Выбрать главу

— Калі можа адбыцца сустрэча чытачоў з новымі літаратурнымі героямі Васіля Быкава?

— Я не праграмую сваіх намераў. Больш спадзяюся на не дужа пахвальны, але вельмі блізкі рускі «авось». Авось калінебудзь што-небудзь і выйдзе з-пад майго пяра.

— Але як хутка?

— Авось хутка.

— Што б вы хацелі пажадаць чытачам «Недели»?

— Толькі чытаць пра вайну. У горшым выпадку — толькі пісаць пра вайну. Выключна пра мінулую. Ну, і здароўя, вядома, здароўя.

Інтэрв’ю вёў М. Матукоўскі.

[1980]

Векапомнае

Трыццаць пяць год назад скончылася найвялікшая бітва народаў зямлі з самым каварным і моцным зверам, які калінебудзь паяўляўся на нашай планеце, — з нямецкім фашызмам. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа прынесла нашай Радзіме выдатнейшую з перамог, якой па праву ганарыцца ўсё чалавецтва. Гэтая перамога патрабавала велізарнага напружання ўсіх сіл, найвялікшай стойкасці і вытрымкі і каштавала дваццаці мільёнаў чалавечых жыццяў.

Не ўпершыню было Беларусі трываць жах варожай навалы, але такой яшчэ не здаралася за ўсю шматпакутную гісторыю нашага народа. Франтавы ўраган двойчы пракаціўся праз яе палі і лясы, вёскі і гарады, руйнуючы ўсё на сваім шляху. Час паміж гэтымі двума руйнаваннямі таксама не даў ні дня перадыху. Народ узняўся на барацьбу з захопнікамі, і ўсе дні і ночы пад змрокам акупацыі ішла зацятая вайна на дарогах, у лясах, у мястэчках і гарадах Беларусі. Неўміручаю славай на вякі пакрылі сябе народныя мсціўцы — беларускія партызаны, паўмільённая армія якіх была гразой для нямецкіх захопнікаў. У партызанскіх радах побач з беларусамі змагаліся прадстаўнікі ўсіх братніх рэспублік, якія агульнымі намаганнямі блізілі час Перамогі. А мільён беларусаў біўся на фронце, губляючы жыцці лепшых сваіх сыноў у часе вызвалення расійскіх абласцей, Украіны, Малдавіі, Прыбалтыкі. Так было змацавана баявое брацтва народаў нашай краіны, якое прайшло суровае выпрабаванне на палях найвялікшай з войнаў.

У суровых выпрабаваннях вайны кавалася выдатнае майстэрства савецкіх палкаводцаў, генералаў і афіцэраў арміі і флоту. Але найвялікшыя выпрабаванні, мусіць, выпалі на долю салдата, партызана, чыёй крывёй, упартасцю і ўмельствам у значнай ступені набліжалася перамога над дужым і вымуштраваным ворагам. Гэтая перамога была б немагчыма без паўсядзённай арганізуючай і накіроўваючай ролі Камуністычнай партыі, без самаадданай барацьбы мільёнаў яе членаў, якія былі ў авангардзе барацьбы як у нямецкім тыле, так і на палаючых франтах вайны. Многія з іх загінулі, але на іх месца заступалі другія, што ў самым пекле баёў станавіліся камуністамі і сваім натхняючым прыкладам цэментавалі рады змагароў.

Выдатныя традыцыі братняга адзінства развіваюцца на працягу ўсіх год мірнага будаўніцтва. Як ніколі раней, у нас стала многа сяброў у краінах сацыялізму, і цяпер мы мацуем сардэчныя адносіны дружбы з нашымі суседзямі на захадзе — палякамі, чэхамі, румынамі. Немцы з ГДР — нашы сябры, таксама як і венгры, не кажучы ўжо пра балгарскі народ, традыцыі дружбы з якім цягнуцца з даўніх часоў. Мусіць, у гэтым яднанні — залог нашае светлае будучыні.

Вялікая Айчынная вайна нашага народа дала чалавецтву шмат вялікіх і векапомных урокаў, якія вывучаюцца і берагуцца народамі свету. Але галоўны з іх, мусіць, заключаецца ў тым, што несправядлівасць рана ці позна будзе асуджана на паражэнне, а праўда заўжды пераможа.

Так заўсёды было ў гісторыі, і будзем спадзявацца, што так будзе і надалей.

[1980]

Кузьма Чорны

Кузьма Чорны — класік беларускай літаратуры, да гэтага вызначэння мы прывыклі яшчэ ў школе. Сапраўды, усё створанае ім — прыклад глыбіні і складанасці, мастацкасці і праўдзівасці, да яго небывалых у беларускай літаратуры.

На шырокім матэрыяле шматпакутнага народнага жыцця Чорны стварыў хвалюючую галерэю нацыянальных характараў, у якіх з незвычайнай яркасцю адлюстраваўся мяцежны дух часу, поўны драматычнай барацьбы за хлеб і чалавечую годнасць. Найперш у гэтым несумненныя заслугі перад нацыянальнай культурай мастацкай прозы Кузьмы Чорнага.

Аднак значэнне К. Чорнага выходзіць далёка за межы адной толькі нацыянальнай культуры. Як і кожны сапраўдны мастак, ён не змяшчаецца ні ў рамках сваёй культуры, ні ў сферы свайго часу. Раманы К. Чорнага чытаюць многія народы свету, знаходзячы ў іх сугучныя сваім думкам мыслі, пазнаючы ў далёкім сваё, цераз асобнае і чужое спасцігаючы вялікае і агульнае. У яго лепшых рэчах выяўляецца духоўная роднасць з ідэямі такіх гігантаў думкі, як Л. Талстой і Ф. Дастаеўскі. Улюбёныя матывы журботнай іх музы дзе прыглушана, а дзе і яўна гучаць між радкоў беларускага мастака слова, уліваючыся ў агульны хор апосталаў дабра і справядлівасці.