Перагарнуўшы апошнюю старонку аповесці, вы будзеце доўга памятаць знявечанага на вайне малодшага лейтэнанта Гошку, аслепленага капітана Ройзмана, камандзіра роты Старых, чалавека нялёгкага лёсу Атракоўскага. Рэалістычна напісанае, пазбаўленае нярэдкага ў такіх выпадках налёту саладжавасці, юнацкае каханне Траццякова да ўчарашняй школьніцы Сашы падкупляе цнатлівасцю адносін, тонка падмечаным душэўным станам.
Аповесць пачынаецца лаканічнай па апісанні, але шматзначнай па сэнсу сцэнай знаходкі ў старым засыпаным акопе астанкаў воіна, армейскую прыналежнасць якога можна вызначыць толькі па ледзьве пазнанай афіцэрскай спражцы. Гэта вельмі знаёмая, нават характэрная для Беларусі карціна, дзе вось ужо шмат год намаганнямі грамадскасці і юных следапытаў працягваюцца пошукі адзіночных і выпадковых воінскіх магіл, пасля чаго ідуць доўгія месяцы пошукаў імён герояў. Не заўсёды яны заканчваюцца паспяхова. Але калі гэта здараецца, нішто са здабытага ў мінулым і адваяванага ў забыцця не пакідаецца без ўвагі. Друк, радыё, тэлебачанне расказваюць аб жыцці і апошнім баі забітых, сэнс іх ратнага подзвігу становіцца здабыткам усіх. Асабліва цяпер, калі беларускі народ урачыста адзначае 35-годдзе вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У заключэнне хочацца выказаць упэўненасць, што апошняя аповесць Рыгора Бакланава з’явіцца сур’ёзным набыткам нашай ваеннай прозы, своеасаблівым абеліскам памяці «навекі дзевятнаццацігадовым», пра якіх таленавіта расказаў адзін з іх жывых аднагодкаў.
[1979]
Пазначана высокаю гармоніяй
Кожнага, хто знаёміцца з ім, найперш уражваюць ягоныя рукі — мазалявыя, працавітыя далоні з абпаленымі травільнай кіслатой пальцамі. Спярша цяжка нават паверыць, што гэтымі далёка не артыстычнымі, абмазалелымі рукамі працаўніка Арлен Кашкурэвіч робіць свой мастакоўскі цуд. Тым не менш менавіта гэтыя рукі здольныя на самую тонкую рыску, на самы непрыкметны рух, якімі поўная і з якіх складаецца ягоная цудоўная графіка.
Так, гэта майстра тонкай, філіграннай і вельмі выразнай лініі, на якой звычайна трымаецца ўся кампазіцыя ягоных графічных работ, яна — выразнік яго эмоцый і яго філасофскага зместу. Безумоўна, гэта вельмі не проста — у кніжнай ілюстрацыі або ў станковых работах галоўны сэнс выявіць праз некалькі скупых ліній; трэба знайсці гэтыя лініі, адпрацаваць іх, давёўшы да гранічнай выразнасці, і, апроч таго, яны павінны быць эстэтычна дасканалыя, надзеленыя выключнай гармоніяй, без якой графіка перастае быць мастацтвам.
Арлен Кашкурэвіч мастак «божай міласцю» і менавіта графік па характару свайго таленту. Ужо першыя работы пацвердзілі яго немалыя здольнасці, а далейшы ягоны шлях у мастацтве быў поўны прызнання, удач і, зразумела, штодзённай напружанай працы. Можа, найперш ён працаўнік, самаадданы і добраахвотны катаржнік, як ён кажа, навечна прыкуты да цяжкой і нязменнай тачкі, назва якой мастацтва. Ягонае імя звярнула на сябе ўвагу знаўцаў і шанавальнікаў мастацтва яшчэ ў пяцідзесятыя гады, адразу пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, пасля ўдзелу ў першых выстаўках. Але сапраўднае прызнанне яго як аднаго з самых лепшых майстроў нацыянальнай графікі прыйшло пазней, калі ён ад паасобных удалых работ на літаратурныя тэмы перайшоў да графічных цыклаў. Сын народа-будаўніка і народа-барацьбіта, ён лагічна звярнуўся ў сваёй творчасці да тэмы гераічнай барацьбы беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і стварыў выдатную графічную серыю пад агульнаю назвай «Партызаны». Эпічная значнасць зместу і драматычнае напружанне кожнага ліста гэтай серыі не могуць не ўзрушыць таго, каму дорага наша гісторыя. Сапраўды, бясконца хвалююць драматычныя паставы яго партызан, што, выбіваючыся з сілы, праз агонь нясуць па балоце параненага таварыша, або група жанчын, звычайных вясковых бабулек, якія заняты зусім не бабульчынай справай — яны набіваюць патронамі магазіны і стужкі для сваіх сыноў-партызан. Нельга раўнадушна адысціся ад ліста, дзе чалавек і конь дапалі да вады і з аднолькавай апантанасцю спатольваюць смагу, або ад наступнага, дзе ў ваеннае ліхалецце жэняцца двое маладых, і мы бачым іх дзве танклявыя постаці, побач дзве іх вінтоўкі і дзве свечкі — на шчасце і на гора, на доўгае ці кароткае іх лясное жыццё. Так, станковая графіка — афорты, аквацінты, літаграфіі — прынесла Арлену Кашкурэвічу ўсеагульнае прызнанне ў мастацтве, званне заслужанага дзеяча мастацтваў і Дзяржаўную прэмію БССР.
Але Арлен Міхайлавіч яшчэ і выдатны майстра кніжнай ілюстрацыі. Не менш паспяхова ён ілюстраваў кнігі вялікага Янкі Купалы, Лакснеса, а таксама творы I. Шамякіна, А. Адамовіча, I. Пташнікава, У. Караткевіча. Вайна і тут упарта трымае яго ў палоне сваім драматызмам, напалам эмоцый, бязмернасцю народных перажыванняў. Вы не знойдзеце ў Кашкурэвіча шырокіх кампазіцый, як правіла, ягоныя лісты не шматфігурныя, — усяго некалькі постацей, а часам і зусім адна пастава — торс, плячо, профіль і заўжды рух, у якім увесь згустак сэнсу, усё галоўнае, выражанае скупа і выразна. Мабыць, з усіх частак чалавечага цела ён найбольш любіць рукі і босыя ногі, якія ў ягоных творах часам гавораць больш, чым твары ці вочы. Ну, але затое якія гэта рукі і якія ногі! Кожная — характар, вузел, напружанне, лёс. Як ніхто з сучасных майстроў мастацтва, Кашкурэвіч валодае зайздроснаю здольнасцю праз малое, нейкую прыватнасць, дэталь паказаць многае, выразіць часам ашаламляльны змест народнага гора і народнага подзвігу.