Выбрать главу

— Час дзеяння аповесці — фінал Сталінградскай бітвы. Сталінград многа значыў не толькі для фронту — яго перамога адгукнулася і на акупаванай тэрыторыі. У Беларусі Сталінград стаў паваротным момантам у развіцці партызанскага руху. Многія з тых, хто яшчэ не выбраў свайго шляху, вагаўся, менавіта пасля Сталінградскай перамогі пайшлі ў партызаны. Нават некаторыя паліцаі пачалі наладжваць сувязь з партызанамі. I толькі тыя, хто моцна заграз у злачынствах перад народам, засталіся пры сваім, робячыся яшчэ больш жорсткімі, і ішлі напралом, па лужынах крыві.

У гэтай аповесці мне хацелася паказаць шляхі выбару, прасачыць за псіхалогіяй чалавека, які стаў на шлях здрады, але раптам даведаўся пра Сталінград. Антыпод яму — Зося, якая зрабіла свой выбар даўно, у самым пачатку.

— У вас многа гераінь жанчын. Вы з вялікай цеплынёй і вельмі цнатліва пішаце пра жанчыну на вайне.

— Мне здаецца, што ў маіх аповесцях мала жанчын…

— А Джулія, Люся, Вера, Клава, Зося?..

— Наогул жанчына і вайна — штосьці ненатуральнае і несумяшчальнае. У баявых умовах жанчына заўсёды аказвалася болей уязвімай асобай, чым мужчына. Мужчыны старэйшыя асабліва добра гэта разумелі. Дзяўчаты таксама імкнуліся да тых, у кім яны бачылі нешта бацькоўскае, матчына нават. У арміі была пасада санінструктара роты, якую звычайна займалі дзяўчаты. Яны павінны былі аказваць першую дапамогу і эвакуіраваць параненых. Калі пяхота залягала пад агнём, яны паўзлі ад аднаго параненага да другога. Часта і гінулі так у першым баі.

Гэты цяжар пакут, які выпаў на долю жанчын на фронце, і прымушае нас з такім спачуваннем адносіцца да іх у літаратуры.

— Вашы многія творы экранізаваны, пастаўлены ў тэатры. Ці задавальняюць вас гэтыя работы?

— Сапраўды, тэатр і кіно часта звяртаюцца да маіх твораў. Радзей паспяхова. Але што рабіць, тут я не вінаваты. Самая ўдалая, на мой погляд, экранізацыя «Сотнікава», зробленая Ларысай Шапіцька. Фільм, як вы ведаеце, называецца «Узыходжанне». Чым гэта пастаноўка ў прынцыпе адрозніваецца ад іншых? Перш за ўсё псіхалагічнай заглыбленасцю ў тэму. Шапіцька не пайшла па лініі фіксацыі вобразаў аповесці, а імкнулася іх паглыбіць, драматызаваць сітуацыю, характары. У іншых выпадках мела месца аблегчанае адлюстраванне канфліктаў, ілюстрацыйнасць. Хоць сёе-тое ва «Узыходжанні» я як рэаліст і не прымаю. Напрыклад, эпізод, калі Рыбак пачынае выказваць любоў да сваёй ахвяры — Сотнікава. Тут ужо нешта ад цяжказразумелага, язычніцкага. Але гэта нельга палічыць і недахопам фільма. Проста тут іншы погляд мастакакінематаграфіста.

Як бы ні была глыбока і моцна звязана творчасць Васіля Быкава з мінулым, якое аддалена ад дня сённяшняга на тры з палавінай дзесяцігоддзі, яна глыбокая і па-сапраўднаму сучасная. Вернасць абавязку, мужнасць у сутычцы з ворагам, непрыняцце прыстасавальніцтва — хіба гэтыя праблемы зняў час, хіба ўсе маральныя пытанні вырашаны ў нашым жыцці? Вось чаму ваенная проза В. Быкава такая сучасная, вось чаму яго кнігі чытаюць у пяцідзесяці краінах свету, а ў нашых бібліятэках на Быкава запісваюцца ў чаргу. Яго заслугі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Васіль Уладзіміравіч ужо другі раз выбіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.

— Якія пытанні даводзіцца вам вырашаць, з чым да вас звяртаюцца людзі?

— Як дэпутату даводзіцца займацца рознымі пытаннямі, прабіваць нейкія рашэнні, дапамагаць гаспадарнікам даставаць матэрыялы. Неяк адзін старшыня калгаса сказаў, што яго калгас мог бы купіць самалёт — такі ён багаты. I на самой справе мог бы — і не толькі таму, што багаты, а таму, што, мабыць, самалёт лягчэй купіць, чым, скажам, платформу шыферу або бетонных апор, каб пашырыць кароўнік. Гаспадаркі разрастаюцца, а матэрыялаў не хапае. Цяпер, як мне здаецца, вёска можа развівацца толькі пры рознабаковай дапамозе ёй усёй эканомікі. Тэхнікі ж на вёсцы поўна. Але гэтая тэхніка паразбівала дарогі і сама на іх гразне, гробіцца з-за бездарожжа. Зразумела, праблема дарог у сельскай мясцовасці турбуе, клапоціць і гаспадарнікаў і мяне як дэпутата. Было б няправільна разглядаць яе як праблему вузкую: у яе ўпіраецца развіццё ўсёй сельскай эканомікі. Аб гэтым, дарэчы, быў глыбокі і цікавы артыкул у «Правде» Васіля Бялова, пісьменніка, шчыра заклапочанага праблемамі сучаснасці.

Часта да мяне як да дэпутата звяртаюцца людзі пажылыя наконт пенсій. Па магчымасці стараюся дапамагаць, бо клопаты пра людзей, якія шмат працавалі і ваявалі — наш свяшчэнны абавязак.