Выбрать главу

Я неяк прачытала выказванне Чынгіза Айтматава аб тым, што ён не можа вызваліцца ад думкі, што лёс збярог нам Васіля Быкава. Па сведчанні самога Быкава, з васьмідзесяці чалавек, якія разам з ім скончылі пяхотнае вучылішча, у жывых засталося чацвёра. Па дакументах і сам В. Быкаў «забіты і пахаваны» ў брацкай магіле ля вёскі Севярынаўка на Кіраваградчыне.

— Мне ўжо даводзілася расказваць аб тым…

Гэта было ў студзені сорак чацвёртага. Мы наступалі пад Кіраваградам. Зіма. Стэп. Наш стралковы батальён вёў бой пад Вялікай Севярынаўкай. Была ноч, але было светла ад свежага снегу. Немцы атакавалі нечакана танкамі на кукурузным полі. Рассеялі батальён і пачалі распраўляцца з намі. Агонь быў вельмі густы. Мы адстрэльваліся. Я быў паранены ў нагу. Адзін танк павярнуў да мяне. Я кінуў супрацьтанкавую гранату, але прамахнуўся і толькі паспеў падабраць ногі. Танк літаральна ўціснуў у снег полы майго шыняля. Метраў праз дваццаць ад мяне лейтэнант Міргарад кінуў у гэты танк сваю гранату.

Танк не загарэўся, але развярнуўся і стаў. Мы паспелі дабрацца да сцірт, потым да палявой дарогі, там былі нашы фурманкі. Мяне прывезлі ў сяло, якое стаяла ў лагчыне. У хаце набралася чалавек пятнаццаць параненых. Ноччу я задрамаў на лаўцы. Раптам чую, нехта будзіць: «Быкаў, Быкаў…» Гляджу, нада мной стаіць камандзір батальёна. «Ты паранены?» — «Паранены». — «Хадзіць можаш?» — «Не». — «Наш батальён разграмілі…» Я разумеў, што ён збірае байцоў, каб арганізаваць абарону. Раніцай сяло зноў атакавалі нямецкія танкі, збілі абарону. Я выпаўз з хаты на дарогу, дзе мяне падабрала апошняя фурманка. Адзін танк спыніўся насупраць нашай хаты і расстраляў яе. Хата загарэлася. Відаць, усё гэта бачыў і мой камандзір батальёна, які, канешне, не ведаў, што за пятнаццаць хвілін да таго я выпаўз на вуліцу. Пасля шпіталя я трапіў у іншую часць. Падзеі тых дзён знайшлі адлюстраванне ў аповесці «Мёртвым не баліць», найбольш аўтабіяграфічнай з усяго мною напісанага.

Некалькі год назад я пабываў у тых мясцінах. Сяляне расказвалі, што забітых у студзеньскіх баях збіралі па стэпе і хавалі ўжо ў сакавіку, калі растаў снег. Можаце ўявіць, што там было. Вось так я і трапіў у спісы забітых. Дадому прыслалі паведамленне.

Колькі было такіх выпадкаў? Па сутнасці, усё жыццё на фронце праходзіла на валасок ад смерці. Памятаю, у Венгрыі заселі мы з «саракапяткамі» ля меліярацыйных каналаў. Я ляжу побач з гарматай у гразі тарфяніку. Спусціліся пацёмкі. Немцы зрэдку пастрэльвалі. Раптам перада мной моцны ўдар.

Выцер твар, гляджу, за паўметра з гразі тырчыць донца снарада. А калі б ён разарваўся?

— У мяне быў шынель, у якім я закончыў вайну, увесь прапалены, у некалькіх месцах прастрэлены, прабіты асколкамі. Па сутнасці, гэта чысцейшая выпадковасць, што тыя кулі і асколкі мяне не кранулі — большасць жа маіх таварышаў па Саратаўскім пяхотным вучылішчы з вайны не вярнуліся. Але і жменька тых, што засталіся ў жывых, прыйшлі з раненнямі і кантузіямі…

Васіля Уладзіміравіча многія лічаць чалавекам замкнёным, суровым, які трудна і неахвотна ідзе на кантакты. Гэта трохі насцярожвала перад сустрэчай. Хоць штосьці яўна не сыходзілася ў гэтых характарыстыках з тымі ўражаннямі, якія пакідалі ягоныя кнігі: адкуль жа ў такім выпадку гэтая бязмежная любоў і пяшчота да чалавека, гэтае ўсёпранікальнае разуменне яго? Адкуль гэтае спачуванне да сваіх герояў? Прызнаюся, я сустрэла менавіта такога Быкава, якім ён паўстае са старонак сваіх кніг: адкрытага і добрага, простага і шчырага, разумнага і чулага.

— …I вось калі з’явілася так званая другая хваля ваеннай прозы, калі пра вайну пачалі пісаць былыя лейтэнанты, салдаты, — гэта было сапраўднае адкрыццё: так па-новаму, пранізліва загучалі словы пра вайну… Я маю на ўвазе Юрыя Бондарава і Рыгора Бакланава, Віктара Астаф’ева і Яўгена Носава, Юрыя Ганчарова і Канстанціна Вараб’ёва. I, вядома, Уладзіміра Багамолава, чые кнігі «Іван», «Зося», а потым і больш позняя рэч, раман «У жніўні сорак чацвёртага…» — гэта аголеная праўда вайны, амаль дакументальная проза аб ёй. Я не хачу тым сказаць, што іншыя аўтары пішуць горш. Проста мне бліжэй тыя, каго я назваў. Менавіта іх проза і ўмацавала маё жаданне пісаць пра вайну…

Пісаў я аб тым, што бачыў і перажыў сам, што перажылі мае таварышы. Вядома, у маіх кнігах няма літаральнага ўзнаўлення перажытых жыццёвых сітуацый. Але ўсё, аб чым я пішу, так або інакш было.

— Ці быў такі камбат Валошын і сітуацыя, аб якой вы расказваеце ў аповесці «Яго батальён», — такі ж цяжкі бой і такі ж цудоўна смелы камбат, якога несправядліва адхілілі ад камандавання і які ўсё роўна працягваў ваяваць?