Выбрать главу

Поспех «Зацюканага апостала» несумненны і агульнапрызнаны, але ён не стаў вызначальным для далейшай творчасці драматурга, улюбёнай стыхіяй якога ўсё ж засталася вёска і адвечныя яе праблемы. Тут ён падняў самыя глыбінныя пласты народнага жыцця і стварыў вобразы-тыпы, якім жыць доўга. Далёка на тэатральных падмостках разышліся ягоныя Калібераў і Мошкін, Лявон Чмых са сваёю Лявоніхай, Цярэшка Калабок, дзед Каравай, персанажы яго апошняй камедыі. I гэта зразумела. Валодаючы багатым жыццёвым вопытам, пільна прыкмячаючы змены грамадскай атмасферы краіны, выдатна адчуваючы душу селяніна наогул і селяніна-калгасніка ў прыватнасці, з густам наследуючы лепшыя мастацкія традыцыі класічнага тэатра, Андрэй Макаёнак таленавіта і дакладна стварае яркія народныя характары ў тыповых абставінах іх жыцця.

Талент драматурга безумоўны, ён ушанаваны ў многіх краінах свету, але, мусіць, яго было б недастаткова для ўсяго ім створанага. Гэты талент памножыўся яшчэ гарачым сэрцам грамадзяніна, ягонай няўрымслівасцю, тым несумненным фактам, што ягоны характар апаліла вайна. Так, вайна, якая сама па сабе ўвасабленне драматызму; што датычыць Андрэя Макаёнка, дык яна для яго стала драматычнай яшчэ і ў асабістым сэнсе. Перажыўшы на фронце шэраг цяжкіх баёў, палітрук Макаёнак быў цяжка паранены ў Крыме і цудам застаўся жыць, каб стварыць тое, што ён стварыў у мастацтве да сваіх шасцідзесяці гадоў. Нягледзячы на немаладыя гады Андрэя Макаёнка, яго драматычны талент знаходзіцца ў самым росквіце, і народны пісьменнік Беларусі, прызнаны майстар-камедыёграф здольны яшчэ на многае. Дык пажадаем яму новых выдатных камедый і шматлікіх вобразаў-тыпаў, выхапленых з нашага неспакойнага, складанага, вірлівага жыцця.

[1980]

Паэзія дабрыні і мужнасці

Мабыць, самы прыгожы з усіх беларускіх шляхоў — лясны шлях з Мінска на Полацк. Люба ездзіць па ім улетку, калі лясы набіраюць сваю лісцёвую моц і стаяць па абодва бакі, нібы трапічныя джунглі; люба ўвосень, у пару залатога лістапада азіраць яго страката-маляўнічую прыгажосць ці нават зімой, маразамі, калі бары абапал гасцінца апранаюць свой срабрысты ўбор і ўсё навакол замірае ва ўрачыстым маўчанні.

Пасля Плешчаніц стужка шашы нырае ў самыя лясныя нетры, і стромкія сосны жоўтай медзяной сцяной сціскаюць асфальтку, якая то віляе з пагорка на пагорак, то пераскоквае рэчкі, то доўга ўецца між баравых цяснін. Але перад Бярэзінай бары расступаюцца, даючы месца паселішчу, якое нечакана вынікае за чарговым пагоркам россыпам сваіх несамавітых дамкоў, аўтобуснай станцыяй, некалькімі шэрымі сілікатнымі збудаваннямі. Гэта Бягомль. Тут прамінулі далёкія ўжо дзіцячыя гады выдатнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі.

Нездарма я пачаў з дарогі і лесу — трэба да іх прыглядацца пільней і бачыць больш, чым мы прывыклі бачыць звычайна. Гэта асабліва дарэчы, калі гаворка ідзе пра паэта і яго маленства — выток яго душэўнай і паэтычнай сутнасці. Уражлівая дзіцячая душа, сама не ведаючы таго, найперш бярэ ад прыроды, ад звыклага для сябе асяроддзя ўсё тое, што пасля пераплавіцца ў дыямент паэтычнасці і на шмат год, калі не на ўсё жыццё, вызначыць характар светаўспрымання паэта. Пімену Панчанку ў гэтым сэнсе пашэнціла: мусіць, не шмат знойдзецца ў Беларусі такіх першаісных лесавых мясцін, дзе чалавек і прырода на працягу стагоддзяў суіснавалі ў добрай згодзе, у гарманічным адзінстве, без фальшу і хцівасці, дабром і ласкай уплываючы адзін на аднаго.

Канешне, за гады жыцця Пімен Панчанка нагледзеўся рознага; у свой час адбылося і знаёмства з хцівасцю свету, яго сподам і злом; нямала лепшых гадоў адабрала вайна, калі вырашалася элементарнае: жыць ці не жыць. Але першаіснае, аснова характару Панчанкі-паэта і Панчанкі-чалавека, мабыць, бярэ свой пачатак менавіта ад зямлі, на якой пралеглі яго першыя дзіцячыя крокі — ад ягонай Бягомельшчыны.

Панчанка, як паэтычны характар, надзвычай гарманічны і цэласны, ён не дужа імкнецца да навізны тэм, здаецца, не надта займаюць яго фармальныя паэтычныя пошукі, — здаўна і надоўга яго цікавяць «ісціны простыя, як хлеб, і праўдзівыя, як плач дзіцяці».

Мусіць, гэта і правільна, бо час, на які прыпадае паэтычная дзейнасць паэта, не дужа спрыяў пошукам паэтычнай вытанчанасці, затое густа агалашаўся дзіцячым плачам; і хлеб для мільёнаў быў даражэйшы за золата. Ён даваў жыццё, адстаяць якое было не дужа проста ў свеце, дзе грымелі баі і ліліся рэкі крыві. У той агняны час Панчанка выдаў тры паэтычныя зборнікі, у якіх мноства выдатных вобразаў, нібы на камені выбітых думак. Але мяне асабіста да ўтрапёнай нематы ўражвае ягоны невялічкі вершык «Герой» з яго шырокавядомымі, такімі бязлітаснымі ў сваёй крывавай праўдзівасці радкамі: