Выбрать главу

А. А.: А вучылі вас на каго?

В. Б.: На камандзіраў узводаў. Пяхотнае ж вучылішча. Пра камандзіраў я мог бы расказаць — розныя былі. Камандзірам нашай роты быў старшы лейтэнант Грыб, немалады ўжо чалавек, беларус, аднекуль з Гомельшчыны. Можа, менавіта дзякуючы яму я скончыў гэта вучылішча, дайшоў да выпуску. Неяк па-зямляцку ён мяне прытрымліваў. Можа, як земляка, якіх там было дужа няшмат, а можа, таму, што вучыўся я і вучылішча скончыў на «выдатна». Як бы цяпер сказалі, з чырвоным дыпломам. Але тады толькі павесілі маё фота на ганаровую дошку выпускнікоў… Запомніўся інтэлігентны выкладчык тапаграфіі, якому я часам маляваў карты-схемы, — Рамесцвенскі, на той час ужо інвалід вайны. Камандзірам батальёна быў маёр Анціпас, грэк. Вядома, на фронт грэкаў не пасылалі, скарыстоўвалі ў тыле, але гэта быў ладны камандзір, з традыцыямі старога царскага афіцэра. Чаго не скажаш пра цэлую плойму маладзейшых гарладзёраў, выхаванцаў Варашылава і Цімашэнкі. Ды Бог ім суддзя. Яны пасылалі на пагібель іншых, але трэба зазначыць, пасля і самі гінулі, што трохі іх выбачае…

А. А.: А ты ў якасці выкладчыка не быў там, у вучылішчы?

В. Б.: Ды не. Як жа я мог…

А. А.: Проста вучыўся, так?

В. Б.: Так. Увосень 43-га прысвоілі званне малодшага лейтэнанта і паслалі на фронт. Даволі доўга ехалі па чыгунцы, у цяплушках і прыбылі на Дняпро, на ўжо адбітыя пад той час плацдармы. Так што фарсіраваць Дняпро мне не давялося. Але і за Дняпром хапала пекла, у якое мы трапілі. Найперш няўдалае наступленне на Крывы Рог, адкуль нас турнулі немцы. Кіламетраў 60 наша пяхота і танкі адступалі на поўнач. Пасля, трохі перадыхнуўшы, завязалі баі за Александрыю і Знаменку…

А. А.: Ты ў якасці пяхотнага лейтэнанта, так?

В. Б.: Так, у якасці камандзіра стралковага ўзвода. Пачалася зіма, сцюжа, хоць і не такая, як на Волзе. Сёлы ўсе разбітыя, баі за кожны пагорак, за кожную балку… Ахвяры страшэнныя. Пяхоту выбівалі спрэс. Танкам таксама хапала, гарэлі, бы свечкі.

А. А.: А колькі пад тваім камандаваннем змянілася пехацінцаў-салдацікаў, пакуль ты камандаваў?

В. Б.: Цяжка сказаць. Але мы кожны тыдзень атрымлівалі папаўненні.

А. А.: Гэта значыць колькі чалавек?

В. Б.: Можа, чалавек 60. Ведаеш, сістэма была такая.

Скажам, удзень мы вядзем бой за сяло, а сёлы ж ва Украіне вялікія. Пад вечар выбілі, немцы пайшлі. А мы прыйшлі…

А. А.: І пабралі мужычкоў?

В. Б.: Так. Але ж мы ў сяле не спынімся, трэба ж гнаць немцаў, пакуль яны адступаюць. Хіба забяжыш, схопіш дзе кавалак хлеба, калі ён ёсць, якая цётка дасць цёплага бурака, і — зноў у поле. Зноў бой і агонь — выбухі мін, танкавыя стрэлы з абодвух бакоў. І крыкі начальства, мат-перамат асабіста і па тэлефоне. Аж пакуль немцы не спыняцца ў суседнім сяле. Тады і мы спыняемся ў полі. А ў гэты час ззаду, у занятым сяле дзейнічаюць тылавыя службы, штабы і палявыя ваенкаматы. Гэтыя збіраюць усіх, хто тут сядзеў з 41-га года. Аказваецца, такіх нават зашмат, партызанаў жа там не было, усе дома. Найперш збяруць у стэпе вінтоўкі, што засталіся каля забітыхпараненых. Забітых яшчэ не пахавалі, а іхнімі вінтоўкамі ўжо ўзбройваюць прызыўнікоў. Абмундзіроўкі няма, і яны так, у хатнім, з сідарамі за спіной ідуць ужо ў ланцуг — атакаваць суседняе сяло. Няшмат, аднак, даходзіць да таго сяла. Тады пачынаецца ўсё спачатку.

З камандзірамі тое ж самае, кадравых мала. Памятаю, у нас у роце былі толькі два афіцэры — я і камандзір роты. Тады людзей на ўзводы нават не дзялілі, не было каго. Добра, калі пісар паспее перапісаць прозвішчы, а то ідуць безыменнымі. І гінуць. Таму столькі ў нас цяпер «неизвестных солдат», «пропавших без вести». Такі быў улік. Не было ніякага ўліку. Во кулямёты ўлічвалі, гарматы, танкі. Нават снарады начальства лічыла, бо за іх адказнасць мелі. А за людзей адказваў Гасподзь Бог…