М. Яроменка на працягу раду гадоў быў сакратаром партарганізацыі тэатра. Ён заўсёды вядзе вялікую грамадскую работу. Яго, актыўнага члена мастацкага савета тэатра, пастаянна хвалявалі і хвалююць праблемы рэпертуару, рэжысуры, выхавання маладой тэатральнай змены. Ён шчодры на параду, заўсёды гатовы падзяліцца вопытам.
Цяпер М. Яроменка — адзін з папулярнейшых беларускіх кінаакцёраў. Гэту славу стварыла яму перш за ўсё роля Паўлава ў фільме С. Герасімава «Людзі і звяры». Праўдзівы вобраз, створаны М. Яроменкам, усхваляваў сэрцы гледачоў. Акцёр стварае яркія вобразы ў многіх іншых фільмах. Ён іграе Русакова ў фільме «Масква — Генуя», Івана Макаравіча у «Пагоні», Бутрова з «Прарабскага ўчастка», бальшавіка Ваўліна ў «Крушэнні імперыі», бацьку ў «Іване Макаравічу» і рэвалюцыянера ў «Вечным клічы»…
За 28 гадоў работы Мікалай Яроменка сыграў каля 90 роляў у тэатры і больш за 30 — у кіно. Але як на сцэне, так і ў кіно работу артыста заўсёды вызначае самабытнасць, свой уласны почырк. Акцёрскаму таленту М. Яроменкі ўласціва імкненне ствараць цэласныя натуры, чые жыццё падпарадкавана адной мэце, адным пачуццям.
[1976]
Два апавяданні
Віктар Астаф’еў — адзін з самых таленавітых празаікаў Расіі, прадстаўнік пакалення, у юнацтве абпаленага вайной, былы радавы-сувязіст, цяжка паранены на фронце. Перш чым узяцца за літаратуру, Астаф’еў перабраў шэраг прафесій — ад грузчыка да журналіста, спазнаў усю нялёгкую слодыч фізічнай працы. Ужо яго першыя апавяданні вызначаліся глыбінным веданнем жыцця, тонкай назіральнасцю і разуменнем псіхалогіі маладога чалавека, нядаўняга франтавіка. Аповесць пра вайну «Зоркапад» прынесла яму ўсесаюзную вядомасць, неўзабаве падмацаваную новымі аповесцямі «Кража», «Пастух і пастушка», «Апошні паклон».
Амаль ва ўсіх творах В. Астаф’ева жыве непатольная любоў да прыроды Поўначы і роднага пісьменніку Урала. Застаючыся выдатным рэалістам, Астаф’еў у многіх сваіх творах узнімаецца да высокага асэнсавання тэмы мінулай вайны, прыроды, жыцця чалавека.
[1976]
[Адказы на пытанні ўдзельнікаў літаратурнага семінара ў Доме творчасці пісьменнікаў у Каралішчавічах]
— Гадоў дваццаць назад я таксама быў на такім семінары. Толькі, здаецца, нас тады было менш. Самае галоўнае, чым мне запомніўся той семінар, гэта — разгляд твораў. Пачынаючыя пісьменнікі яшчэ не навучыліся хітраваць і праўду кажуць не тоячыся.
Ці хто прывёз з вас і аповесць?.. Адну? Ну і добра, што не многа. Бадай, лепш пачынаць з апавяданняў. Сёй-той з маладых, асабліва калі ён атрымаў адукацыю і мае некаторы жыццёвы вопыт, лічыць, што трэба адразу пісаць раман. Увогуле гэта натуральнае адчуванне, і чалавеку здаецца — каб стварыць раман, трэба паўней расказаць пра сваё жыццё, уклаўшы яго як найменей у тры-чатыры тамы. Я ведаў аднаго такога чалавека, які звёў амаль пятнаццаць гадоў на шматтомны раман — і нічога не атрымалася. I ён ездзіў па Савецкім Саюзе, прасіў дапамогі і не верыў у няўдачу. Праўда, нядаўна ён прыслаў пісьмо, піша, што раман будзе перарабляць у аповесць.
Таму я хачу паўтарыць — лепш пачынайце з апавядання. А тады бярыцеся за аповесць або раман. А можа, хто так і застанецца апавядальнікам. Лічу, што па шэрагу прычын самы ёмісты і чытабельны жанр — аповесць. Некалі і Твардоўскі прызнаваўся, што з празаічных жанраў яму больш да душы невялікая аповесць.
Раман і аповесць стаяць вельмі блізка, розніца паміж імі невялікая. Жанравае адрозненне?.. Канечне, яно не бясспрэчнае. Але, па-мойму, галоўнае ў іншым. Раман абавязвае да больш шырокага паказу праўды часу. Аповесць жа мае права даць нейкую частачку гэтай праўды. Ёсць і іншыя цікавыя жанры, бываюць змешаныя, але тым не менш значныя творы. Узяць тое ж эсэ. Зрэшты, жанравая прыналежнасць, чысціня жанру — не самая важная праблема. Абы твор быў значны па зместу і з цікавасцю ўспрымаўся чытачом.
Адносна цікавасці. Калі глядзіце сумную, незаймальную кінакарціну і вам не цікава, — лічыце, яна няўдалая. У прозе ўсё больш складана. Твор можа быць значны, а чытацца без асаблівай займальнасці. Можа быць наадварот: за знешняй займальнасцю хаваецца банальнасць характараў і сітуацый — я такі твор да канца не чытаю. Але з цікавасцю чытаю твор, у якім ёсць нешта большае, чым займальнасць — унутраная займальнасць, драматызм думкі! Вядома, гэта мае суб’ектыўныя адносіны, у іншых пісьменнікаў і чытачоў успрыманне можа быць іншае.