Выбрать главу

Звычайна немцы не любілі бліжняга, як ён называецца, бою і нішчылі агнём здаля. Наконт агню яны былі майстры, нічога не скажаш. Гэта ў нас вучылі салдатаў з іхніх састарэлых «драгунак», якімі мы дужа ганарыліся, рабіць 6–8 стрэлаў у хвіліну, што было абсалютным глупствам. Немцы сеялі з аўтаматаў, колькі маглі, а іхні кулямёт МГ-42 рабіў 1000 стрэлаў у хвіліну. Іхнія мінамётчыкі ўмудраліся навешваць па 12 мінаў у паветра. Гэта значыць, першая яшчэ не ўзарвалася, а ўжо вылецела дванаццатая. Натуральна, што ў такім шквале агню доўга не выжывеш. Праз дзень-другі або ў земаддзел, або ў здраўаддзел, як жартавалі салдаты. У нас з агнём было куды горш. Славутыя «кацюшы» ўжывалі рэдка, для транспарціроўкі іхняга боезапаса патрэбны былі дзясяткі аўтамабіляў, а гаручага заўжды не хапала. Таму пяхоту падтрымлівала толькі малакаліберная артылерыя — саракапяткі ды 76-міліметровыя гарматы на коннай цязе. Але коні на полі бою жылі меней, чым жылі салдаты.

Аднойчы, пад новы год, я зрабіў першую спробу асвоіць артылерыю. На полі бою каля сцірты саломы наткнуўся на кінутую саракапятку. Перад тым тут стралялі танкі, і гэтыя артылерысты ці, можа, уцяклі, ці іх пабіла — за сціртай ляжала некалькі трупаў. А снарады былі — некалькі скрынак. Як страляць з такога роду гармат, нас у вучылішчы трохі вучылі. І я паспрабаваў. Не па танках — па пяхоце у недалёкім сяле. Расстраляў усе снарады, мой салдацік мне памагаў. Шкада, гармату мы не маглі ўзяць з сабой, пакінулі ля сцірты.

Пасля невялікага перадыху пачалася Кіраваградская аперацыя, за якую маршал Конеў атрымаў ордэн Леніна, як ён пісаў, палемізуючы з аўтарам «Мёртвым не баліць». На ягоную думку і думку Сталіна, то была вельмі паспяховая аперацыя. Можа быць, з гледзішча Крамля так яно і было. Але было іншае гледзішча — салдата з заснежанага поля, залітага крывёй і здратаванага гусеніцамі танкаў, на якім быў амаль цалкам разгромлены наш полк, загінуў камандзір маёй роты лейтэнант Міргарад, камандзір батальёна капітан Смірноў, камандзір палка маёр Казар’ян, дзясяткі салдат ды іншых афіцэраў. Пачалося ўсё, як нашу дывізію ўвялі ў прарыў. Наступалі мы ў асноўным ноччу. Дзень звычайна вялі агнявы бой, а ноччу калонай — у стэп, лезлі як мага ўглыб, дзе можна пралезці. Дзе пускаюць немцы. Спаць няма ніякай магчымасці, нельга ніводнай гадзіны. Гэта таксама феномен, вынаходства савецкай ваеннай навукі — прымусіць салдатаў абыходзіцца без сну, думаецца, ні ў адной арміі так не ўмеюць. І вось ідзём сонныя па стэпе, заснежанай дарогай, шмат хто спіць на хаду, спатыкаецца, падае. Тады іншыя лаюцца. Аднойчы, памятаю, я ледзьве не зайшоў да немцаў.

А. А.: Сонны?

В. Б.: Ішлі, ішлі, і я выключыўся.

А. А.: Я ведаю. Хадзіў таксама.

В. Б.: Дарога замеценая, але снег не глыбокі. І вось бачу вакол сябе лета, нейкія дрэвы, быццам алея. А наперадзе сцяна, бы замак, і ў ёй вароты чорныя. Трохі трывожна, але я туды іду, у гэтыя вароты. І раптам чую: Куды прэш? Лажысь! Я прачынаюся. Побач ля дарогі ляжаць нашыя разведчыкі, а наперадзе пасадка, тонкія дрэўцы. Аказваецца, там немцы, і яны ўжо пачалі джгаць трасіруючымі ў наш бок. А я…

А. А.: А ты ідзеш і не чуеш?

В. Б.: Я выйшаў з калоны і іду сабе па дарозе. Калі б не гэтыя разведчыкі, дык і зайшоў бы ў іхнія рукі. А тады сказалі б: перайшоў да немцаў.

А. А.: А колькі ты, сонны, адышоў ад сваіх?

В. Б.: Ну, адышоў недалёка. Можа, метраў дзвесце.

А. А.: І так тупаў гэтыя дзвесце метраў?

В. Б.: Звычайна наперадзе камандзіры і разведчыкі. Гэтым разам яны, відаць, згледзелі небяспеку і пачалі разгортванне.

А. А.: А ты па дарозе шпарыш?

В. Б.: А я пайшоў, як ішоў — па дарозе.

Потым зноў ішлі паначы, помню — шэрань, мароз. Зноў розныя прыгоды былі. Начальнік штаба палка завёў нас не туды, спыніліся Пачалі арыентавацца. А паспрабуй ноччу ў стэпе зарыентавацца па карце. Вакол паўзмрок, ніводнага арыенціра, толькі няўбраная кукуруза ды сланечнік шархацяць на ветры. Стаялі, стаялі, раптам на «вілісе» даганяе генерал, не ведаю, можа, камандзір дывізіі, сарваў з капітана пагоны, давай біць яго. Але пакуль тое адбывалася, мы хоць трохі драманулі на снезе. Пасля зноў пайшлі. Пад ранак выйшлі да сяла пад гарой, аказалася то Вялікая Севярынка — сяло, якое стала брутальным знакам у маім лёсе. Там каля крайніх хат нейкія ямы, з якіх, відаць улетку бралі пясок, і мой узвод адразу ў іх зашыўся. Як развіднела, здаля ўбачылі будынкі ды трубы вялікага горада Кіраваграда. Але, пэўна, згледзелі нас і немцы.