— Сапраўды, нядаўна ў Маскве адбыліся два мае выступленні перад чытачамі — у Політэхнічным музеі і Дзяржаўнай бібліятэцы імя Леніна. Абодва гэтыя мерапрыемствы прыемна ўразілі добрай увагай сталічнага чытача да маёй творчасці, даволі грунтоўным веданнем яе. Хаця і нялёгкая гэта справа — на працягу некалькіх гадзін весці гаворку з вялізнай перапоўненай залай, але ўвогуле адчуваеш задавальненне, бо ідзе даверлівая шчырая бяседа аб справе, якая аднолькава цікавіць аўтара і яго чытачоў. Мяне нават трохі здзівіла тая глыбіня зацікаўленасці праблемамі жыцця і літаратуры, якую праявілі масквічы. Аказалася, што ніводны радок, ніводнае слова нашых твораў не праходзяць міма самай пільнай і прыдзірлівай чытацкай увагі, і ўсё ў нашых творах — як несумненныя вартасці іх, так і прыхаваныя хібы — будуць належным чынам ацэнены. Карацей кажучы, у Маскве я меў шчасце сустракацца з самым зацікаўленым, патрабавальным і ўдзячным чытачом, якім можа ганарыцца кожная нацыянальная літаратура.
— Ці не маглі б вы, Васіль Уладзіміравіч, у сувязі з гэтым пасвяціць нас і ў свае ўзаемаадносіны з найбольш блізкімі вам рускімі пісьменнікамі?
— Мой творчы вечар у Політэхнічным музеі вёў вядомы рускі празаік Юрый Бондараў, з якім у мяне даўнія і вельмі сардэчныя адносіны. Ён мой равеснік, у часе вайны служыў у звыклай для мяне стралковай дывізіі, мусіць, таму матэрыял яго кніг на тэму вайны блізкі мне і дарагі. Зноў жа, я адчуваю яго па-сяброўску вельмі зацікаўленае стаўленне да маёй творчасці, якое ён меў выпадак яскрава засведчыць у друку, калі была ў тым патрэба. Да таго ж гэта тонкі і глыбокі мысліцель, публіцыстыку якога чытаць таксама цікава, як і яго мужную таленавітую прозу.
Я мог бы назваць яшчэ нямала старэйшых і маладых рускіх і з іншых рэспублік празаікаў, пераважна былых франтавікоў, з якімі ў мяне даўнія і сяброўскія адносіны. Асабліва гэта датычыць майго пакалення франтавікоў, якіх вельмі не шмат вярнулася з палёў мінулай вайны і яшчэ паменела за пасляваенны час. Няма ўжо маіх сябрукоў, выдатных пісьменнікаў К. Вараб’ёва, В. Земляка, Л. Якіменкі, В, Курачкіна, якія працягваюць жыць хіба у сваіх творах ды ў памяці тых, хто ведаў іх і любіў.
— Пытанне такое, можа, залішне адцягненае: як суадносіцца літаратура, проза, скажам, з выяўленчым мастацтвам у плане служэння грамадству, высокім ідэалам?
— Даўно вядома, што розныя віды мастацтва маюць блізкія, хоць і не зусім выяўныя падабенствы паміж сабой. Ёсць такія падабенствы і ў літаратуры з выяўленчым мастацтвам. Не кажучы ўжо пра агульнасць творчага метаду ці тэматыкі, гэта асабліва датычыць стылю, формы, меры аб’ектывізацыі ці, наадварот, аўтарскага суб’ектывізму ў творах прозы і жывапісу. Вядома, што літаратурны стыль многіх празаікаў, іх моўная манера даюць пэўнае права супаставіць іх з жывапіснай ці графічнай манерай многіх мастакоў, незалежна ад іхняй тэматыкі. Тэматыка можа быць блізкай, а можа і далёкай, нават супрацьлеглай па змесце, а вось стыль можа аказацца падобным.
Мабыць, гэта і зразумела, бо стыль — гэта чалавек, як сказаў Бюфон, а характар чалавека не можа не праявіцца ў справе рук яго. Так, напрыклад, існуе вялікае падабенства творчых манер беларускага пісьменніка У. Караткевіча і фламандскага мастака Брэйгеля. У іх аналагічнае бачанне свету і сходныя мастакоўскія адносіны да жыцця; чытаць гістарычную прозу Караткевіча таксама цікава, як і разглядваць палотны «мужыцкага» Брэйгеля, — пераход ад аднаго да другога не патрабуе ніякай душэўнай перастройкі. Можна нават сказаць, што той, каму падабаецца Брэйгель, з не меншым задавальненнем прачытае і Караткевіча, асабліва яго гістарычную прозу і з яе найперш гісторыю пра мужыцкага Хрыста, які «прызямліўся ў Гародні».
— Як вы ацэньваеце творчыя набыткі беларускай літаратуры за гэты год? Што з новых твораў найбольш імпануе вам асабіста?
— Вядома, я не магу прэтэндаваць на ўніверсальнасць маёй ацэнкі гадавых набыткаў беларускай літаратуры ўжо хоць бы з тае прычыны, што прачытаў далёка не ўсё. А за гэты год у друку з’явілася некалькі добрых, на маю думку, раманаў, якія заўжды нешта значаць для кожнай літаратуры нават з уласцівымі для іх хібамі, якія часам больш важныя для літаратурнай практыкі, чым яе несумненныя поспехі.
З таго, што прачытаў за год, мне падабаецца, напрыклад, ваенны раман В. Хомчанкі, аповесць В. Казько «Суд у Слабадзе», а таксама новая кніга А. Адамовіча, якая неўзабаве будзе друкавацца ў часопісе «Дружба народов». Ва ўсіх гэтых творах (і асабліва ў апошнім) наша мінулая вайна паўстае ў яе самых драматычных аспектах, асэнсаваных глыбокім і ўдумлівым аўтарам.