Выбрать главу

— Яшчэ пра адну цяжкасць, Васіль Уладзіміравіч. У арміі — свая тэрміналогія, свая лексіка, і гавораць там пераважна паруску. А чытаеш Ваш твор і адчуваеш, што ён — беларускі. У асваенні беларускай літаратурай мовы вайскоўцаў Вы шмат зрабілі. I хацелася б пачуць Вашы думкі наконт гэтага.

— Так, армія абыходзіцца рускай мовай. I тэрміналогія — па-руску. Значыць, дыялогі дзеючых асоб даводзіцца перакладаць. Задача пісьменніка — знайсці нейкі эквівалент, каб гучала па-беларуску і разам з тым каб, не парушаючы нацыянальнай мовы, была перададзена праўда адносін вайсковых людзей. Атрымаецца фальшыва і ненатуральна, калі рускія афіцэры загавораць на мове дзядзькоў палескай вёскі.

— Чым павінен кіравацца мастак, каб стварыць такую кнігу, якая стала б сучаснай на многія гады?

— Тут, на мой погляд, вырашаюць тры ўмовы. Першая — талент. Другая — сумленнасць мастака. Трэцяя — грамадская атмасфера, гэта значыць магчымасць з’яўлення кнігі.

Грамадства павінна выспець, каб успрыняць подзвіг мастака. Бо калі яно не гатова да гэтага, то атрымаецца, што твор прызнаюць пазней. Гэта асабліва заўважаецца ў выяўленчым мастацтве, — калі мастак апераджаў магчымасці ўспрымання мастацтва сваімі сучаснікамі і прызнанне, і папулярнасць прыйшлі толькі пасля смерці, як, напрыклад, да Ван Гога. У літаратуры, як пісаў той самы Маэм, рэдка так адбываецца, каб слава, якая абыходзіла пісьменніка пры жыцці, палюбіла яго пасля смерці.

— А вялікі польскі паэт Норвід, напрыклад, за якім настойліва трымалася рэпутацыя «незразумеласці», якога не прызнавалі нават буйнейшыя літаратары-сучаснікі? Сёння імя Норвіда стаіць побач з імёнамі Міцкевіча, Славацкага.

— Гэты прыклад якраз з тых рэдкіх выпадкаў.

— А Вы ўлічваеце ўспрыманне сучаснага чалавека?

— Калі я пішу, то думаю і пра псіхалогію салдата, і пра псіхалогію ўспрымання сучаснага чытача. Я шукаю такіх ваенных перажыванняў, каб гэтая псіхалогія і перажыванні мелі водгук у душах сучасных людзей.

— Беларуская літаратура пастаянна акцэнтуе ўвагу на ваеннай тэме. Гэта стала яе своеасаблівай уласцівасцю, рысай. Ці можа аказацца для Вас у будучым гэтая тэма вычарпанай?

Для мяне — можа, а для літаратуры наогул вычарпаць яе немагчыма. Зараз прыйшло маладзейшае пакаленне, і яно са свайго пункту погляду піша пра вайну. Калі ісці далей, то для кожнай нацыі вайна была ў нечым свая. Узбекам, напрыклад, не было лягчэй, але для іх яна была іншая, чым для нас, беларусаў. А што будзе далей для мяне, я не ведаю, з вайны прывык не загадваць далёка наперад.

[1977]

Сяргей Смірноў

Прыкладна за год да канчыны выдатнага савецкага пісьменніка Сяргея Сяргеевіча Смірнова мы сядзелі з ім у цішы гасцінічнага нумара ў Мінску, і ён, як заўжды, з захапленнем, з зайздроснай маладой апантанасцю расказваў аб рабоце над сваёй новай кнігай, аб тых цяжкасцях, якія трэба было пераадолець у гэтай яго рабоце. Мы пагадзіліся, што задума яе сапраўды складаная, але не варта засмучацца. Напэўна, усе складанасці будуць пераадолены, і з’явіцца кніга, вартая яго папярэдніх кніг.

Мы, аднак, памыліліся.

Мы не маглі прадбачыць тады, што міне год з невялікім і гэтага, поўнага душэўнай энергіі і мастацкіх задум, чалавека не стане. Але, відаць, такая каварная сутнасць смерці — як і на вайне, біць па тых, хто меней за ўсё аб ёй думае, аддае сябе справе, людзям, ідэям.

Новая кніга Сяргея Сяргеевіча Смірнова ніколі ўжо не паявіцца на кніжных паліцах нашых бібліятэк, і, мабыць, назаўсёды застануцца невядомымі нейкія новыя подзвігі і іх героі, якіх з такім пастаянствам умеў адкрываць наш дарагі пісьменнік. Без яго заўжды нечаканых адкрыццяў наша літаратура напэўна стане бяднейшай, бо, як бы актыўна ні працавалі іншыя на ўлюбёнай ім ніве, замяніць яго не можа ніхто. У гэтай літаратуры, заўсёды багатай талентамі, наўрад ці хто іншы ў поўнай меры валодае тымі рэдкімі якасцямі, якімі быў надзелены ён. Мабыць, гэта таму, што ў наш складаны час і ў той мнагатруднай справе, якой цалкам прысвяціў сябе ён, недастаткова мець нават бліскучыя літаратурныя здольнасці і спецыфічны талент даследчыка, трэба яшчэ ўмець абараніць сваю пазіцыю з такой непахіснай прынцыповасцю, як гэта ўмеў рабіць ён.