Выбрать главу

Гітлераўскае камандаванне пасля страты левабярэжнай Украіны мела намер стабілізаваць фронт менавіта тут, па лініі «Усходняга валу». Важна было не даць варожым аб’яднанням зачапіцца за Днепр, збіць фашыстаў з перадмаставых умацаванняў і фарсіраваць раку.

Ужо два з лішкам гады палала на нашай зямлі вайна. Мы ўжо былі сведкамі многіх подзвігаў салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. I ўсё ж той парыў, тая масавая самаадданасць нашых войск, якія мелі месца восенню сорак трэцяга пры фарсіраванні Дняпра, зноў узрушылі сэрцы. Перадавыя падраздзяленні пяхоты і артылерыі, не чакаючы падыходу сапёрных часцей і навядзення табельных перапраў, выкарыстоўваючы падручныя сродкі — бёрны, дошкі, дрэва, а то і проста набітыя саломай палаткі, пад ураганным агнём ворага перапраўляліся на правы бераг. Многія са смельчакоў так і не дасягнулі жаданага берага, знайшлі сваю смерць у халоднай дняпроўскай вадзе, а на тых, хто яго дасягнуў, абрынуліся бязлітасныя атакі праціўніка. Імклівасць, баявое майстэрства воінаў першага кідка забяспечылі нашым часцям так неабходныя ім плацдармы, куды неадкладна былі перапраўлены галоўныя сілы армій. У жорсткіх баях 6 лістапада сорак трэцяга года Радзіме была вернута сталіца Украіны — Кіеў.

Фарсіраванне Дняпра на ўсім яго працягу — бліскучая старонка ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, старонка доблесці і геройства нашай арміі. Звыш 2400 самых адважных воінаў былі ўдастоены за гэту аперацыю звання Герояў Савецкага Саюза, многія тысячы ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

З другой паловы лета сорак трэцяга ўвесь аграмаднейшы двухтысячакіламетровы савецка-германскі фронт нястрымна пакаціўся на захад. Вялося наступленне на поўдні. Сумеснымі намаганнямі часцей Чырвонай Арміі і караблёў ВаеннаМарскога флоту ў верасні вызвалены Новарасійск і зноў высаджаны дэсант у Керчы… Зламана абарона ворага на рацэ Міўс і знішчана «блакітная лінія» на Тамані. Чырвоная Армія пачала вызваленне ўсходніх раёнаў Беларусі.

Небывалы размах набыў партызанскі рух. Партызанскія аб’яднанні, што дзейнічалі ў варожым тыле, кантралявалі вялізныя тэрыторыі. Галоўнымі задачамі партызан у той час сталі зрыў чыгуначных перавозак і дэзарганізацыя сувязі і шляхоў зносін у тыле фашысцкіх войск. У жніўні сорак трэцяга года пачалася скаардынаваная Цэнтральным штабам партызанскага руху славутая рэйкавая вайна, у якой прынялі ўдзел партызаны Украіны, Беларусі, Ленінградскай, Калінінскай, Смаленскай, Арлоўскай абласцей. За час гэтай аперацыі, да сярэдзіны верасня, было зроблена 215 тысяч падрываў чыгуначных шляхоў. Потым на чыгуначных магістралях была праведзена яшчэ адна такая аперацыя.

Савецкі тыл працягваў нарошчваць свае намаганні. Ва ўсю сваю гіганцкую моц працавалі на вайну індустрыяльныя цэнтры Урала і Сібіры. Не было дня, каб савецкі друк побач з інфармацыяй аб подзвігах на франтах не паведамляў аб працоўных перамогах у тыле. У гісторыі вайны засведчаны працоўны подзвіг шахцёраў Ісфарынскіх капальняў, якія ў азнаменаванне вызвалення Харкава да 23 жніўня сорак трэцяга года выканалі гадавы план здабычы вугалю.

Рашаючыя перамогі сорак трэцяга года мелі вялікае міжнароднае значэнне.

Перамога пад Курскам сарвала ажыццяўленне адной з новых агрэсіўных аперацый Гітлера, якая прадугледжвала захоп нейтральнай Швецыі. Яна засталася вольнай, і ў гэтым заслуга тых савецкіх байцоў, жывых і забітых, што разграмілі фашыстаў на Курскай дузе.

Сорак трэці год назаўсёды пахаваў надзеі фашызму на перамогу вермахта. Чырвоная Армія, здабыўшы каласальную сілу ў жорсткай барацьбе, стала самай магутнай ваеннай сілай свету. Плячом да пляча з ёю станавіліся аб’яднанні і часці народна-вызваленчых армій акупіраваных фашыстамі краін. У цяжкі момант зімовай кампаніі 1942–1943 гадоў у наваколлі вёскі Сокалава ўступіў у бой з гітлераўцамі сфарміраваны на тэрыторыі СССР чэхаславацкі батальён пад камандаваннем палкоўніка Л. Свобады. Пад вёскай Леніна на беларускай зямлі прыняла баявое хрышчэнне польская дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі. У першых жа баях салдаты і афіцэры дывізіі праявілі высокі гераізм. Трое самых адважных з іх сталі Героямі Савецкага Саюза.

Да канца сорак трэцяга года Чырвоная Армія ў кровапралітных баях па ўсім фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора вызваліла ад захопнікаў вялізныя тэрыторыі Радзімы і выйшла на лінію Нарва — Пскоў—Віцебск — Мазыр— Фастаў—Знаменка — Запарожжа — Херсон.

Савецкі народ і яго армію чакалі новыя цяжкія баі і новыя перамогі.

[1975]

Наша трывожная памяць

У дні, калі ўсенародна адзначаецца дзень нашай перамогі, мы, былыя франтавікі, ні на хвіліну не маем права забыцца пра тых, хто цяпер мог быць з намі, але каго даўно ўжо няма на зямлі. Болей за трыццаць гадоў назад яны ў апошні раз упалі на траву і засталіся ляжаць там. Жывучы толькі ў нашай салдацкай памяці.