Выбрать главу

Гэтая літаратура пачала стварацца ў цяжкіх умовах вайны, трудных баёў, адступлення, у галодным і халодным абаронным тыле. Яе стваралі вопытныя і пачынаючыя літаратары, карэспандэнты франтавога друку, часам франтавікі, — людзі розных літаратурных здольнасцей, але несумненна ўзбагачаныя сваім уласным, у пакутах і крыві здабытым, ваенным вопытам, у рознай ступені трансфармаваным у літаратурныя жанры. Менавіта наяўнасць гэтага вопыту, максімальна магчымая мера праўды і сталі вызначальнай мерай вартасці новых твораў пра Вялікую вайну. I мы цяпер з упэўненасцю можам сказаць, што многае з прозы і паэзіі тых агняных гадоў вытрымала праверку часам і дастойна прадстаўляе нашу ваенную літаратуру. Некаторыя вобразы яе застануцца надоўга. Такія кнігі прозы, як «Валакаламскае шасе» А. Бека, «Чырвоная ракета» Р. Бярозкі, «Дні і ночы» К. Сіманава ўжо ў тыя гады паказалі нам вайну такой, якая яна была, нас — такімі, якімі мы жылі і змагаліся ў гэтай вайне.

Вядома, у масе сваёй гэтыя кнігі, газетныя апавяданні і нарысы праследавалі пэўныя мэты, часта цесна звязаныя з патрэбамі і задачамі пэўнага напрамку, фронту, арміі і неслі на сабе ярка выяўлены адбітак ваеннага прагматызму, што, зрэшты, і зразумела, калі мець на ўвазе ўвесь тытанічны цяжар нашай барацьбы і прымяняльна да яго зразуметую задачу літаратуры. У творах гэтага часу нярэдка адсутнічала сапраўдная глыбіня і аб’ёмнасць жыцця, мела месца псіхалагічная спрошчанасць вобразаў; пры ўсёй вернасці агульнаму звужаная прыватнасць не давала ім узняцца да традыцыйнага ўзроўню вялікай класічнай літаратуры. Але гэта былі каштоўныя дакументы часу, створаныя па гарачых слядах баёў іх непасрэднымі, хоць і непрадузятымі сведкамі. Праўда, пры ўсіх вартасцях гэтых твораў іх аўтарам усё ж прыкметна не хапала таго ўнікальнага вопыту, які здабываўся ў жорсткіх баях, акружэннях і шпітальных пакутах непасрэднымі ўдзельнікамі вайны, практычна многімі мільёнамі іх чытачоў, і гэтая непаўната аўтарскага вопыту не замарудзіла вырасці перашкодай паміж чытачамі і кнігамі пра вайну — аказалася, што чытачы ведалі пра яе трошкі больш.

Каб разбурыць гэтую сцяну адчужэння, спатрэбілася максімальнае авалоданне матэрыялам і яго найбольшае мастацкае асэнсаванне, што было магчыма толькі пры ўмове авалодання аўтарамі ўсёй паўнатой усенароднага вопыту, узброенага сумленнем і літаратурным талентам.

Першыя спробы такога роду адносяцца да пасляваенных саракавых і пачатку пяцідзесятых гадоў, калі з’явіліся кнігі тых, хто вярнуўся з палёў вайны, умудроны бяспрыкладнасцю яе крывавых чатырох гадоў, хто ў свой час не толькі не разлічваў напісаць пра яе, але і выжыць. Мастацкае асэнсаванне нядаўняга, яшчэ вельмі свежага мінулага, якое толькі што перастала быць паўсядзённым бытам, дало нам такія ваенныя шэдэўры, як «Звязда» Э. Казакевіча, «Белая бяроза» М. Бубенава, «Спадарожнікі» В. Пановай, «Ноч палкаводца» Р. Бярозкі і іншыя. Упершыню ў літаратуры пра вайну загучалі побач з іншымі і вельмі драматычныя ноты, выявіўся сапраўдны кошт чалавечага жыцця і ўся паўната пакут, што выпалі на долю народа. Аказалася, што твор пра вайну можа мець і трагічную развязку, і што задоўга да перамогі могуць загінуць усе персанажы аповесці, і што побач з мужнасцю і самаадданасцю на фронце выдатна ўжываюцца шкурніцтва, кар’ерызм і нават здрада. Гэта была аголеная праўда вайны, напісаная пасля яе заканчэння, і яна зрабіла гэтыя творы пра вайну сапраўднай літаратурнай каштоўнасцю. Але ў сілу шэрагу асаблівасцей грамадскай атмасферы таго часу, названага пазней перыядам культу асобы, гэты вельмі плённы курс у развіцці ваеннай літаратуры быў спынены (дастаткова ўспомніць крытыку «Дваіх у стэпе» Э. Казакевіча); каштоўны вопыт лепшых ваенных празаікаў быў узяты пад сумненне, аказалася, што адсутнасць такога вопыту нават ідзе на карысць там, дзе пышна квітнее кан’юнктура, дзе замест сапраўдных ваенных цяжкасцей стаў адзіна магчымым канфлікт добрага з лепшым.

На шчасце, гэты перыяд ненадоўга затармазіў развіццё нашай ваеннай прозы. XX з’езд КПСС адкрыў шырокія магчымасці для літаратуры пра вайну, і ўжо ў 1957 годзе з’явіўся новы шэдэўр ваеннай прозы — невялікая аповесць да таго часу мала каму вядомага аўтара-франтавіка Ю. Бондарава «Батальёны просяць агню», праз год — аповесць Р. Бакланава «На поўдзень ад галоўнага ўдару», а трохі пазней — яго ж славутая «Пядзя зямлі», якія адразу выклікалі гарачае захапленне адных і не менш гарачае асуджэнне другіх. Узніклі недарэчныя спрэчкі аб «акопнай праўдзе» і «маштабнасці ахопу», нібыта адно выключала другое. Справа, аднак, заключалася не ў маштабах ахопу ваенных падзей і не ў аўтарскай прыхільнасці да «выбарачнасці», а ў той маштабнасці праўды, якая з’явілася ў кнігах гэтых таленавітых аўтараў. Некаторая частка крытыкаў, выхаваная на нарматыўнай этыцы папярэдніх гадоў, проста аказалася не ў стане зразумець праўду ў такім аб’ёме, а ўсё незразумелае, як вядома, не можа быць таксама і прынята. Гэтыя крытыкі, якія ледзьве прымірыліся з нядаўняй пагібеллю жменькі разведчыкаў у Э. Казакевіча, раптам апынуліся сведкамі пагібелі двух батальёнаў — пагібелі, мэтазгоднасць якой была вельмі спрэчнай, у многім праблематычнай. На самой справе, мы перамаглі, быў разгромлены нямецкі фашызм, а не Савецкая Армія, і гэтыя абставіны нібыта рабілі абавязковым прынцып суаднесенасці вялікай гістарычнай праўды і малога факта вайны, яе канкрэтнага лакальнага эпізоду. Сапраўды, мы перамаглі, магутная ваенная машына Германіі была разбіта разам з дзяржаўнай ідэалогіяй фашызму, але ці маем мы права забываць, чаго каштавала нам гэтая наша перамога? Ці не мы страцілі на гэтай вайне больш, чым страціла на ёй усё астатняе чалавецтва разам узятае? А мы ж, верачы ў прынцыпы гуманізму і часта зусім справядліва паўтараючы, што кожны чалавек — гэта цэлы свет, мы павінны дзівіцца неймавернай агромністасці страчаных за чатыры гады чалавечых жыццяў.