«Я не супраць, каб вы спалі з рускай дзеўкай, але вы павінны тут жа, сваёй рукой застрэліць яе».
Страляць яны ўмелі.
Радавы паліцай Тупіга, адзін з самых старанных забойцаў батальёна, так авалодаў сваёй справай, што «цягне кулямётнаю чаргой, як вопытны кравец шво — цвёрда і плаўна…». Гэта кат па прызванні, ён паталагічна ўлюбёны ў сваё рамяство і пераканана ненавідзіць тых, хто ад гэтага рамяства імкнецца ўвільнуць.
Асаблівае месца ў аповесці займаюць узаемаадносіны камандзіра ўзвода карнікаў Белага з яго сябрам Суравым, увасабленнем чорнага сумлення ўзводнага, своеасаблівым яго алібі на непрадбачаны выпадак, чалавекам-«ксяндзом», у якога штосьці зашыта ў падкладцы — індульгенцыя на праграшэнні на двух. Пры ўсёй фатальнай раз’яднанасці фашысцкіх прыслужнікаў гэтыя двое да часу сапраўды аб’яднаны адной таемнай гнятліваю марай — выблытацца са становішча, якое ў прынцыпе не мае выйсця. Нягледзячы на ўсе іх намаганні, фашысцкая рэчаіснасць аказваецца непераадольнай, і планы Белага — Сурава рушацца. Наперадзе тупік.
Амаль гэткім самым тупіком, толькі расцягнутым па часе, заканчваецца злачынна-мітуслівае жыццё ротнага Мельнічэнкі, аднаго з прыспешнікаў нацыяналістычнага ахвосця, якое пайшло за Гітлерам па перакананні.
Паслухмяна распраўляючыся з беларускімі вёскамі, забіваючы ў дварах, у хатах, хлявах, яны тым самым няўхільна набліжалі сябе да той апошняе рысы, за якой іх чакала поўнае расчалавечанне, татальнае вызваленне ад усіх маральных абавязкаў перад людзьмі і краінай. Маральны і духоўны прымітывізм гэтых людзей дазволіў фашызму выкарыстаць іх сабе на патрэбу і з найбольшым эфектам, незалежна ад волі ўсіх і кожнага паасобку.
Усе яны схільныя да разважанняў і рэфлексій у вольную гадзіну, так ці інакш тлумачачы сабе сваё становішча. Праўда, паліцаі меншыя чынамі разважалі не шмат, яны рабілі сваю крывавую справу з фанатычнай тупагаловасцю. З пераканаўчай праўдзівасцю ў аповесці ствараецца сапраўды апакаліптычная карціна знішчэння аднаго з лагераў у Бабруйску, калі, справакаваўшы беспарадкі, гітлераўцы расстралялі ўсю шматтысячную масу ваеннапалонных. Нямногія ўцалелыя ў гэтым пекле пасля ўсяго перажытага, зломленыя і душэўна пакалечаныя, пайшлі служыць немцам, не падазраючы, што наперадзе іх чакае і яшчэ горшае.
Гэтых людзей нельга ні зразумець, ні апраўдаць.
Таму што, гінучы самі, яны не мелі людскага права губіць сваіх суайчыннікаў, пасабляць ворагу, рабіцца паслухмянай зброяй у злачынных фашысцкіх дзеяннях. Усё далейшае, што адбылося з тымі, хто пайшоў ва ўслужэнне да катаў, знаходзілася за мяжой чалавечнасці, бо платай за злачыннае ўласнае жыццё былі рэкі крыві бязвінных. Паступова, але няўхільна абрываліся ўсе ніці, якія звязвалі іх з ранейшым даваенным жыццём, і кожны дзень іхняга існавання толькі павялічваў іх і без таго непамерную віну перад Радзімай. Пры ўсёй, на першы погляд, інтэграванасці іх лёсаў і ўчынкаў яны да канца заставаліся надзіва адмежаванымі адзін ад аднаго, страшэнна адзінокімі ў сваім роспачным намаганні перахітрыць пагібель. Вядома, што выжыць было няпроста ў абставінах няспынных баёў з партызанамі, атмасферы нянавісці з боку насельніцтва, бязлітаснага фашысцкага тэрору, калі здаралася, што з аднолькавай лёгкасцю каціліся ў агульную яму галовы ахвяр і галовы іх катаў.
Кампазіцыйная будова аповесці нагадвае бязлітасны разрэз — агаленне ўсёй сістэмы фашызму. Нямнога знойдзецца ў нашай літаратуры твораў, дзе б на такой адносна невялікай плошчы з такой яркасцю і глыбінёй была прэпарыравана ўся гэта д’ябальская сацыяльная з’ява, пабудаваная на страху, бяздумным падначаленні і авантурызме. Кнігу пачынае і заканчвае выпісаны знутры вобраз Шыкльгрубера-Гітлера з яго рэфлексіямі-маналогамі, поўнымі непамернага славалюбства і выхвалення, якія прытым выкрываюць нікчэмнасць абывацеля, што капрызнаю воляй выпадку ўзвысіўся над адной са старажытнейшых дзяржаў Еўропы. Многія з ягоных трызненняў проста цяжка спасцігнуць, калі адлучыцца ад думкі, што ў свой час яны рухалі мільёнамі і вызначалі лёсы народаў. Менавіта гэты ва ўсіх адносінах звычайны авантурыст, які ўбачыў у сабе ўвасабленне «провидения» і месію германцаў, стаў непасрэдным віноўнікам пагібелі больш як 40 мільёнаў чалавек у Еўропе. Аднак і гэтага яму было мала, ён марыў аб уладзе над светам, якая б здзяйснялася з вышынь Гімалаяў. Гісторыя, аднак, распарадзілася інакш, і незадачлівы ніцшэанскі выпладак на вачах усяго чалавецтва сам ператварыўся ў недачалавека, галазадую малпу на дрэве.