Выбрать главу

Вайна шматаблічная, подзвіг чалавека на ёй мнагастайны, гэта вядома кожнаму. Было б дзіўна таму зводзіць літаратуру пра яе да нейкай няхай сабе і някепскай аднастайнасці, заўжды згубнай для ўсякага мастацтва. Як немагчыма ўніфікаваць вопыт усіх удзельнікаў гэтай чатырохгадовай драмы, гэтак жа немагчыма дабіцца, каб усе аўтары пісалі аб адным і тым жа і аднолькава па мове і стылю. Разнастайнасць вопыту натуральна вызначае разнастайнасць тэм і зместу, неаднолькавасць таленту — ступень глыбіні адлюстравання характараў і падзей. Усведамленне гэтай элементарнай ісціны здымае ўсю вастрыню колішніх спрэчак аб «акопнай праўдзе» і «маштабнасці ахопу». Юрый Бондараў, адзін з самых таленавітых аўтараў ваеннай тэмы, які ў свой час выцерпеў нямала папрокаў у «вузкасці погляду», абмежаванага сектарам абстрэлу супрацьтанкавай гарматы, стварыў пасля свой славуты «Гарачы снег», даказаўшы тым самым беспадстаўнасць нашумелага супрацьпастаўлення аднаго другому. Рыгор Бакланаў пасля звужанай паводле ахопу «Пядзі зямлі» напісаў «Ліпень 41 года», падзеі якога разгортваюцца ў шырокай паласе абароны стралковага корпуса. Трылогія К. Сіманава — шырокае эпічнае палатно пра вайну, стварэнне якога было пад сілу толькі гэтаму майстру з яго іншым, чым у папярэдніх аўтараў, франтавым вопытам. Але вось той жа Сіманаў нядаўна апублікаваў «Ваенны дзённік пісьменніка» — вельмі прыватны і вузкі па падзеях, якія адлюстроўваюцца, аднак жа, не меней цікава і значна, чым у яго эпапеі.

Усё лепшае, што створана літаратурай — толькі частка аграмаднага цэлага, імя якому — вайна. На маю думку, цяпер ужо стала бясспрэчнай тая простая ісціна, што стварыць сучасную «Вайну і мір» не дадзена нікому нават з самых таленавітых майстроў мастацкага слова, што тэма нашай Вялікай вайны настолькі складаная і грандыёзная, што агульная яе карціна можа быць створана толькі калектыўнымі намаганнямі ўсёй нашай шматнацыянальнай літаратуры.

I гэтая карціна ствараецца хоць, можа быць, і не так гладка, як нам хацелася б. Больш ці менш паспяховыя намаганні ветэранаў, пісьменнікаў з вопытам суправаджаюцца спробамі маладых, тых, што перайшлі вайну ў раннім дзяцінстве — у іх таксама ёсць свая, няхай не такая, як у франтавікоў або партызан, але памятная і значная для іх вайна, аб якой яны маюць сваё мастакоўскае права расказаць чалавецтву.

Мне думаецца, што тэма мінулай вайны невычэрпная. У будучым, відаць, таксама як і ў мінулым, на шляхах ваеннай літаратуры будуць свае ўздымы і свае несумненныя спады, цікавасць да яе не можа быць раўнамернай па часе. Несумненна, многае з адпрацаванага або неактуальнага ў новых гістарычных умовах назаўжды застанецца ў мінулым. Але з’явіцца і нешта новае. Калі адважыцца на некаторае прагназаванне, дык здаецца, што самым плённым напрамкам будзе новае паглыбленне пісьменніцкай увагі да псіхалогіі, лёсу чалавека і асобы ва ўмовах каласальнага канфлікту магутных і ўзаемавыключных сістэм і светапоглядаў, а таксама спрадвечная праблема выбару. Гэтыя сітуацыі, заўжды надзвычай важныя для разумення прыроды чалавека, аднолькава важныя і для прынцыпаў гуманізму, безумоўная каштоўнасць якога для мінулага яшчэ доўга будзе заставацца нязменнай для будучыні. Можа быць, мастацтва будучага адкрые ў нашай вайне нейкія новыя магчымасці і новыя сродкі іх адлюстравання. Але пры ўсім тым трэба вельмі добра памятаць, чым была вайна для тых, хто на ёй ваяваў, бо, як вельмі дакладна сказаў у адным са сваіх выступленняў Канстанцін Сіманаў: «Якімі б ні былі высокімі нашы намеры, вайна усё роўна заставалася для нас чалавечай трагедыяй ад свайго першага і да свайго апошняга дня, і ў дні паражэнняў, і ў дні перамог. I калі забыць аб гэтым, дык праўды пра вайну не напішаш».

А для нас жа быць не можа болей важнага клопату і больш значнай задачы, чым адлюстраванне гэтай праўды.

Праўды вайны, у якой гэтак пераканаўча ўвасобілася праўда нашага часу.

[1975]

Сорак трэці

Ён пачаўся для нас у шчаслівай атмасферы сталінградскай перамогі. Здавалася, самае цяжкае ўжо ззаду, і, хоць яшчэ не прайшло і паловы гэтай вялікай вайны, савецкія людзі з надзеяй і спадзяваннем уступілі ў год сорак трэці. Пасля ўсяго перажытага ў цяжкую папярэднюю восень стала яшчэ больш адчувальнаю наша сіла і наша здольнасць канчаткова разграміць ворага. Цяпер размова ішла толькі аб тэрмінах. Але, верылі многія, сорак трэці прынясе, нарэшце, адкрыццё другога фронту, і аб’яднанымі намаганнямі антыгітлераўскай кааліцыі фашысцкая Германія будзе хутка разгромлена.