Кожны з працаўнікоў літаратуры ў меру сваіх таленту і здольнасцей выконвае свой так ці інакш зразуметы ім абавязак перад часам і перад народам, і кожны варты прызнання пэўнага кола чытачоў. Але мала ў каго знойдзецца столькі чытачоў, так крэўна абавязаных аўтару. Сотні, калі не тысячы людзей у нашай краіне і за яе межамі да канца сваіх дзён будуць абавязаны Сяргею Сяргеевічу Смірнову за яго чалавечы ўдзел у іх няпростых лёсах, часта заблытаных сітуацыях, калі ў канчатковым выніку многае, калі не ўсё, вызначала яго чалавечае сумленне і яго пісьменніцкая прынцыповасць. Заўчасную смерць пісьменніка аплаквалі не толькі яго сябры і блізкія, але і многія з тых, хто абавязаны яму быццам другім нараджэннем.
Што ж, цудоўны яго пісьменніцкі лёс!
[1977]
1978
Усенародная памяць
У непрыкметнай лясной вёсачцы каля вялікай беларускай ракі жыве не старая яшчэ жанчына. У яе добрая, адбудаваная ў пасляваенны час хата, якая некалі рознагалоса гучала дзіцячымі галасамі. Цяпер тут цішыня. Невялікая гаспадарка, і вольны час запоўнены ўспамінамі аб тым даўнім ваенным леце, калі гэтая жанчына, тады маладая дзяўчына, страціўшы бацькоў, сабрала пад уцалелым дахам паўтузіны асірацелых на вайне дзяцей, на доўгія гады стаўшы для іх маці, старэйшай сястрою, выхавальніцай. Ішлі гады, дзеці вучыліся, сталелі і разыходзіліся з ляснога прыстанку па сваіх нязведаных дарогах. I вось настала хвіліна, калі яна развіталася з апошнім і асталася ў гэтай хаце адна. Яна не шкадуе аб сваім нялёгкім лёсе, які шмат у чым вызначыла яе дабрыня, што праявілася ў цяжкую гадзіну…
Усё далей у незваротнае мінулае адыходзіць гэтая самая вялікая вайна, але шрамы ад яе кіпцюроў яшчэ часам праглядваюць у звыклым дабрабыце нашага сённяшняга жыцця. Мінула столькі гадоў, а памяць аб ёй жывая ў свядомасці народа, у сэрцах і душах людзей. На самой справе, як можна забыць наш бяспрыкладны подзвіг, нашы велізарныя страты, прынесеныя ў імя перамогі над самым каварным і жорсткім ворагам — нямецкім фашызмам!
Але памяць чалавека, на жаль, абмежавана ў сваіх магчымасцях. Тое, што нядаўна яшчэ было табе памятна, праз некалькі год паступова зацягваецца туманом забыцця, і трэба ўжо намаганне, каб успомніць імёны нашых франтавых таварышаў, даты калісьці так добра памятных баёў, назвы вёсак і ўрочышчаў, якія, здавалася б, на ўсё жыццё ўрэзаліся ў тваю памяць. Да таго ж паступова радзеюць шэрагі ветэранаў, тых, хто прайшоў вайну і мог бы з веданнем справы і падрабязнасцей расказаць аб ёй людзям.
У гэтым сэнсе вялізная задача кладзецца на наша мастацтва і літаратуру, якія валодаюць, як вядома, зайздроснай здольнасцю спыняць хуткаплынны час, увасабляць і захоўваць яго кардынальныя моманты ў гістарычнай свядомасці народа. Сапраўды, за пасляваенныя гады ўсімі відамі мастацтва створана нямала цудоўных твораў на тэмы мінулай вайны, а літаратура ўзбагацілася кнігамі, якія, можна спадзявацца, з’явяцца надзейным сведчаннем аб ёй на многія будучыя дзесяцігоддзі. Але ўся неаглядная разнастайнасць народнага подзвігу ў агняныя гады вайны, гераізм мільёнаў, поўная не меншага гераізму і самаадданасці работа савецкага тылу тояць у сабе нямала неасветленых, а то і забытых старонак.
Трэба аддаць належнае нашай прэсе і нашым выдавецтвам — за пасляваенныя гады надрукавана шмат матэрыялаў аб мінулай вайне, якія належаць відным военачальнікам, партызанскім і партыйным кіраўнікам. Сярод іх нямала цікавых успамінаў, асветленых незвычайнасцю барацьбы, значнасцю асобы іх аўтараў. За апошнія гады наша грамадскасць не магла не адзначыць з’яўленне незвычайнай кнігі аповедаў аб злачынствах акупантаў на беларускай зямлі «Я з вогненнай вёскі…», запісаных А. Адамовічам, Я. Брылём і У. Калеснікам. Зусім нядаўна той жа А. Адамовіч у сааўтарстве з Д. Граніным надрукаваў «Раздзелы з „Блакаднай кнігі“» аб людзях блакаднага Ленінграда. А яшчэ некалькімі гадамі раней наша літаратура ўзбагацілася надзвычай змястоўнымі ваеннымі дзённікамі К. Сіманава.