў да іх, здаецца, тым перапыніўшы размову, і ён падумаў: ужо ці не пра яго ішла гаворка? Але, мабыць, не пра яго.

— Ну, Мінкевіч у бэнээфе, мужыкі казалі, — гучаў з гаража Плешкаў голас. Іншыя два маўчалі. Памаўчаў і Ступак.

— То-то, гляжу, по-белорусски разговаривает, — не зразумець, з захапленьнем ці асуджаючы, сказаў сівагаловы Сазон Іванавіч. — Нацдем!

— Размаўляе, як хоча, — азваўся Плешка.

— Э нет, не как хочет. Это у них установка такая, в бэнээфе, чтобы другие не поняли.

— Ты ж во панімаеш, — выглянуў з-за «Запарожца» Плешка.