Выбрать главу

Трудна пераацаніць значэнне той справы, якую робяць вышэйназваныя і іншыя аўтары. Вялікая заслуга ў гэтым жанры належала С. Смірнову з яго «Брэсцкай крэпасцю». Гэтая і наступныя яго кнігі, пабудаваныя на скрупулёзнай фактычнай дакладнасці, пазбаўленыя сумніўнага ў такіх выпадках белетрыстычнага элементу, нясуць высакародную мэту аддаць належнае непрызнаным, а то і забытым героям вайны, яны з’явіліся адкрыццём для свайго часу.

Зразумела, літаратура не можа не ўсведамляць свой абавязак як у адносінах да забытых старонак вайны, так і ў адносінах да яе герояў, ветэранаў многіх баёў, якія маюць унікальны баявы вопыт, але з-за шэрагу прычын не маюць магчымасці належным чынам зафіксаваць яго на паперы. Пры саюзах пісьменнікаў некаторых рэспублік створаны і працуюць камісіі па ваеннай літаратуры, вопытныя аўтары разглядаюць рукапісы ўспамінаў, дапамагаюць у іх дапрацоўцы. Нямала кніг штогод выходзіць у літаратурным запісе прафесійных літаратараў. I ў дадзеным выпадку вельмі важным з’яўляецца не толькі прафесійнае майстэрства літаратурнага памочніка аўтара, але таксама і яго жыццёвы і ваенны вопыт, ступень валодання гэтым няпростым матэрыялам.

Але, на жаль, бывае і так, што аўтар літаратурнага запісу, мабыць, не маючы здатнага арыгінала і не валодаючы асабістым ваенным вопытам, абмяжоўваецца ў сваёй рабоце больш ці менш пісьменным пераказам фактаў і трапляе ў яшчэ большы, на мой погляд, грэх — гвалтоўную белетрызацыю матэрыялу. I тады на працягу многіх старонак чытачу прапаноўваюцца бясконцыя размовы персанажаў, пададзеныя ў іх прамым пераказе, размовы, якія нібыта мелі месца ў сапраўднасці, што ўжо само па сабе выклікае сумненне.

Кожны літаратурны жанр мае свае законы, уласцівыя толькі яму асаблівасці. Многае з таго, што абавязкова для мастацкай літаратуры, супрацьпаказана літаратуры дакументальнай. I ўжо зусім недапушчальна, калі імя такога літаратурнага памочніка значыцца на вокладцы кніжкі побач з імем яе сапраўднага аўтара, а то і замест яго. Можа, падобная трансфармацыя не пераступае юрыдычных або літаратурных норм, але, акрамя іх, існуюць жа яшчэ і этычныя нормы, а простая замена першай асобы на трэцюю ў дадзеным жанры яшчэ не дае права на аўтарства. Даволі распаўсюджанай і не менш сумнай памылкай тых, хто піша аб перажытым у гады вайны, з’яўляецца імкненне стварыць на яе матэрыяле раман або аповесць замест таго, каб падрабязна, строга прытрымліваючыся фактаў і без выдумкі напісаць аб тым, што было і што добра запомнілася. Не валодаючы патрэбнымі літаратурнымі навыкамі, гэтыя людзі пры ўсёй пахвальнасці іх намераў затрачваюць шмат часу на стварэнне твора, загадзя асуджанага на няўдачу, пасля якой настае непазбежнае расчараванне, неабгрунтаваныя крыўды на рэдактараў і кансультантаў. Усяго гэтага можна і трэба пазбегнуць, калі аўтар будзе ясна ўсведамляць сваю канкрэтную задачу і разумна суаднясе з ёю свае літаратурныя магчымасці.

Не трэба, вядома, лічыць, што ўсё напісанае ў розных відах і формах успамінаў будзе надрукавана. Многае застанецца ў рукапісах, дакументах сям’і або будзе здадзена ў музеі і архівы, дзе захаваецца на доўгі час і так ці інакш знойдзе свайго ўдзячнага чытача.

Планы і магчымасці нашых выдавецтваў, як вядома, абмежаваны, але нельга не прызнаць таксама, што выдавецтвы яшчэ недастаткова працуюць з ветэранамі, стымулюючы іх да стварэння кніг аб вайне, недастаткова вядуць пошук цікавых рукапісаў, а з таго, што самацёкам паступае ў выдавецтвы, многае так і не знаходзіць дарогі да чытача з прычыны вытворчай працаёмкасці або незвычайнасці матэрыялу. Асабліва калі аўтар такога рукапісу — радавы ўдзельнік вайны і пасля яе не так ужо многа прыдбаў на пасадах.

Я ведаю колішняга камандзіра батарэі Івана Рыгоравіча Ушчапоўскага, які жыве ў Гродне і сапраўды прайшоў усю вайну ад яе першага да апошняга дня, многа перажыў і многа на ёй пабачыў. Валодаючы здзіўляючай памяццю адносна ўсяго, што датычыць тае пары, ён аддаў некалькі год успамінам аб перажытым, напісаў больш за тысячу старонак машынапісу. Гэты шчыры і праўдзівы дакумент — сведчанне аб найвялікшай з войнаў, убачанай вачыма яе радавога ўдзельніка, пакуль яшчэ так і не знайшоў свайго выдаўца.

Абавязак усіх, хто перажыў вайну і каму ёсць што расказаць людзям, зрабіць гэта ў любой даступнай для яго форме. Мы, літаратары, а таксама выдаўцы, журналісты павінны дапамагчы тым, хто не мае дастатковых для таго магчымасцей. I стары заслужаны генерал, які правёў сваю дывізію ад падмаскоўных палёў да Берліна, і славуты партызанскі кіраўнік, арганізатар агульнанароднай барацьбы на акупіраванай тэрыторыі, і невядомая жанчына над Нёманам, што выхавала шасцярых сірот, могуць і павінны расказаць гісторыі і чалавецтву аб усім перажытым імі ў цяжкую гадзіну.