Выбрать главу

Безумоўна, заслугоўвае ўсялякага заахвочвання з боку грамадскасці і літаратуры актыўнае ўмяшанне раманіста ў нашу сучаснасць, працоўныя будні, праблемы НТР, у адлюстраванні якіх мы маем пэўныя поспехі, у тым ліку і ў жанры рамана. I ўсё ж, мне думаецца, што ва ўмовах бурнага развіцця эканомікі, імклівай зменлівасці сацыяльных тэндэнцый, складанай узаемазалежнасці безлічы тэхнічных, эканамічных, псіхалагічных і іншых фактараў куды большыя магчымасці аператыўнага ўздзеяння на жыццё мае жанр аповесці, аргументаванага, падрабязнага нарыса. У гэтай сувязі ўспамінаецца, як у свой час Аляксандр Трыфанавіч Твардоўскі, будучы рэдактарам «Нового мира», аддаваў перавагу аповесці і амаль не друкаваў у часопісе раманы (за выключэннем, здаецца, добрага рамана У. Фаменкі). У той жа час нельга не ўспомніць, што, напрыклад, нарысы і запіскі В. Авечкіна, напісаныя з болем душы і веданнем справы, перажылі многія раманы і з цікавасцю чытаюцца і зараз. Тое ж самае я хацеў бы аднесці і да рамана аб мінулай вайне, які, нягледзячы на некаторыя нячастыя поспехі, на маю думку, ужо ў сілу спецыфікі жанру, каб застацца раманам, з аднаго боку, не можа абысціся прыватнасцямі, а з другога — не ў стане ахапіць усю неахопнасць эпохі, якая названа вайной. Гэта толькі тытанічнымі намаганнямі народа яна была спрасавана ў чатыры гады, але гэтыя чатыры гады роўныя стагоддзю гісторыі. Але сто год народнага жыцця наўрад ці па плячы нават геніяльнаму раманісту (канешне, вы можаце назваць Маркеса, але ў нас, на вялікі жаль, яшчэ няма беларускага Маркеса). Тыя ж удалыя раманы аб вайне, поспех якіх бясспрэчны, на мой густ, усё ж з’яўляюцца не чым іншым, як болей ці меней расцягненымі аповесцямі, хіба што з прычыны аўтарскай прэтэнцыёзнасці пайменаваныя раманамі.

Так, літаратурная практыка, на жаль ці на шчасце, не схільна лічыцца з жанравымі імператывамі, часам гэта дае добрыя вынікі, а часам, менавіта з гэтае прычыны, аўтараў спасцігае няўдача. Бо тое, што даруецца аповесці на прыватную, лакальную тэму, не даруецца раману з яго куды большымі магчымасцямі, але і з большымі задачамі. Гэта толькі паблажлівасць нашай крытыкі (якая, як вядома, з нейкага часу страціла ўласцівы ёй крытычны запал і выдае толькі станоўчыя артыкулы на ўсе жанры літаратуры, у тым ліку і на раманы), толькі яе паблажлівасць не дае нам грунтоўна разабрацца ў прычынах няўдач такога парадку.

Хвацкі наскок на злабадзённую, часцей за ўсё эканамічную або нават вузкатэхнічную праблему, уяўнасць наспех сканструяванага канфлікту (пэўна ж, паміж добрым і не зусім добрым), патугі на анемічнае каханне плюс пэўная доля адзюльтэра (для жаночай займальнасці) і больш-менш эфектны фінал — вось распаўсюджаны рэцэпт раманістыкі такога тыпу. (Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што і аповесці таксама.) Раман можа быць аб чым хочаш — даверлівая споведзь чалавечай душы ці эпічная карціна жыцця народа, складаная тэхнічная праблема ці вечная складанасць чалавечых адносін. Але ён не можа існаваць без пэўнай канцэптуальнасці, таго адметнага ад іншых аўтарскага светапогляду і светаўспрымання, у якіх павінна знайсціся месца і для адлюстравання «движения страстей», і для «избыточной человечности». Адна голая тэхнічная праблема не толькі не ў стане легчы ў аснову рамана, але і апавядання таксама. Хіба што для спецыяльнага часопіса, калі не ўстарэе да яго выхаду.

Дык добра яшчэ, калі ў той ці іншай кнізе мы маем справу з пастаноўкай слушнай праблемы, а калі нам прапануецца адна толькі бачнасць яе?

I тут я хацеў бы закрануць момант, на маю думку, даволі істотны для развіцця нашай літаратуры сёння.

Неяк на адной канферэнцыі чытачоў у віцебскай глыбінцы да мяне падышоў чалавек, слесар саўгаснай аўтамайстэрні, і на мае словы пра тое, што цікавага шмат у нашай літаратуры, сказаў:

— Цікавага многа. А вот каб паверылася — нямнога.

Я тады яму проста не адказаў, лічачы, што калі твор цікавы, добра чытаецца, дык ён і праўдзівы. А пасля падумаў, што, мусіць, не зусім так. Чытаем жа мы дэтэктывы, у якіх, ведаем, не шмат праўды, але цяжка адарвацца. У той жа час ёсць сусветна прызнаныя творы літаратуры, якія не кожны філолаг можа дачытаць да канца. Прытым існуе такая катэгорыя, як праўда жыцця, тыповасць характараў і абставін, якім разумны, чуйны душой чытач заўжды аддасць перавагу перад самай спакуслівай займальнасцю. Самай дасканалай займальнасцю нельга прымусіць паверыць у неверагоднае, у тое, чаго не бывае ў жыцці. I толькі жыццёвая патрэба грамадства ў літаратурным асэнсаванні яго сацыяльнасці часам робіць магчымым поспех твораў з надуманай сітуацыяй і сканструяванымі вобразамі, накшталт той славутай брыгады, якая адмаўляецца ад прэміі.