Выбрать главу

Лепшыя кнігі пра вайну, створаныя ў канцы пяцідзесятых, а таксама ў шасцідзесятыя гады, ні ў якой меры не кінулі цень на нашу святую барацьбу і нашу вялікую перамогу, яны толькі ярка асвятлілі яе сонечным святлом вялікай мастацкай праўды, паказаўшы на сваіх старонках складаны мастацкі вобраз вайны, не паступіўшыся прытым ні прынцыпамі гуманізму, ні праўдай, цалкам грунтуючыся на выдатных традыцыях рускай і нацыянальнай класічнай літаратуры.

Гэта, аднак, не азначае, што ўся праўда пра апошнюю вайну нашага народа ўжо высветлена да канца, што гэта — канчаткова адпрацаваная тэма. Лічыць так, значыць, не разумець усёй несуразмернасці канкрэтнага часу вайны з яе сапраўдным гістарычным значэннем у лёсе чалавецтва. Так, вайна цягнулася няпоўныя чатыры гады, але хіба гэтыя гады можна супаставіць з якімі-небудзь гадамі ці нават дзесяцігоддзямі да ці пасля яе? Чатыры гады каласальных намаганняў народа стварылі духоўны канцэнтрат небывалага кошту, маральны сплаў нацыі, у якім знайшлі сваё найбольш поўнае ўвасабленне не толькі наша мінулае, але ў пэўным сэнсе і наша магчымая будучыня. Не парушаючы праўды гісторыі і духу таго грознага часу, лепшыя нашы мастакі працягваюць упарта распрацоўваць гэты драматычны пласт нашай гісторыі, адкрываючы на канкрэтным сацыяльным і нацыянальным матэрыяле ўсё новыя грані гэтай выдатнай тэмы. Толькі за апошнія гады савецкая літаратура ўзбагацілася выдатнымі творамі нацыянальных аўтараў: эстонца Куусберга, латыша Бірзе, літоўца Авіжуса, украінца Казачэнкі, казаха Нурпеісава і многіх іншых. Завершана і ўдастоена Ленінскай прэміі трылогія К. Сіманава, а яшчэ раней — памятная ўсім нам «Брэсцкая крэпасць» С. С. Смірнова, якая, апроч усяго, адыграла бліскучую ролю ў маральнай атмасферы краіны.

Тэма мінулай вайны заўжды была і застанецца адной з галоўных тэм беларускай літаратуры і асабліва яе прозы. Творчае выкарыстанне выдатных традыцый рускай літаратуры, а таксама пэўныя ваенна-гістарычныя ўмовы вайны далі магчымасць беларускім аўтарам ужо ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі стварыць такія складаныя і шматпланавыя творы пра вайну, як «Векапомныя дні» аднаго з нашых самых любімых і паважаных майстроў прозы, народнага пісьменніка рэспублікі Міхася Лынькова, або «Мінскі напрамак» тады яшчэ маладога Івана Мележа, або «Глыбокая плынь» толькі яшчэ пачынаючага, а цяпер шырока вядомага Івана Шамякіна. У наступныя гады ваенная тэма знайшла сваё далейшае паглыбленае развіццё на старонках аповесцей і раманаў Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Карпава, Аляксея Кулакоўскага, Аляксея Карпюка, дакументальнай прозы Івана Новікава. Нягледзячы на тое, што многае з ваеннай тэмы было грунтоўна адпрацавана пералічанымі вышэй і многімі іншымі, не названымі тут аўтарамі, тым не менш яна дасюль не сыходзіць са старонак перыёдыкі і працягвае радаваць новымі адкрыццямі болей маладых: Івана Чыгрынава, Івана Пташнікава, Барыса Сачанкі, а таксама рускіх празаікаў рэспублікі — Мікалая Аляксеева, Мікалая Кругавых, Валянціна Тараса. Зразумела, гэта — розныя па свайму таленту аўтары, якія напісалі розныя па літаратурных вартасцях кнігі аб розных чалавечых лёсах, але ўсім ім уласціва галоўная якасць — вернасць праўдзе вялікай вайны, якая з’явілася крывавым выпрабаваннем у жыцці народа і ўсяго чалавецтва.