А. А.: Што, корпус цэлы паклалі?
В. Б.: Можа, і корпус, не ведаю. На ўскрайку кукурузнага поля мы выкапалі акопчыкі, наперадзе бураковая ніва, а далей сяло вялікае. Ноччу мы адтуль прыйшлі. А затым ішла кавалерыя, шмат кавалерыі, дагэтуль бачу запыленыя, стомленыя коні і людзі, вакол пыл, пыл… Ты ж ведаеш, які ўлетку на Украіне пыл на дарогах. Яны, відаць, ішлі здалёку, удзень вісела нямецкая авіяцыя, увесь час іх бамбіла. Наваколле ўсё гарыць… А яны ўзброеныя так: вінтоўка за спіной, шашка, процівагаз, перакідныя сумкі ля сёдлаў…
А. А.: А пік не было?
В. Б.: Пік не было. Мне запомніліся конскія процівагазы. На сядле такая сумка вялікая і ад яе ідзе тоўстая гафрыраваная трубка, бы кішка, і маска — надзяваецца каню, калі газавая атака, якіх, дарэчы, нідзе не было. Дык вось на світанні яны кінуліся на сяло ў атаку, на нямецкія танкі. Немцы падпусцілі іх даволі блізка, пасля… З кулямётаў яны наладзілі ім такое, што Божа мой! Праз якіх дзесяць хвілін усе адхлынулі назад. І вось бяжыць конь у пене, без седака, а то сядок вісіць уніз галавой у стрэмі. Конь падае, б’ецца, з ягонага бруха вывальваюцца вантробы, ды яшчэ кішка гэтая процівагазная цягнецца. Усё навакол пашкуматана кулямётнымі чэргамі. Карацей кажучы, хуценька мы адтуль драпанулі — усе, пешыя і коннікі, — у лясок, атака захліпнулася і болей яе не паўтаралі. Танкі пайшлі далей. Потым яшчэ было нямала такога ж бязладнага і дурнога. Мы будавалі для камандуючага маршала Будзённага камандны пункт, на якім Сямён Міхайлавіч ледзьве не трапіў у палон. Адыходзілі на Стары і Новы Аскол… Недзе ўвосень, здаецца, у кастрычніку, армію вывелі пад Варонеж, яна ўжо была небаяздольная, так, адны рэшткі.
Апынуліся на станцыі Гразі, там усчалася перафарміроўка. І тут аказалася, што па тылавых законах 23 год нараджэння прызываецца, а 24 — яшчэ не. І вось нас усіх, хто быў з 24 года, сабралі разам. А трэба сказаць, што такіх набралася няшмат, бо ўкраінцы не дурні, яны далёка ад дому не адыходзілі, звычайна вярталіся. Ну, а мне куды было вяртацца? Беларусь засталася за тысячу кіламетраў, не дойдзеш. І я змушаны быў цягнуцца з усімі. Дык, значыць, сфармавалі з маіх аднагодкаў калону, выдалі па тры буханкі хлеба і, як былі, у зашмальцаваных ватоўках, пілотках выправілі ў тыл. Але зноў пад камандай падпалкоўнікаў — каб не разбегліся. Ішлі ў Саратаўскую вобласць…
А. А.: Пехатой перлі?
В. Б.: Пехатой усю дарогу.
А. А.: Нічога сабе — пехатой! А карміліся самапасам?
В. Б.: Ведама ж. Ну, сяляне часам кармілі, усё ж то быў тыл, і шмат у каго мужчыны былі на фронце, людзі спачувалі ваенным. Тым больш такім жаўтаротым, як мы. Хаця гледзячы дзе. На станцыях, дзе ўсё было абабрана, нічога нам не надаралася, а ў сёлах трохі інакш. Пакуль дайшлі да Саратаўшчыны, абнасіліся і абязножылі. Чаравікі мае сталі такія, што і парцянкі вылезлі. А тут пачаліся халады. Цёплага ж на нас не было нічога. Памятаю, нейкая цётка дала мне вязаны шалік і ўсё. Нарэшце дабрылі да станцыі Салтыкоўкі, гэта ў самым канцы 41-га года. Там нас размеркавалі па калгасах. Мы з адным хлопцам Лёшкам Арловым (дарэчы, таксама ўшацкім) трапілі ў недалёкі калгас, здаецца, імя Камінтэрна. Там мы праседзелі ў калгаснікаў амаль усю зіму 42 года.
А. А.: А што рабілі? Як калгаснікі працавалі?
В. Б.: У калгасе нічога не рабілі, бо што мы маглі рабіць босыя? Усё ж там маразы, дай Божа!