Выбрать главу

Будучы шмат гадоў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», Пімен Панчанка выхаваў цэлую пляяду маладых тады беларускіх паэтаў; іншыя ж выхоўваліся ў літаратуры не без уплыву ягонай надзвычай чалавечнай паэзіі. Але ён уплываў не толькі на паэзію. У якасці галоўнага рэдактара ён меў даволі рэдкую па тым часе (а па цяперашнім і тым болей) завядзёнку першым чытаць аўтарскія рукапісы і тым вызначаць іхні лёс у часопісе. З яго рэдактарскага блаславення ў «Маладосці» з найменшымі стратамі былі надрукаваны шмат якія з аповесцей аўтара гэтых радкоў. У шматлікіх выпадках ён цалкам давяраў аўтару, калі бачыў у ім несумненны талент, і на розныя прэтэнзіі сваіх супрацоўнікаў звычайна казаў: «Нічога не чапайце, хай так ідзе!» Панчанка, калі было трэба, не скупіўся на пахвалу, хоць, валодаючы дасканалым літаратурным густам, мог быць прыдзірлівым і патрабавальным, калі таго вымагаў твор. Але гэтая патрабавальнасць ішла ад неспатольнага клопату за росквіт роднай літаратуры, развіццё роднай мовы.

Песню сваю, мову сваю Я да грудзей прытульваю.

Пімен Панчанка нямала стварыў у беларускай літаратуры за амаль паўстагоддзе сваёй творчай дзейнасці. Значэнне яго паэзіі цяжка пераацаніць. Яго паэтычныя вобразы даўно жывуць у свядомасці яго чытачоў, вывучаюцца дзецьмі ў школах. На лепшых здабытках ягонай лірыкі выхоўваліся дзясяткі маладзейшых, цяпер шырока вядомых паэтаў Беларусі, яна склала яркую і непаўторную старонку ў гісторыі нацыянальнай паэзіі.

[1980]

Яркае і самабытнае дараванне

У гэтым двухтомніку сабрана толькі частка таго, што стварыў у беларускай літаратуры вядомы празаік, паэт і драматург Уладзімір Караткевіч.

Упершыню яго імя з’явілася ў друку ў 1955 годзе пад вершам «Машэка», змешчаным у часопісе «Полымя». Затым вершы Уладзіміра Караткевіча працяглы час друкаваліся ў розных выданнях, выйшлі ў трох паэтычных зборніках, якія былі аднагалосна ўхвалены крытыкай і з цікавасцю сустрэты чытачом. Сапраўды, у асобе маладога аўтара беларуская паэзія набыла тады яркае і самабытнае дараванне, поўнае паэтычнай узнёсласці, смелай метафарычнасці і глыбіні. У апавяданнях, якія У. Караткевіч пачаў пісаць адначасна з вершамі, таксама былі шматлікія адзнакі самабытнасці яго паэтычнага таленту, і многія з іх чыталіся як вершы ў прозе. Можна нават сказаць, што ранняя апавядальная проза У. Караткевіча нейкім чынам дала яе аўтару новыя творчыя магчымасці, ніколькі не звужаючы яго паэтычнай сутнасці. Усхваляванае светаўспрыняцце, замілаванне жыццём, яго разнастайнымі праявамі загучала ў іх на поўны, нічым не прыглушаны голас. Для крытыкаў і для прыхільнікаў таленту У. Караткевіча меліся ўсе падставы меркаваць, што іхні кумір надоўга застанецца ў межах ім абранага і такога прывабнага для многіх жанру. Як ні парадаксальна, але менавіта ў гэты час у таленце У. Караткевіча з’явілася і надоўга зацвердзілася яшчэ адна яго адметная схільнасць — паглыбленая цікавасць да гістарычнай мінуўшчыны нашага народа.

Можа быць, гэта таксама можна зразумець і вытлумачыць, бо пры даволі развітай разнастайнасці фальклорнага і паэтычнага жанраў беларускай літаратуры доўгі час не ставала гістарычнай прозы, якая ў развітых і старых літаратурах з’яўлялася даўнім і раўнапраўным літаратурным жанрам. Драматычны, а часам і трагічны змест гістарычных падзей, якімі так багата мінулае нашага народа, амаль не пакінулі літаратурных сведчанняў і, вядома ж, ляжалі па-за асабістым вопытам пазнейшых пакаленняў літаратараў. Для мастацкага ўвасаблення мінулага літаратура мела патрэбу ў таленце асобага роду, такім, які б, валодаючы багатым запасам канкрэтных гістарычных ведаў, меў яркае паэтычнае ўяўленне, каб з даўняй сівой мінуўшчыны чэрпаць натхненне для літаратурнай творчасці. Дзеля справядлівасці, аднак, трэба сказаць, што гэтая мінуўшчына не заставалася нікім не кратаная: за апошнія дзесяцігоддзі беларускімі аўтарамі рабіліся некаторыя спробы пранікнуць у гісторыю краіны, але гэтае пранікненне не ішло далей сярэдзіны ці другой паловы XIX стагоддзя. Асаблівую цікавасць выклікала легендарная постаць Кастуся Каліноўскага, аб якім у розныя часы было напісана багата твораў у розных літаратурных жанрах.

Сталася так, што менавіта Кастусь Каліноўскі і трагічнае паўстанне 1863 года прыцягнулі пісьменніцкую ўвагу Караткевіча-празаіка, і ў беларускім друку з’явіўся першы, а затым другі том яго гістарычнага рамана «Каласы пад сярпом тваім». Аб гэтым рамане ў свой час выказваліся розныя меркаванні: поўныя захаплення ацэнкі чаргаваліся з сур’ёзнымі папрокамі аўтару, якія таксама можна зразумець па-рознаму. Але ўжо тады было несумненна, што пры ўсёй спрэчнасці некаторых аўтарскіх трактовак і палажэнняў, такой шырыні ахопу пэўнай гістарычнай эпохі і такога паэтычнага пранікнення ў яе яшчэ не было ў беларускай прозе. Твор гэты пакуль што не скончаны, але, трэба думаць, аўтар яшчэ парадуе сваіх прыхільнікаў з’яўленнем апошняга, завяршальнага тома, і тады з’явіцца магчымасць па ўсёй справядлівасці меркаваць аб яго вартасцях, а таксама недахопах, звычайна непазбежных для літаратурных здзяйсненняў такога маштабу.