Выбрать главу

А. А.: На якое аддзяленне? Былі там аддзяленні?

В. Б.: Спярша на жывапісным вучыўся, а пасля на скульптурнае перавялі.

А. А.: Перавялі ці сам?

В. Б.: Прапанавалі, і я пагадзіўся. Была наша групка невялічкая, можа, чалавек дванаццаць. Вучылішча месцілася ў добрым старым дамку, цяпер там музычная школа. Будынак захаваўся, не пабурылі ў вайну.

А. А.: Стыпендыю плацілі?

В. Б.: Так, 60 рублёў. На яе і жыў. Сцюдзёнай парой часам бацькі прысылалі якую скароміну. Жылі мы нейкі час у інтэрнаце на Магілёўскай плошчы, цяпер яе няма — перайменавалі ў Савецкую. Ці, можа, Цэнтральную. А потым, забыўся з якой прычыны, нас чатырох пасялілі ў прыватным доме на Смаленскім базары. Здаецца, раней тая плошча называлася Краснаю. Скульптурныя класы мясціліся ў бакавым перавулку перад былой ратушай і мастацкім музеем. Вучыла нас скульптар Бяляева, родам, здаецца, з Кіева. Пасля вайны нідзе не чуў пра яе, мабыць, прапала. Жывапіс выкладаў стары Лейтман, а дырэктарам быў Ахрэмчык. Там жа знаходзілася ягоная майстэрня, на першым паверсе з вокнамі, якія выходзілі на вуліцу.

А. А.: Гэта наш Ахрэмчык?

В. Б.: Так. Іван Восіпавіч. І ён там працаваў. А вокны вялізныя, як пачынае цямнець, уключае святло, а шторы не зашморгвае, і мы глядзім, што ён робіць. Помніцца, вялікая, на ўсю сцяну, халсціна, на якой недамаляваныя Ленін і Сталін на нейкім з’ездзе. Тады гэтая тэма была неабходная. А маёй курсавой работай стала фігура пагранічніка ў шынялі, з вінтоўкай і біноклем каля вачэй. Выкладчыца хваліла…

(Віцебск тады, канешне, быў дужа мастацкі горад, меў музей, на вуліцы Гогаля, недалёка ад плошчы, быў музей славутага Пэна, якога незадоўга перад тым загадкава забілі. У невялікім пакоі і на драўлянай лесвіцы віселі яго карціны, выкананыя ў стылі дабротнага рэалізму — шаўцы, старыя яўрэі, коні, выявы маляўнічага Віцебска. Пра ягонага славутага вучня Марка Шагала, які тады жыў у Парыжы, у яго родным горадзе нічога не было вядома. Бы ён і не меў ніякага дачынення да гэтага горада. Але час мяняецца, і праз шмат год я ўжо быў у ліку тых, хто на Пескаваціку адкрываў скульптурны помнік славутаму земляку.)

В. Б.: Ну во, я там правучыўся год, Прыехаў пасля на другі, павучыўся, відаць, месяцы два, і тут аб’явілі «радасную» навіну: пастановай урада стыпендыі адмяняюцца.

А. А.: Наадварот. Плаціць трэба было.

В. Б.: Гэта быў, канешне, магутны ўдар, таму што…

А. А.: Гэта ў саракавым годзе?

В. Б.: У саракавым. Грошай мне з дому ніколі не прысылалі, ды я і не прасіў. Аднойчы бацька, як ехаў у горад, заехаў да дзядзькі, пазычыў тры чырвонцы, якія я расцягваў, як мог. Найбольш — на хлеб, якім звычайна мы харчаваліся. Устанеш раненька, гадзін у 6, і да хлебнай крамы ў чаргу. Чарга вялізная, усе чакаюць. Гадзін у восем прывозяць хлеб, пачынаецца штурханіна. Карткі пад гэты час ужо адмянілі, дык па хлеб рынуліся з навакольных вёсак, з іншых раёнаў. На хлеб выдаткоўваўся не больш за рубель, бо трэба ж было яшчэ купіць фарбы. Ды і з брызентавых гамашаў вылезлі пальцы… Спрабавалі мы з хлопцамі прабівацца такімі-сякімі работамі — на грузавой станцыі, шчотачнай фабрыцы. А ў Віцебску, як ні дзіўна, да самай вайны захаваўся дробны прыватны сектар, Недзе на вуліцы, што вяла да аэрапорта, убачылі маленькую такую крамку, над дзвярыма было няўмела напісана «Головные уборы шью» — стары Абрам шыў там шапкі. І вось, памятаю, мы удвух з хлопцам з Палесся пайшлі туды. (Хлопец той пасля таксама кінуў вучобу — не было як вучыцца. Не меў абутку, дык ён асенняй парой, па гразі хадзіў у растаптаных бурках.) Дамовіліся з гаспадаром зрабіць яму прыгожую шыльду, ён паабяцаў за тое 15 рублёў. Знайшлі нейкую здатную…

А. А.: Бляху…

В. Б.: Не, фанерыну. Загрунтавалі, напісалі «Галаўныя ўборы», і на адным канцы дошкі намалявалі кепку, а на другім капялюш. Прынеслі заказ. Гаспадар паглядзеў, паглядзеў і кажа: а чаму капялюш? Што, я капелюшы раблю для буржуяў? І не ўзяў шыльду, спалохаўся. Відаць, быў напалоханы з часоў нэпа. Ці яшчэ што.

А. А.: Першы заробак ляснуў?

В. Б.: Так, ляснуў наш заробак. Ну вось. Яшчэ пашвэндаўшыся па горадзе і нічога нідзе не здабыўшы, я зразумеў, што болей не ўтрымаюся, з мастацтвам прыйдзецца канчаць. Пайшоў у канцылярыю па дакументы. Там наш выкладчык беларускай мовы Леванёнак кажа: шкада, Быкаў, — мог бы вучыцца…