Выбрать главу

Многія ўжо напісалі, іншыя пішуць. Прыемна, калі за пяро бяруцца не толькі людзі, якія маюць вольны для таго час, але і вельмі занятыя людзі, для якіх некалькі вольных гадзін у тыдзень — цяжкая праблема. Нядаўна мы з сябрамі-журналістамі былі на прыёме ў аднаго з беларускіх міністраў, які ў канцы размовы даверліва паведаміў, што збіраецца напісаць кнігу. Мы, канешне, дружна падтрымалі гэты намер, і адзін з нас, падумаўшы пра пастаянны дэфіцыт ягонага часу, сказаў, што трэба пашукаць памочніка.

— А не, — рашуча заявіў міністр. — Такую справу я не магу даверыць нікому. Толькі сам!

Што ж, пахвальнае рашэнне!

На днях у Мінску закончылася ўсесаюзная нарада, скліканая Саюзамі пісьменнікаў СССР і БССР. Некалькі дзён вядомыя пісьменнікі і літаратуразнаўцы абмяркоўвалі праблему: «Гераізм савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны і сучасная дакументальная літаратура». Вызначаны задачы, якія стаяць не толькі перад дакументальнай, але і мастацкай літаратурай аб вайне. Галоўны ж вывад такі: усе мы, удзельнікі мінулай вайны, кожны ў меру сваіх сіл і магчымасцей, павінны няспынна сведчыць перад народам і гісторыяй аб нашым унікальным вопыце, які стаў для многіх таксама і вялізным жыццёвым вопытам, а для народа ў цэлым — найвялікшым з выпрабаванняў, якія калі-небудзь выпадалі на яго долю.

Гэта наш грамадзянскі, пісьменніцкі і воінскі абавязак.

[1978]

Невычэрпная шчодрасць розуму

Упершыню Л. М. Талстой увайшоў у маё жыццё многа гадоў назад, калі, захварэўшы аднойчы, я быў на месяц адарваны ад школы і прачытаў чатыры тамы яго «Вайны і міру». Не скажу, што дзіцячае чытанне вялікай эпапеі аказалася ў чымсьці для мяне плённым, але непаўторныя вобразы яе герояў, шырокая панарама рускага жыцця, ваенныя карціны далёкага мінулага не маглі не паланіць дзіцячай душы. Гэта было добраахвотнае паланенне на ўсё жыццё, хоць, зразумела, чытаць і перачытваць Талстога не лішне ў любым узросце. Як ніхто іншы з вялікіх мастакоў слова, ён грандыёзны глыбіннаю шчодрасцю розуму, жывасцю назіранняў, здольнасцю пастаянна ўплываць на фарміраванне і ўдасканаленне чалавечай душы.

I гэта цудоўна, калі дружба з агромністаю спадчынай Л. Талстога не заканчваецца аднойчы, а працягваецца праз усё жыццё. Гранічная талстоўская шчырасць, глыбіннае пранікненне ў таямніцы чалавечай істоты, сацыяльная значнасць і няспынныя пошукі маральнага ідэалу прыцягвалі і прыцягваюць да яго многія пакаленні чытачоў. Больш за стагоддзе назад створаныя ім «Севастопальскія запіскі» красамоўна сведчаць аб тым, як трэба разумець «сражающийся» народ і як яго адлюстроўваць у літаратуры. Магутны талент і творчая мужнасць вялікага мастака далі яму права напісаць бессмяротныя радкі, якія з’яўляюцца катэгарычным імператывам усякай рэалістычнай літаратуры: «Герой жа маёй аповесці, якога я люблю ўсімі сіламі душы, якога імкнуўся адлюстраваць ва ўсёй прыгажосці яго і які заўжды быў, ёсць і будзе цудоўны — праўда».

Здаецца, усё вельмі проста, інакш і не можа быць: праўда была і застаецца вялікім сэнсам літаратуры. На справе ж няма большых клопатаў у таго, хто піша, чым яго адносіны з такой няпэўна акрэсленай, непастаяннай і зменлівай катэгорыяй, якой з’яўляецца праўда. Талстой жа валодаў здзіўляючай, мабыць, прыроднаю, здольнасцю адрозніваць у заблытаных і шматскладаных праявах жыцця глыбінную сутнасць праўды, а яго грандыёзны талент пераўтвараў яе ў нязменнага героя яго мастацкай прозы. Мабыць, аднак, і для Талстога гэта было няпроста, інакш бы ён не напісаў, што: «Як ні дзіўна гэта казаць, а мастацтва патрабуе яшчэ большай дакладнасці… чым навука». Некалькі парадаксальна гучаць у наш век НТР гэтыя ягоныя словы, але справядлівы іх сэнс разумее кожны колькінебудзь сур’ёзны пісьменнік, таксама як і ўдумлівы чытач.

Мы прывыклі да бясспрэчнай справядлівасці вядомага ленінскага выказвання аб графе Талстым, да якога не было сапраўднага мужыка ў літаратуры, але не часта задумваемся над тым, адкуль у гэтага пана, які на працягу ўсяго жыцця вёў замкнуты, «сядзібны» спосаб жыцця, такое глыбокае разуменне народа, веданне патаемнай чалавечай сутнасці? Справа, відаць, усё ж не ў спосабе жыцця, а ў прыроднай якасці душы — ступені чалавечай «сопричастности» з другімі, да сябе падобнымі, здольнай да суперажывання, да ўсведамлення чужога болю, як свайго ўласнага, чым у вялікай ступені быў надзелены Леў Талстой. Цяпер нам відаць абмежаванасць і бесперспектыўнасць некаторых з яго духоўных пошукаў, і мы з пэўнасцю можам меркаваць аб ягоных памылках. Але вялізнае бачыцца на адлегласці, а для яго быў важны галоўнейшы з ягоных прынцыпаў: «Каб жыць сумленна, трэба рвацца, блытацца, біцца, памыляцца, пачынаць і кідаць, і зноў пачынаць і зноў кідаць і вечна змагацца і губляць. А спакой — душэўная подласць».