Выбрать главу

Некалькі год назад Арлен Кашкурэвіч здзейсніў даўнюю і, не баюся гэтага слова, грандыёзную творчую мару — ілюстраваў «Фаўста» Гётэ. Каля дваццаці старонкавых ілюстрацый упрыгожылі гэта выданне, надалі яму новы сэнс і разам з цудоўным перакладам В. Сёмухі зрабілі яго выдатнаю з’явай беларускага кнігадруку і нашай нацыянальнай графікі.

У верасні Арлену Міхайлавічу Кашкурэвічу спаўняецца пяцьдзесят год. Ён шмат зрабіў у беларускім выяўленчым мастацтве і яшчэ болей зробіць. Мастак у творчым росквіце сваіх сіл, поўны цікавых задум. I без таго бездакорнае яго майстэрства робіцца ўсё болей змястоўным і дасканалым.

Пажадаем жа плёну яго мудрым рукам.

[1979]

Нашы надзённыя клопаты

Банальным труізмам рызыкуе прагучаць з гэтай трыбуны сцвярджэнне аб тым, што наша нацыянальная культура ўзнялася на небывалую дасюль вышыню. Але сапраўды, ніколі ў гісторыі нашага народа мы не мелі такога багата развітага і разнастайнага мастацтва, музыкі, кіно, літаратуры. Каля чатырох соцень літаратараў аб’ядноўвае наш СП, — калі ў Беларусі нас было столькі? Штомесяц выходзяць тры тоўстыя часопісы, дзясятак газет. Выдавецтвы, якіх таксама нямала, не могуць напасціся паперы, каб своечасова выдаць усё вартае, што напрацавана нашымі інтэлектуаламі. Цяпер маладыя разумныя хлопцы (ды і дзяўчаты таксама) ужо ў студэнцкія гады выдаюць кніжачку, а то і дзве, а к часу прыёму ў Саюз маюць іх ужо тры, а то і болей. З горкім сумам успамінаеш той даўні час, калі наш вялікі паэт, паміраючы ля сіняй бухты, быў шчаслівы тым, што меў кніжку з друкарні Марціна Кухты.

Праўда, гэта была асаблівая кніжка!

Канешне, часы змяніліся, і мы не можам не разумець, што росквіт нацыянальнай культуры быў бы немагчымы без сацыяльнага ўздыму, павышэння ўзроўню жыцця народа.

Галоднаму культура не патрэбна, галоднаму патрэбен хлеб.

У нас жа ёсць хлеб і да хлеба, і настойліва ўзнікае новая праблема — патрэбы хлеба духоўнага.

Я думаю, што красамоўны і шматзначны сам факт пастаноўкі на абмеркаванне гэтага пленума праблем беларускага рамана.

Сапраўды, варта толькі ўдумацца ў тое, што адна з самых маладых літаратур Еўропы, для якой паўстагоддзя назад вялікай праблемай было апавяданне, верш, у якой толькі зараджалася нацыянальная драматургія, цяпер ужо мае такую магчымасць (я б сказаў, такую раскошу) — абмяркоўваць праблему рамана. Але так. Раманы ў нас выходзяць штогод, іх ужо багата набралася, імклівы рост гэтага жанру, часам здаецца, ідзе па законах геаметрычнай прагрэсіі. З гэтага поваду хочацца выказаць некалькі вельмі суб’ектыўных, адрывачных думак, якія не прэтэндуюць ні на залішнюю канкрэтнасць, ні на абагульненне.

Перш за ўсё — што такое раман?

У літаратуразнаўстве ёсць даўнія і ёмістыя вызначэнні гэтага жанру, сярод якіх, можа быць, варта працытаваць сёння хоць бы «Неистового Виссариона», паводле якога раман — гэта «изображение чувств, страстей и событий частной и внутренней жизни человека и мира», а таксама «художественный анализ современного общества, раскрытие тех невидимых основ его, которые от него же самого скрыты привычкою и бессознательностью». Другія тэарэтыкі літаратуры характарызуюць тэму рамана як «неадекватность герою судьбы и его положения, избыток человечности в характере героя» (Бахцін), як «движение человеческого сердца» (Стэндаль). Не, я не збіраюся ў святле гэтых фармулёвак разглядаць беларускую раманістыку — вядома, што практыкі літаратуры даўно ўжо не лічацца з тэарэтычнымі прадпісаннямі заканадаўцаў літаратурнай моды і, можа, у значнай меры таму сусветная літаратура, у тым ліку і беларуская проза ўзбагаціліся сапраўднымі шэдэўрамі. Тым не менш, я думаю, ніколі не лішне прыгадаць класікаў, асабліва калі ў нашай гаспадарцы ёсць, як прынята казаць, некаторыя недахопы.