Выбрать главу

…Жывыя клапоцяцца пра жывых, берагуць памяць забітых. Сярод іх нябачна жывуць і героі Васіля Быкава, як сведчанне чалавечнасці, як напамінак пра абавязак перад тымі, хто недажыў, недакахаў.

— Васіль Уладзіміравіч, што б вы хацелі пажадаць чытачам «Советской культуры»?

Верыць нашай літаратуры, бо літаратура ў цэлым служыць чалавеку і падобна да кропляў вады, якія дзяўбуць камень. Яна таксама з дзіўнай настойлівасцю пракладвае ў чалавечай свядомасці шлях да дабра і справядлівасці.

Гутарку вяла Н. Кузняцова.

[1980]

[ІНтэрв’ю газеце «Неделя»]

— Васіль Уладзіміравіч, можа, парушым «пратакол» гэтай старонкі «Недели» і пачнём з фіналу: высветлім вашы адносіны да гумару. Пра лічбу 13 не пытаюся…

— А я якраз з цікавасцю паслухаў бы чалавека, якому лічба 13 дапамагла ў жыцці або, наадварот, перашкодзіла яго парыву дасягнуць дасканаласці… Што датычыць гумару, дык я люблю і востры жарт, і дасціпнасць, і сатыру, і «лёгкія» жанры. Але гумар абавязкова павінен быць дарэчы. Не цярплю, калі хто-небудзь пачынае «хахміць», асабліва на тэму мінулай вайны. А трэба прызнаць, што ўжо мільгаюць у літаратуры і ў мастацтве прыхільнікі «ваеннага лёгкага гумару», сёй-той спрабуе ствараць ледзь не вадэвілі пра вайну. Але ж яшчэ баляць і крывавяць раны, яшчэ аплакваюць маці сваіх сыноў, якія не вярнуліся з вайны; хіба тут да гумару?..

— Менавіта таму вашы творы расказваюць выключна пра вайну, пра людзей на вайне?

— Прызнацца, у час вайны я не мог чытаць нічога, напісанага пра яе ў жанры мастацкай літаратуры. Занадта вялікая была розніца паміж кніжным адлюстраваннем людскіх пачуццяў і сапраўднымі пачуццямі, асабліва тымі, якія бушавалі на палях баёў. А пасля вось, калі ласка, сам пачаў пісаць. I толькі пра вайну. Нас, франтавікоў, вайна біла ва ўпор, страляла ў сэрца кожнага з нас. Тым, хто вырваўся з яе пекла, яна сніцца і цяпер, праз трыццаць год пасля перамогі. Раней снілася кожную ноч, цяпер радзей, але надта глыбока сядзіць яна ў нашай свядомасці. У тым, што я пішу толькі пра вайну, вінаваты не я — вайна вінавата.

— А як пачалося гэта пісанне? Я чуў, што вы ў дзяцінстве малявалі, марылі стаць мастаком. Ці быў які-небудзь канкрэтны імпульс, што падштурхнуў вас пісаць?

— Быў такі, калі можна так сказаць, «імпульс», добра яго памятаю: аповесць Рыгора Бакланава «На поўдзень ад галоўнага ўдару». Таленавітае мастацкае апавяданне аб драматычных баях пад Балатонам, кульмінацыяй якіх стаў захоп фашыстамі венгерскага горада Секешфехервара. Тым, хто ваяваў на Трэцім Украінскім фронце, мабыць, да канца дзён запомнілася гэтая нязвыклая для рускага слыху назва… Прачытаўшы аповесць Бакланава, я зразумеў: можна напісаць пра вайну з вычарпальнай праўдзівасцю і глыбінёй. I адважыўся зрабіць першую, даволі нерашучую спробу ў гэтым напрамку, напісаўшы аб падзеях, праўда, далёкіх ад зімы 1945 года. Аповесць «Жураўліны крык» пабачыла свет у 1959 годзе ў часопісе «Маладосць». З яе і пачалося маё, як вы сказалі, «пісанне».

— Як вы лічыце, што вам ужо ўдалося сказаць пра вайну і што яшчэ хацелася б сказаць? Якія адкрыцці чакаюць нас, вашых чытачоў, у новай быкаўскай прозе?

— Што ўдалося? Часам так бывае: калі пішаш, здаецца, быццам нешта ўдалося або, па меншай меры, удаецца.

А напішаш — і незадаволены! Не так, не тое!.. Мяркую, што мне, у ліку іншых, удалося стварыць у літаратуры маленькі кавалачак вялікай вайны, названы салдацкай праўдай. Калісьці крытыкі папракалі мяне за «акопную праўду», укладваючы ў гэты тэрмін нейкі свой негатыўны сэнс. Не ведаю, што яны мелі на ўвазе пад «акопнай праўдай». Я ж у першую чаргу бачыў у ёй псіхалогію чалавека, які застаўся сам-насам з ворагам або акоп якога прасуе гусеніцамі варожы танк… Хіба нам абыякава, нецікава, што ў такі момант адчувае чалавек? Перакананы: у гэтай галіне — безліч не пазнанага, не даследаванага яшчэ нашай літаратурай, на жаль, яно паступова адыходзіць з народнай памяці. Але і сёння з’яўляюцца ўсё новыя, цудоўныя па сваёй праўдзівасці творы пра вайну. Ну, хоць бы новыя аповесці і апавяданні Кандрацьева, аповесць Адамовіча «Карнікі», надрукаваная ў «Дружбе народов». Гэта зусім новыя старонкі вайны, сапраўдныя адкрыцці салдацкіх характараў…

Мне таксама хацелася б у наступных творах зрабіць такія адкрыцці. Ці ўдасца? Не ведаю. «Хачу» і «магу» — паняцці нярэдка процілеглыя…

— Вядомы такі эпізод з вашай біяграфіі: у баях за Кіраваград лейтэнант Васіль Быкаў быў забіты, а потым пахаваны, аб чым маці ў свой час атрымала афіцыйнае паведамленне…