— Так. Пахаваны ў брацкай магіле ля вёскі Вялікая Севярынаўка. Але я быў толькі паранены. Выжыў па чыстай выпадковасці. У сваіх аповесцях я пісаў аб тым, што бачыў і перажыў сам, што бачылі і перажылі мае таварышы. Вядома, у маіх кнігах няма літаральнага ўзнаўлення вайсковых сітуацый, але ўсё, аб чым я пішу, так або інакш было. Ніхто з ветэранаў, напрыклад, удзельнікаў баёў за Кіраваград, не папракаў мяне ў скажэнні фактаў. А характары, мастацкія вобразы — гэта ўжо прэрагатыва пісьменніка. Хоць пісьменнік зусім вольны ў іх стварэнні і кіруецца прытым адзіна мастацкай логікай, я мог бы даць справаздачу ў сваіх матывах і назваць прататыпы. Калі б у гэтым з’явілася неабходнасць або хтосьці, скажам, запярэчыў у тым сэнсе, што такіх характараў у гады вайны не было і быць не магло, я назваў бы рэальныя імёны рэальных людзей.
— Колькі ж, так сказаць, «працэнтаў» асабістага вопыту закладваеце вы ў свае творы?
— Усё, што прыгодна, памножанае на ўяўленне. Дзе не стае аднаго, выручае другое. Каб напісаць адзін твор, зразумела, добры, трэба, як вядома, усё жыццё і яшчэ трошкі…
— А як жа з вашымі партызанскімі аповесцямі? Вы прайшлі франтавую вайну артылерыстам, камандзірам стралковага ўзвода, узвода аўтаматчыкаў:, але ж у партызанах вы не былі…
— Прадбачыў гэта пытанне… I ўсё ж партызанскія аповесці напісаны на аснове асабістых ведаў, уяўленняў, а галоўнае — пранікнення ў псіхалогію чалавека на вайне. Гэта толькі здаецца, быццам сутнасць партызанскай барацьбы і франтавой вайны розная. На справе ж і тут і там усё вырашала адно, старое, як свет, і заўсёды балючае пытанне — жыць або памерці. Усім выжыць было немагчыма, а паміраць ніхто не хацеў. У гэтай невырашальнасці галоўная сутнасць усялякага твора на тэму вайны. Усё астатняе — прыватнасці, якія не маюць для пісьменніка занадта вялікай праблемы.
— Некаторыя чытачы пытаюцца: чаму ў кожным творы Быкава існуе здраднік?
— Прырода гераічнага нам блізкая і зразумелая. Зразумела, напрыклад, што менавіта кінула Аляксандра Матросава на амбразуру дзота, што павяло на смерць маладагвардзейцаў, Зою Касмадзям’янскую, падпольшчыкаў Мінска. Іх паводзіны — гэта норма паводзін савецкага чалавека. Норма! Але чаму ж так бывае: тысяча, дзесяць тысяч чалавек страляюць па ворагу, а адзін раптам (ці раптам?) паварочвае зброю і страляе ў сваіх. Чаму? Гэта ж яўнае адхіленне ад «нормы»! Магчыма, ён вучыўся ў адной школе з Зояй Касмадзям’янскай або з маладагвардзейцамі, нават сядзеў на адной парце з героем! Што, дзе, калі зрабіла яго здраднікам? Згадзіцеся, што разабрацца ў прыродзе здрадніцтва таксама неабходна. Для чаго? Каб выкараніць гэтую прыроду, каб у будучым не было ні аднаго здрадніка. Таму я і выводжу на старонках сваіх кніг такіх людзей, як Рыбак, Пшанічны, і іншых…
— Скажыце, калі ласка, Васіль Уладзіміравіч, чым вы больш за ўсё даражыце ў сваіх творах?
— У сваіх? Хутчэй ва ўсіх і ўсялякіх: праўдай! Праўда недзялімая, гэта даўно вядома. Іншая справа, што кожны з нас, з прычыны пэўнай абмежаванасці асабістага вопыту, можа валодаць толькі некатораю часткай жыццёвай праўды (гэта я вяртаюся да «акопнай праўды»); іншую, вялізную частку папаўняе ў нашай свядомасці вопыт іншых — блізкіх, знаёмых, грамадства ў цэлым. Нам, франтавікам, тым, хто, як кажуць, меў «непасрэдную» справу з ворагам, блізкая і зразумелая наша праўда смяртэльнай сутычкі… Другім праўда вайны знаёма не па перарытых мінамі палях, не па акопах, а па камандных пунктах, штабах, рэдакцыях ваенных газет… Што ж, іх вопыт таксама карысны і патрэбны ў справе стварэння агульнай, праўдзівай, шматскладанай карціны вайны. Кожны мастак прыходзіць у мастацтва перш за ўсё з праўдай асабістага вопыту, з асабістым разуменнем і тлумачэннем свету. Справа чытача — меркаваць аб меры яго праўдзівасці, аб ступені яго праваты. Думаю, чытач і рассудзіць.
— I на кінаэкране, і на сцэне ўсё часцей з’яўляюцца быкаўскія героі. Ці задаволены вы імі? Ці задавальняюць вас кінематаграфічны і тэатральны эквіваленты вашых празаічных твораў?
— Што рабіць, кіно заваявала кантыненты і пануе ў свеце мастацтваў побач з такім папулярным і дзейсным партнёрам, як тэлебачанне. Тэатр застаецца трохі ззаду — не тая, як кажуць, энергія, «менш электрычнасці». Да таго ж тэатру патрэбна вельмі сур’ёзная (нават калі і камедыйная!) драматургія ў якасці генератара ідэй і высокай духоўнасці… Шчыра кажучы, літаратурныя героі мне больш падабаюцца, чым кінематаграфічныя і тэатральныя, за рэдкім выключэннем.