А. А.: А хто карміў?
В. Б.: Калгас выдзяляў проса па кілаграму на тыдзень. Гэтае проса трэба было абадраць на цёрцы. Атрымаць пшано. У сям’і, дзе я жыў, былі гаспадар-камбайнер, які меў бронь, гаспадыня, малая дзяўчынка і бабка. Бабуля гэтая, светлая ёй памяць, і варыла для мяне кашу. Сям’я, натуральна, харчавалася асобна.
А. А.: А ты — адным просам?
В. Б.: Не просам — пшаном. Харчаваўся пшоннаю кашай, што па тым часе зусім няблага. У нас да вайны то быў амаль далікатэс. Памятаю, у Віцебску талерачка такой кашы з чайнай лыжачкай масла зверху каштавала 60 капеек. Тут масла не было… Увогуле было галаднавата, заўсёды хацелася есці… Малады ж быў. Трудная была тая зіма, сцюдзёная, а галоўнае — даймала адзінота, адарванасць ад звыклых мясцін, ад радзімы, што апынуліся пад акупацыяй. Бывала… Нашаю з Лёшкам задачай было забяспечыць гаспадароў палівам — бадыллём сланечніку, што застаўся пад снегам у стэпе. Для таго мелася пара гаспадарскіх бурак на двух. І вось часцяком (разы два-тры на тыдні) едзеш з санкамі ў стэп, пералазіш яр і наломваеш там мёрзлага бадылля, вязеш яго ў сяло. З цяжкім возам перабрацца цераз крутыя схілы было няпроста, добра нарвеш кішкі. А як вылезеш мокры ад поту, успомніш свой роў ля роднае вёскі, паглядзіш на чырвоны марозны захад, дзе далёка-далёка засталася радзімая старонка, і ўжо не стрымаеш слёз. Тым болей, што вакол расхінуўся марозны стэп, ніхто тут цябе не бачыць, можна не саромецца. Адзінота, закінутасць, адчуванне поўнага сіроцтва — балючыя самотныя пачуцці, якіх да таго перажываць не даводзілася. Першы, але не апошні раз было тое…
А. А.: Так, цікава, цікава…
В. Б.: Не сказаць, што да нас там адносіліся кепска — як і да ўсіх. Але на нейкім часе стала нам нязмогла, і мы з Лёшкам вырашылі рушыць на захад. Беларусь была пад акупацыяй, але ж там былі партызаны. Зноў жа фронт, жахі якога памалу сталі забывацца, і захацелася туды. Аднойчы і рванулі. Ды недалёка. Наіўных уцекачоў на захад затрымалі на першым жа чыгуначным мосце, вярнулі ў раённы НКВД у Рцішчаве. Як мы выбавіліся адтуль — асобная гісторыя, можа, раскажу калі-небудзь. Не цяпер…
Дажылі там да вясны, а затым, здаецца ў красавіку, у калгас прыйшла разнарадка на моладзь — зноў у ФЗН. Вядома ж, мясцовым сваіх шкада, прызначылі нас, а нам толькі таго і трэба. І вось мы з Лёшкам зноў апынуліся у ФЗН, на гэты раз недалёка, у Аткарску… Дарэчы, нялішне зазначыць, што шмат каму з перадпрызыўнай моладзі тыя ФЗН далі часовы, але неабходны хлеб і прытулак, сталіся, так бы мовіць, прафесійнай акадэміяй, нярэдка апошняй у жыцці. Бо хутка затым — прызыў, фронт і канец усяму. Толькі і ўспамін з цывільнага жыцця — невялічкая групка равеснікаў, самотных фэзэушнікаў…
А. А.: Ну, дык паехалі далей…
В. Б.: То была чыгуначная школа, вучыўся я там на пуцейца: рамонт пуці, падбіўка шпалаў, разводка… І гэта першую палову лета 42-га года. Надта спякотнага, дарэчы, здаецца ў нас такой гарачыні не бывала. Было трудна, мазалі на далонях ад кувалды і рыдлёўкі. Затое кармілі, тое тады было важна. Ну, а ў жніўні 42-га прызыў хлопцаў 24-га года нараджэння і адразу — у запасны полк пад Тацішчавам. Тое паселішча вядома шмат каму, многія там спасцігалі вайсковую навуку, якую памятаць будуць доўга. Той полк дзейнічаў, відаць, ці не да канца вайны — рыхтаваў кадры, салдацкія і сяржанцкія — для перамогі. Праўда, мне давялося прабыць там нядоўга, на пачатку верасня мяне накіравалі ў Саратаўскае пяхотнае вучылішча. Пачаліся вучэбныя будні. Ужо там дасталося, як не даставалася нідзе і ніколі. Кожны дзень 10 гадзін заняткаў — рэдка ў класах, болей на плацы і ў полі — у спёку, дождж і мароз у нашых класічных шыняльках на «рыбіным мяху». Апроч таго абаронныя работы пад горадам — немцы ж ужо падышлі да Саратава і бамбяць яго кожную ноч. У асноўным цалялі ў камбайнавы завод, які на той час рабіў самалёты, і ў нафтаперагонныя крэкінгі. Нас на ноч кідалі на дзяжурства — ліквідоўваць пажары, як загарыцца завод, бо выпуск прадукцыі працягваўся і пад бамбёжкай. Гэта выглядала так: як толькі сцямнее, аб’яўляецца трывога. Паяўляюцца самалёты, вешаюць у небе свае САБЫ — асвятляльныя бомбы. На зямлі ад іх, бы ад сонца, а ў небе не відаць нічога. І пачынаюць сыпаць бомбы. Усё вакол хадуном ходзіць. І вось нам яшчэ трываць можна, мы сядзім у шчылінах, ну, калі загарыцца — тушым, выкочваем на двор самалёты. Хаця былі і ў нас ахвяры. Але гэта нішто ў параўнанні з тым, як даставалася нашым курсантам на крэкінгах з іх вялізнымі ёмкасцямі нафты. Там усё палыхае, не сціхаючы ні ўдзень, ні ўначы. І хлопцы гараць, няма чаго і хаваць. Цэлыя аддзяленні, узводы не вярталіся з гэтага мора агню. І так амаль да зімы. Зімой толькі тое спынілася, як немцаў акружылі пад Сталінградам. Аднойчы, зноў жа ўвосень 42-га, батальён кінулі пад Сталінград. Пешым маршам мы дайшлі да Камышына, у Камышыне нас ператрэслі, палову з кожнае роты пакінулі, а палову паслалі на падмацаванне Сталінграда. Рэшта вярнулася ў Саратаў. У тым ліку і я. А мой таварыш з Беларусі Іваноў пайшоў у Сталінград і, вядома, адразу ж загінуў там. Пасля вайны спрабаваў знайсці ягоных родзічаў. Але ж… Івановых у нас дужа многа. Пасля яшчэ было нямала выпадкаў, калі ноччу па трывозе паднімаюць роту, выстрайваюць і зачытваюць спісы тых, хто зараз жа адпраўляецца на станцыю, у маршавую роту, на фронт.