Выбрать главу

Аднак, як паказалі падзеі, адкрыццё другога фронту паранейшаму адкладвалася, і, як раней, нам трэба было спадзявацца на свае ўласныя сілы.

Тым не менш ваенны поспех рашуча схіліўся ў наш бок. 10 студзеня войскі Данскога фронту ўзяліся дабіваць рэшткі акружанай арміі Паўлюса, ваўсю развівалася наступленне на Паўночным Каўказе і ў раёне Варонежа. У сярэдзіне студзеня была прарвана шматмесячная блакада горада Ленінграда.

Цяпер Чырвоная Армія ішла ў бой ужо з традыцыйнымі воінскімі пагонамі — сведчаннем высокай ацэнкі Радзімай гераізму, воінскага майстэрства і воінскага гонару яе байцоў і камандзіраў.

Надышоў год, аб якім марылі, які прынёс цвёрдую ўпэўненасць у нашай усебаковай перавазе. I хоць усе ведалі, што вайна патрабуе яшчэ многа ахвяр, на салдацкай душы стала святлей. Канешне, фізічная смерць адназначная, паміраць заўжды страшна, але цяпер смерць ужо не здавалася такой брыдкай, таму што намнога бліжэй і рэальней стала мэта ўсіх нашых намаганняў — выгнанне акупантаў, канчатковы разгром фашызму. Савецкі салдат цвёрда пераканаўся ў сваёй ратнай сіле, якой ён мог памерацца з сілай адборных фашысцкіх войск і — перамагчы.

Зрэшты, перамагаць па-ранейшаму было нялёгка. Падзеі на франтах неўзабаве пацвердзілі ўсю важнасць той ісціны, што і цяпер, калі ясна абазначылася наша ваенная перавага, трэба клапатліва і ўсебакова рыхтаваць кожную аперацыю, без чаго немагчыма разлічваць на поспех.

Нямала пабіты вораг усё яшчэ меў каласальную ваенную сілу, сіла яго танкавых армій была па-ранейшаму вялікая.

Хоць задуманае Гітлерам як «рэванш за Сталінград» фашысцкае контрнаступленне ў лютым — сакавіку 1943 года пад Харкавам і Белгарадам і не дасягнула сваёй мэты, яно дало нагляднае ўяўленне аб тым, на што яшчэ здольны фашызм. Трэба сказаць, што гэты ўрок быў улічаны поўнасцю.

На працягу вясны Савецкае Вярхоўнае Галоўнакамандаванне вяло ўсебаковую падрыхтоўку да наступных аперацый, назапашвала рэзервы. У святле летніх падзей, якія затым разгарнуліся, стала відаць уся празарлівасць гэтай работы: наперадзе спела адна з самых грандыёзных бітваў Другой сусветнай вайны, якая патрабавала максімальнай вытрымкі, арганізаванасці, вялікіх матэрыяльных рэсурсаў. Наперадзе была Курская бітва.

Гітлераўскае камандаванне старанна рыхтавала гэтую аперацыю «Цытадэль», імкнучыся ўвесь ход вайны павярнуць на сваю карысць. Менавіта да Курскага выступу былі тайна падцягнуты галоўныя танкавыя сілы вермахта, шчодра аснашчаныя цяжкімі танкамі «пантэра» і «тыгр» з нябачанай дагэтуль бранёй і магутнымі буйнакалібернымі гарматамі. Да ліпеня сорак трэцяга года тут фашыстамі было сканцэнтравана больш дзвюх тысяч танкаў. З такой сілай Гітлер разлічваў разграміць нашы войскі на Курскім выступе і абысці Маскву з усходу.

Увесь ліпень сорак трэцяга года ўвага свету была прыкавана да палітых крывёю і мазутам курскіх палёў. 12 ліпеня пад Прохараўкай адбылася славутая, для нас перамаганосная бітва, калі войскі 5-й гвардзейскай танкавай арміі сустрэліся з двума танкавымі карпусамі фашыстаў. Больш за паўтары тысячы танкаў і самаходных гармат сутыкнуліся тут у сустрэчным баі. Свет яшчэ не бачыў падобнай з’явы — дзве гіганцкія лавіны танкаў сталёвым морам запоўнілі стэпавы прастор.

У бітве на Курскай дузе мы не толькі выстаялі. Такое было і раней. Тут, своечасова падрыхтаваўшыся да таго, каб адбіць варожае наступленне, ведучы цяжкія і небяспечныя баі, ні на імгненне не губляючы кантролю над ходам падзей, мы на выбраных намі рубяжах перамалолі фашысцкую ўдарную сілу і ў загадзя прадугледжаны тэрмін нанеслі ўдары ў адказ. Гэта быў трыумф вытрымкі, майстэрства і сілы Чырвонай Арміі, яе кіраўніцтва.

Ход грандыёзнай бітвы засведчыў перавагу савецкай пяхоты, артылерыі, і асабліва танкавых войск і авіяцыі.

I ўсё ж сказаць толькі аб войсках — мала. Бітва была выйграна дзякуючы намаганням усяго савецкага народа, пачынаючы ад байцоў перадавой аховы дзесьці пад Белгарадам і канчаючы падлеткам-вучнем на якім-небудзь абаронным заводзе ў Сібіры. Вялікую перамогу пад Курскам кавалі ўсе супольна: і тыя, аб гераізм якіх разбілася браніраваная сіла вермахта, і тыя, хто ў глыбокім тыле ствараў усё неабходнае для нашай перамогі.

Быў загадзя створаны і ў патрэбны момант уведзены ў схватку рэзервавы Стэпавы фронт. Пачалося шырокае наступленне чатырох франтоў. У сярэдзіне верасня нашы войскі падышлі да сур’ёзнейшай перашкоды — сівога Дняпра.