Выбрать главу

Нам весці агонь было далёка, а немцы з цяжкіх мінамётаў пачалі шпурляць па сяле, не давалі нікому высунуцца ў поле.

У нас страт не было, а там, ззаду, некаторых пабіла, у тым ліку і афіцэраў з нашага палка. Увечары, як пацямнела, мінамётны агонь спыніўся, і камандзір батальёна капітан Смірноў загадаў выстройвацца ў паходную калону, павёў яе кудысьці ў стэп.

Пасля агнявога напружання трохі адпусціла, стала на душы спакайней. І вось мы ідзём, у стэпе даволі светла, хоць месяца не было. Нейкая дарожка палявая, трошкі наезджаная. Я іду побач з нашым другім узводным, які нядаўна прыбыў у роту.

Ён старшы лейтэнант, артылерыст, але з акружэнцаў і таму яго паслалі ў пяхоту — на перавыхаванне. Наперадзе ідуць камандзір батальёна, далей разведка, а мы ў сярэдзіне калоны.

Можна расслабіцца. Бой грыміць, але дзесь зводдаль і збоку, а тут быццам ціха. Раптам гляджу — побач у зарасніку кукурузы нейкія людзі. Толькі я іх згледзеў і нават не паспеў яшчэ што падумаць, як адтуль густа паласнулі чэргі — трасіруючымі па ўсёй калоне. Чорт ведае, што вакол пачалося, такі ўраганны кінжальны агонь. А паводле загаду камбата ў выпадку нападу нашая рота разгортваецца злева ад дарогі, іншыя справа.

А. А.: І тут давялося ісці насустрач стральбе?

В. Б.: Насустрач не насустрач, а з дарогі давялося збегчы.

Можа, крокаў дзесяць прабег і ўпаў на снег. У мяне быў аўтамат, але пры ім толькі адзін магазін. Раскажу, чаму адзін. Перад наступленнем кінулі нам невялікае папаўненне з тылавых падраздзяленняў. У нашу роту далі адзін ручны кулямёт і прыслалі батальённага пісара. У пісара быў аўтамат, але без патронаў…

А. А.: Падзяліўся патронамі?

В. Б.: Трошкі не так. Спярша пра кулямёт. Вось пачынаюць ужо выцягваць калону, а ў мяне ніхто не хоча браць кулямёт.

Шмат людзей з Сярэдняй Азіі — мая ні бельмеса, мая ні бельмеса. І астатнія адмаўляюцца: я не служыў, не ведаю, як з яго страляць. Каб не кідаць кулямёт, аддаў я яго нейкаму дужаму дзядзьку, каб ён хоць нёс. Нельга ж губляць кулямёт… А тут стаіць пісар без патронаў, мармыча: што мне рабіць, толькі блытацца пад нагамі? Хітраван, мабыць, хацеў, каб яго адправілі з роты. Тады камандзір роты лейтэнант Міргарад, яшчэ даваенны афіцэр, але таксама акружэнец, кажа: Быкаў, аддай ты яму дыск, каб ён не ныў. Ну, я і аддаў, бо болей аўтаматаў ва ўзводзе не было, усе толькі з вінтоўкамі. А сам застаўся з апошнім, што пры аўтамаце. Тое было, канешне, памылкай. А можа, і паратункам, як пасля выявілася.

А тут, упаўшы, бачу, што справы нашыя — швах. Па-першае, з кукурузы ідуць танкі. Колькі іх там, не зразумець, можа, чатыры ці пяць. Ці яшчэ болей. Узраўлі рухавікі, і яны рушылі, загрукацелі іх кулямёты. А між танкамі — аўтаматчыкі і крычаць: рус, здавайся! Так яны заўсёды крычалі, калі спадзяваліся на сваю перамогу. Ну, я пачаў біць з аўтамата, здалося, задаў ім агню. Але во аўтамат змоўк, значыць патроны ўсе. Азірнуўся назад, а нашы далёка ўжо бягуць у полі. Тут засталіся толькі тыя, што ўжо не кратаюцца. І я ліхаманкава рашаю для сябе праблему: ляжаць ці ўскокваць? Калі праляжу яшчэ хвіліну, дык яны мяне возьмуць. Калі ўскочу, дык буду расшкуматаны кулямётнай чаргой. Што лепей?

Але немцы ў той час перанеслі агонь па тых, што адбегліся далей, мусіць, блізка ля сябе яны цэляў не бачылі. Агняны напор нібы павальнеў. Я ўскочыў і кінуўся перабежкамі. Нават не перабежкамі, а рыўкамі. Ускокваю, а праз тры-пяць крокаў зноў падаю. Затым зноў ускокваю і зноў падаю. І так трошкі адарваўся ад немцаў. Прытым я навучыўся пазнаваць, калі яны страляюць па мне. Як чэргі пачынаюць мільгаць вакол, падаю. А як перамяшчаюцца па іншых, ускокваю. І ў такі момант, як бег, па лытцы моцна ўдарыла, бы палкай. І я ўпаў. У боце адразу стала горача, гэта палілася кроў. Я думаю: відаць, перабіла нагу. Калі так, дык усё, скончыўся Быкаў…

Але ўсё ж праз колькі секунд ускочыў, чакаю, падломіцца нага ці не? Не, быццам не падломваецца. Толькі баліць і ў боце ўжо хлюпае. Аўтамат тады я кінуў, без патронаў нашто ён мне. У мяне і так навешана: палявая сумка, дзве гранаты, адна супрацьтанкавая, кумулятыўная. Ці ведаеш ты, Саша, што такое кумулятыўная, у партызан жа, мабыць, такіх не было? А гэта даволі несуразная штуковіна. Па-першае, даволі цяжкая, па-другое, трэба каб яна ўдарыла аб браню сваім донцам, з якога толькі і можа тую браню праламіць. А каб граната так ударыла, у яе рукаятцы зроблены стабілізатар — проста такая стужка мацерчатая.