— З пісьменнікаў на ваенную тэму каго Вы асабліва высока цэніце?
— Літаратура — не спорт, дзе можна паставіць людзей на старт, і секундамер з вычарпальнай катэгарычнасцю вызначыць канкрэтнае месца кожнага на прыступцы п’едэстала. Літаратура ўвесь час у руху. Канечне, ваенная літаратура мне бліжэй за іншыя, і яе выдатны ўзлёт у канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў звязаны для мяне перш за ўсё з імёнамі Рыгора Бакланава і Юрыя Бондарава. Праўда, пасля яны адыходзілі ад ваеннай тэмы і пісалі не толькі пра вайну: адзін стварыў «Сяброў», раман пра мірнае жыццё, другі — «Бераг», дзе мірны і ваенны час перапляліся. З твораў апошніх год я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на раман Сяргея Круціліна «Акружэнне», надрукаваны ў «Нашем современнике», дзеянне якога адбываецца на Волхаўскім фронце. Аўтар добра расказаў пра палкі і дывізіі адной нашай арміі, што трапілі ў акружэнне. У беларускай літаратуры я мог бы назваць новы раман Івана Чыгрынава «Апраўданне крыві» — там вельмі шмат каларытных вобразаў дзядзькоў, жанчын, жывапісна ўзноўленых канкрэтных бытавых сцэн. У Паўла Місько з’явіўся цікавы раман «Мора Герадота». Вялікую і заслужаную вядомасць набыла кніга Адамовіча, Брыля, Калесніка «Я з вогненнай вёскі…» — хоць яна і створана па законах іншага жанру.
— Як вы ставіцеся да Юрыя Трыфанава? Нягледзячы на тое, што ў аснову яго кніг пакладзены іншы матэрыял, здаецца, што ў вас ёсць многа агульнага.
— Адношуся добра. Гэта цікавы празаік. Высока цаню яго бытавыя аповесці, асабліва апошнюю «Дом на набярэжнай», поўную драматызму і сацыяльнай праблематыкі. Можа, і ёсць штосьці агульнае паміж намі, але я пра гэта не думаў.
— Ваш лепшы твор?
— Якая патрэба даваць ацэнку сваім творам? Пра гэта паклапоцяцца чытачы. Аднойчы ў Маскве на сустрэчы зайшла такая ж гаворка. Я, вядома, запярэчыў дзяўчынцы, якая назвала самым лепшым маім творам «Альпійскую баладу», і ніколькі не пераканаў яе, толькі пакрыўдзіў. Што зробіш — яна так лічыць.
— Можа, трэба было спытаць — які даражэйшы?
— Даражэйшы?.. Кажуць: яшчэ не напісаны.
— Як нараджаецца задума твора?
— Задуму нараджаюць успаміны, думкі, жыццё. Усё гэта варыцца ў свядомасці на марудным такім агеньчыку, і час ад часу нешта ўсплывае. Тады крышталізуецца задума. У маіх творах нямала ўласнага вопыту, тым не менш амаль ніводзін не напісаны толькі па ўспамінах. Я лічу, што аднаго толькі аўтарскага вопыту недастаткова для стварэння мастацкага твора. Хоць ёсць, безумоўна, раманы, аповесці толькі аб перажытым аўтарам, але часта ў іх відзён знак жыццёвай адназначнасці. Чытаючы іх, верыш кожнаму слову, верыш, што так і было, але ўсё гэта надта прыватнае, звужана, і чытач не можа ўспрыняць як сваё: недастаткова тыпізавана. Аднак не трэба кідацца і ў другую крайнасць: празмерная тыпізацыя можа быць узведзена да такой ступені, што атрымаецца агульнае месца — публіцыстыка.
— Раскажыце, калі ласка, аб прататыпах сваіх герояў.
— Было б лягчэй, каб вы назвалі канкрэтны твор. Безумоўна, у творчасці не абысціся без прататыпа. Але гэта не значыць, што нейкі канкрэтны чалавек пераносіцца цалкам у кнігу, а ў другой — персанаж поўнасцю выдуманы. Часцей адбываецца сінтэз. Часам канкрэтны прататып недзе адыходзіць ад сябе, і адбываецца нараджэнне новага вобраза. Бывае, што аўтар стварае вобраз, а пазней ужо прыгадваецца жыццёвы прататып, які ў працэсе работы ўсяляецца ў вобраз.
— Вы пачалі пісаць у вайну ці пасля? Што дало штуршок?
— У час вайны думалася пра тое, як бы дажыць да вечара.
Адразу пасля вайны я напісаў некалькі апавяданняў, але працягваў служыць у арміі, а там, як вядома, літаратура — далёка не галоўная справа. Пачаў з сатыры. Першую кніжачку выдаў у бібліятэцы часопіса «Вожык». Пісаў таксама на маладзёжныя тэмы. Пасля знайшоў сваю тэму, з якой не разлучаюся. Падказалі пісьменнікі. Памятаю, паслаў у газету «Літаратура і мастацтва» два апавяданні. Раман Сабаленка адно надрукаваў, а пра другое сказаў — так не пішы. Былі і другія парады, што дапамаглі знайсці свой шлях.
— Вы адразу празаікам сталі? Ці з вершаў пачыналі, як амаль усе празаікі?
— Я позна пачынаў, таму адразу ўзяўся за прозу. Хоць у школе спрабаваў пісаць і вершы.
— Як Вы плануеце свой рабочы дзень? Колькі часу працуеце як пісьменнік?
— Я вас разумею. У наш час многія цікавяцца не толькі і не столькі творамі, колькі тэхналогіяй пісьменніцкай працы. Твор — на віду, а псіхалогія творчасці — там недзе, не даступная чытацкаму воку. У мяне няма ніякай тэхналогіі. Можа, трэба было б стварыць нейкую легенду. Але навошта? Пішу тады, калі ёсць што сказаць. Бо калі не прыходзіць нічога ў галаву, то дарэмная справа праседжваць гадзіны за сталом. Пушкін, напрыклад, у такія хвіліны лукавіў з музай, малюючы на палях чорцікаў. А калі ёсць што сказаць, то праца можа захапіць і ўранку, і ўвечары, і дома, і ў дарозе, у гасцініцы і на рыбалцы, і не заўважыш, як прабягуць некалькі гадзін. Адзіная патрэба ў гэты час — цішыня. Часта яе не хапае.