Выбрать главу

— У нас быў камандзірам палка Валошын, а прозвішча майго камбата было Смірноў. У пэўнай меры з яго спісаны воблік майго героя. Смірноў да вайны быў настаўнікам — спакойны, роўны, умеў абыходзіцца з падначаленымі. Ён моцна трымаў батальён у падпарадкаванні і ў баі цвёрда ўпраўляў ім. Наш Смірноў не загінуў, як Валошын, ён быў паранены пад Балатонам і, здаецца, вярнуўся з вайны.

Што такое камбат на фронце? Гэта як старшыня калгаса — на ім галоўная адказнасць за поспех справы. Камбату загадана наступаць, а немцы не даюць, салдацкія сілы таюць…

Такіх сітуацый, як у маёй аповесці, на фронце было нямала. Няўдалыя баі заўсёды звязаны з пэўнай нервовасцю, з сутычкамі і канфліктамі.

— Мабыць, вашым асабістым вопытам і вызначаецца ваш выбар галоўнага героя — маладога воіна, будзь то лейтэнант, сяржант, радавы?

— Натуральна. Сам я быў у стралковых падраздзяленнях, а ў іх амаль усім па васямнаццаць-дваццаць. Часам глянеш на ланцужок тых, што бягуць у атаку — адны хлапчукі. Вось таму і мае героі такія маладыя. Ведаеце, мне часта пішуць былыя франтавікі. Сярод іх пісьмаў ёсць і такія: маўляў, усялякае было на фронце, але навошта цяпер аб гэтым пісаць? Цяпер трэба штосьці і забыць, а штосьці не грэх і падправіць. Не магу з гэтым пагадзіцца. Не магу прыняць і такой формулы, калі пра чалавека кажуць: ён прайшоў усю вайну — значыць, ён герой. Для нас, франтавікоў, важна яшчэ, кім ён быў на гэтай вайне, дзе служыў. Некаторыя яе ўдзельнікі за ўсю вайну ні разу не стрэлілі. Пэўна, ад кожнага гэта і не патрабавалася. Армія ж, як дзяржава, у ёй важны і патрэбны і інтэндант, і начфін, і стралок, і разведчык. Але ступень рызыкі, перажытых цяжкасцей і ўклад у перамогу ў гэтых людзей розныя. Для мяне галоўны герой вайны той, хто са зброяй у руках біўся з ворагам. Вось чаму і пісаў і буду пісаць менавіта пра такіх герояў — непасрэдных удзельнікаў баёў, франтавікоў, партызан.

Аднойчы мяне спыталі: ці веру я, што энергія такіх людзей, як Іваноўскі, не гіне. Мне здаецца, што перажыванні аднаго чалавека, які ідзе на самаахвяраванне, не павінны знікаць без следу. Зноў жа чалавек, які пайшоў на самаахвяраванне, павінен быць упэўнены, што ягоны ўчынак патрэбны іншым і будзе па справядлівасці ацэнены імі.

— Вы гаварылі, што для пісьменніцкай работы неабходны жыццёвы вопыт. Вашы франтавыя аповесці ствараліся на франтавой аснове — вы ваявалі ў дзеючай арміі. А як жа вы пішаце пра беларускіх партызан, адкуль бярэце свае сюжэты?

— У мяне няма вопыту партызанскай барацьбы. Але ў Беларусі яго многа ўсюды. Як, напрыклад, нарадзілася «Воўчая зграя»? У часе блакады, акружэння насельніцтва ўцякала з вёсак, хавалася ад фашыстаў у лясах і балотах. Немцы, што называецца, рабілі «зоны пустынь», знішчаючы ўсіх. Вось аб адным з такіх выпадкаў мне расказалі, астатняе — справа ўяўлення.

— Дарэчы, аб гэтай аповесці. Памятаеце, на канферэнцыі чытачоў у лістападзе мінулага года ў бібліятэцы імя Леніна ў Маскве ў вас запыталі, чаму гэтая аповесць мае так званы «адкрыты канец» — чаму Ляўчук, які прыязджае ў горад, дзе жыве выратаваны ім хлопчык, цяпер ужо дарослы чалавек, як бы пабойваецца гэтай сустрэчы? Тады вы адказалі коратка, што фіналы могуць быць розныя. У «Трэцяй ракеце», «Альпійскай баладзе», «Абеліску» вы ставіце ў канцы кропку. У «Воўчай зграі» гэта павінен зрабіць чытач. Вы ж даеце чытачу магчымасць меркаваць, што Леўчука тут маглі сустрэць не належным чынам?

— Безумоўна. Час, на жаль, часта разрывае старыя сувязі, разводзіць людзей, іх кантактнасць меншае з гадамі. Я гэта ведаю па сабе. Памятаеце фільм «Беларускі вакзал»? Як міла бачыць, што гэтыя добрыя людзі захавалі франтавое братэрства! Але ў жыцці часта бывае інакш. Я намагаўся шукаць, знайсці старых сяброў. Шукаеш аднаго — знаходзіш другога: зусім не падобнага на таго, першага. Але затое ўтрая даражыш выпрабаванай старой дружбай. Тым больш калі яна пачалася на фронце, праверана ў баях.

З другога боку, час збліжае з новымі людзьмі, з якімі ты нібы ішоў рознымі шляхамі па жыцці, а яны аказваюцца табе блізкімі і дарагімі. Вось з Віктарам Астаф’евым мы разам не ваявалі, юнацкая дружба нас не звязвала, а адносіны ў нас самыя братэрскія — нам з ім высвятляць няма чаго, усё ясна.

Таму я і зрабіў «адкрыты канец» — у жыцці ўсё можа быць… Кім ён стаў, гэты выратаваны хлопчык? Хай чытач падумае.

— Аб апошняй вашай аповесці «Пайсці і не вярнуцца» многа пішуць і спрачаюцца і чытачы і крытыкі. Што падахвоціла вас напісаць гэтую драматычную гісторыю?