Выбрать главу

Мы ўжо не ўбачым яго новых кніг, але з намі назаўсёды застанецца тое сапраўды цудоўнае, што паспеў стварыць ён. Яго бессмяротная «Брэсцкая крэпасць», хвалюючыя апавяданні пра шпіталь у Ерамееўцы, гэтай маленькай савецкай калоніі на акупіраванай фашызмам зямлі, пра герояў Аджымушкая, самаадданую чырванафлоцкую Кацюшу, пра невядомага рускага хлопца, які стаў нацыянальным героем далёкай Італіі — пра ўсіх гэтых і многіх іншых герояў будуць з не меншай цікавасцю чытаць нашы нашчадкі, і іх душы, як і нашы сэрцы, будуць поўніцца захапленнем мужнасцю іх маладых продкаў.

I, трэба думаць, яны таксама будуць адчуваць сардэчную ўдзячнасць таму, хто зрабіў набыткам мастацтва і гісторыі пакуты і подзвігі іх далёкіх папярэднікаў.

Крылаты афарызм нашага часу «Ніхто не забыты, нішто не забыта» толькі тады здольны набыць свой сапраўдны сэнс, калі яго разумець як лозунг, канкрэтны заклік да справы, а не як канстатацыю дасягнутага. Цяпер ужо ясна, што мінулая вайна з’явілася цэлай эпохай у гісторыі народа, гераізм якога доўга яшчэ будзе натхняць наша мастацтва. Пры гэтым зусім відавочна, што нікому паасобку, нават самаму таленавітаму з літаратараў не дадзена расказаць аб ёй у вычарпальным аб’ёме, кожны ў меру сваіх сіл і магчымасцей можа засведчыць толькі невялікую частку з гэтага агульнанароднага выпрабавання. Але нават і ў гэтым выпадку ўклад Сяргея Сяргеевіча Смірнова ў ваенную дакументалістыку пераацаніць немагчыма. На працягу амаль трох дзесяцігоддзяў ён шукаў, клапаціўся, узнаўляў забытае або страчанае і ў самай дзелавой, пазбаўленай усялякіх белетрыстычных аздоб, форме сведчыў аб фактах, непрыдуманая канкрэтнасць якіх здольна зацьміць самыя вытанчаныя прыдумкі. Сапраўды, гісторыя хоць бы той самай праслаўленай ім Брэсцкай крэпасці-героя, аб якой у час вайны ды і ў першыя гады пасля яе абсалютна нічога не было вядома. Цяпер мы ведаем аб ёй многае, таксама як і аб тых цяжкасцях, якія пераадолеў пісьменнік, перш чым з мноствам падрабязнасцей узнавіў усе перыпетыі няроўнай барацьбы жменькі савецкіх байцоў супраць добра ўзброеных часцей вермахта, аднавіў імёны загінуўшых герояў, дамогся рэабілітацыі тых, што засталіся ў жывых, узвысіў іх сапраўды бяспрыкладны подзвіг да агульнанароднага прызнання і высокіх узнагарод. Здавалася, ужо адна гэтая крэпасць над Бугам магла стаць справай усяго жыцця для кожнага з літаратараў, а ён пайшоў далей, шукаў, даследаваў і расказаў свету аб дзясятку іншых, не меней яскравых, складаных і супярэчлівых гісторый вайны.

За ім заслужана і трывала ўсталявалася рэпутацыя песняра народнага подзвігу ў мінулай вайне, у гэтай высакароднай справе яму не было роўных, хоць пра подзвігі і пра вайну пішуць многія сотні самых розных аўтараў, і наша ваенная літаратура, мабыць, самая багатая ў свеце. У чым жа тады своеасаблівасць і прыцягальная сіла кніг, створаных талентам Сяргея Сяргеевіча?

На маю думку, няпросты адказ на гэтае пытанне ў значнай ступені вынікае з асобы пісьменніка, яго мастацкага таленту і яго грамадзянскага тэмпераменту. Сяргей Сяргеевіч Смірноў не хранікёр вайны і нават не яе таленавіты даследчык, здольны браць з мінулага штосьці значнае, асвяціўшы яго променем сучаснай ісціны. Перш за ўсё ён салдат, які тры дзесяцігоддзі пасля заканчэння вялікай вайны працягваў жыць выпраменьваннем яе каласальнай энергіі. Яго, які прайшоў увесь крывавы і гераічны шлях вайны, камандаваў ротай, аб’ездзіў з карэспандэнцкім блакнотам залітыя крывёю палі Украіны і Венгрыі, яго да канца дзён не пераставала хваляваць цана прынесеных народам ахвяр і перажытых выпрабаванняў. Вернасць памяці загінуўшых, трывога за будучыню пакаленняў прымушала яго шукаць, дакопвацца да ісціны, узнаўляць гонар сапраўдных герояў і развенчваць фальшыўцаў. Яго нястрымнай энергіі хапіла б яшчэ на дзясятак кніг пра вайну, калі б смерць не спасцігла так рана, у росквіце яго пісьменніцкай і чалавечай сталасці.

Не баючыся перабольшвання, можна сцвярджаць, што яго дакументальная проза — бадай, самае значнае дасягненне гэтага папулярнага жанру. Пазбаўленая прыдумак, усялякай літаратурнай красамоўнасці, выдуманых і заўжды фальшывых дыялогаў, яна стрымана-грунтоўна і дакладна апавядае аб тым, што ў працэсе карпатлівых пошукаў удалося высветліць аўтару. Гэта тая проза, якая, будучы створанай на аснове паказанняў сведкаў, на матэрыяле старанна вывучаных фактаў і вельмі нешматлікіх дакументаў, сама становіцца дакументам, дакладным і бясспрэчным, як ісціна. Нездарма многія яе старонкі з’явіліся падставай для рэабілітацыі яе герояў, наступных публікацый іншых аўтараў, для ўрадавых узнагарод і іншага. Што можа быць вышэй і больш дзейсна, чым такая літаратура аб нашых сучасніках?