Выбрать главу

— Цяпер з усёй перакананасцю можна сказаць, што як пісьменнік я пачаўся з самага звычайнага, магчыма, некалькі больш, чым іншыя мае аднагодкі, захопленага літаратурай чытача, якім я быў у дзяцінстве і ў юнацтве. Канешне, у тую ўжо далёкую пару не даводзілася і думаць аб пісьменніцтве, былі клопаты іншага роду, было нялёгкае дзяцінства, а потым яшчэ больш цяжкое юнацтва, вайна і ўсё, што з ёю звязана. Праўда, той самы неспрыяльны ў жыцці народа час даў пэўнага характару вопыт, які заўжды важны ў мастацтве, хоць гэты вопыт і дастаўся нашаму пакаленню занадта дарагой цаной. Таму, мабыць, натуральна, што, заняўшыся літаратурай, я не мог грэбаваць ім — усё перажытае патрабавала выйсця. Відаць, менавіта гэтая акалічнасць, як я цяпер разумею, з’явілася прычынай таго, што мае першыя творы былі напісаны пра вайну, тэма якой не перастае займаць мяне і цяпер, праз болей чым тры дзесяцігоддзі пасля яе заканчэння. Відаць, гэта натуральна і правамерна, таму што ўсенародны подзвіг у мінулай вайне, нашы перамогі і нашы страты накладваюць на літаратуру і мастацтва асаблівыя абавязкі, якія могуць быць выкананы толькі аб’яднанымі намаганнямі ўсіх творчых працаўнікоў на працягу многіх год.

— Пісьменнік — справядліва гавораць — інжынер чалавечых душ. Якім бы талентам ён ні валодаў, ён павінен жыць жыццём свайго народа, быць у гушчыні гэтага жыцця. Відаць, пры гэтай умове і спадарожнічае пісьменніку поспех. Я добра ведаю, што вы многа і плённа працуеце за пісьменніцкім сталом. Вы абраны дэпутатам Вярхоўнага органа дзяржаўнай улады нашай рэспублікі, выконваеце пэўныя абавязкі ў Саюзе пісьменнікаў БССР, з’яўляецеся членам яго прэзідыума. Раскажыце, калі ласка, як вы спалучаеце творчасць з грамадскай дзейнасцю?

— Вядома, што літаратура — справа надзвычай старажытная і сутнасць яе працэсу мала ў чым змянілася з самых аддаленых часоў. У аснове літаратурнай творчасці па-ранейшаму ляжаць індывідуальныя намаганні аўтара, жыццё якога, як і ў старажытнасці, абмежаванае. У наш жа час, цяпер, калі інтэнсіфікацыя жыцця дасягнула незвычайных тэмпаў, праблема часу стала адной з галоўных праблем кожнага працоўнага чалавека, у тым ліку і пісьменніка. Часу не хапае. Але гэтая акалічнасць зусім не азначае таго, што пэўны запас часу быў бы для пісьменніка раскошай. Акрамя часу для мастака надзвычай важны непасрэдны ўдзел яго ў жыцці, той напружанай працоўнай дзейнасці, якой заняты яго блізкія, суседзі, народ. Толькі гэта дае яму магчымасць трымаць руку на пульсе жыцця, адчуваць гарачае трапятанне чалавечых сэрцаў. У гэтым сэнсе цяжка пераацаніць удзел мастака ў грамадскім жыцці, у тым ліку і маю сціплую працу ў якасці дэпутата Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, дзе вырашаецца столькі самых надзённых задач агульнарэспубліканскага маштабу. Рэгулярныя сустрэчы з чытачом служаць жывым барометрам, які паказвае ступень уздзеяння літаратуры на масы, таксама як і чытачоў на аўтара. Ну і вядома, у наш час было б немагчыма ды і неразумна пазбягаць удзелу ў перыядычным друку, выступленняў па радыё і тэлебачанні, якія з’яўляюцца, як вядома, велізарнай трыбунай, што дае магчымасць размаўляць з мільёнамі адначасова, — магчымасці зусім неверагоднай у яшчэ зусім нядаўнім мінулым.

— І апошняе пытанне. Пачаўся новы год. Ва ўсіх сферах нашага эканамічнага і культурнага жыцця савецкія людзі імкнуцца павышаць эфектыўнасць і якасць сваёй працы. I, вядома ж, працаўнікоў горада і сяла Беларусі цікавіць, над якімі асноўнымі праблемамі творчага характару працуюць зараз беларускія пісьменнікі. Хацелася б, каб вы коратка расказалі аб творчых планах на будучае.

— Мне трудна гаварыць за ўвесь даволі шматлікі пісьменніцкі атрад рэспублікі, да таго ж усякая творчасць у вядомай ступені інтымная па сваёй прыродзе і не трывае афішыравання. Але я ведаю, што, апрача традыцыйнай для беларускай літаратуры тэмы мінулай вайны, нашых пісьменнікаў цікавяць яшчэ недастаткова распрацаваная гарадская тэматыка, праблемы НТР, нашай тэхнічнай інтэлігенцыі. Вёска ж і яе людзі даўно былі ўлюбёнымі аб’ектамі нацыянальнага мастацтва і літаратуры, якія стварылі аб ёй мноства цудоўных твораў, але вобразы, маральны змест вясковага жыцця і сельскай працы, якія значна змяніліся за апошнія гады, не могуць не прывабіць новай, абвостранай увагі літаратараў. Нельга не сказаць таксама аб найцікавейшых магчымасцях беларускага Палесся, меліярацыі забалочаных земляў і звязаным з гэтым цэлым комплексам праблем сацыялагічнага і маральнага парадку. Над усімі гэтымі і некаторымі іншымі тэмамі і працуюць сёння многія паэты, празаікі, драматургі нашай рэспублікі.