У 1964 годзе ў часопісе «Маладосць» быў надрукаваны гістарычна-прыгодніцкі дэтэктыў «Дзікае паляванне караля Стаха» — адзін з самых папулярных твораў Уладзіміра Караткевіча. У адрозненне ад некаторых іншых, часта перанаселеных твораў тут небагата дзейных асоб, амаль усе падзеі адбываюцца ў маёнтку «Балотныя яліны» і вакол яго, у цэнтры чытацкай увагі — абаяльны вобраз маладой гаспадыні маёнтка і не меней сімпатычнага госцяапавядальніка. Створаная паводле выпрабаваных канонаў прыгодніцкай рамантыкі, гэтая аповесць мае і нешта адметнае ў сваёй структуры, нейкую ўласцівую ёй таямніцу-загадку, якую нават цяжка растлумачыць з пазіцый фармальнай логікі, а можна хіба адчуць. I справа тут, канешне ж, не толькі ў напружанасці прыгодніцкага сюжэта, які, дарэчы, па-майстэрску распрацаваны ў аповесці, і не ў загадкавастрахавітых малюнках кавалькады «дзікага палявання», што гойсае на сваіх «дрыкгантах» па лясах, наводзячы жах па наваколле. На мой погляд, тут моцна ўражвае нешта іншае, што ідзе, мабыць, з далёкіх нетраў жыцця, а таксама ад лепшых традыцый літаратурнага рамантызму ў духу Майна Рыда, Вальтэра Скота, Генрыха Сянкевіча. Ва ўсякім разе на прыкладзе гэтай аповесці лішні раз пераконваешся ў тым, які добры вынік дае гарманічнае спалучэнне пэўнага характару літаратурнага таленту і падлеглай яму творчай задачы. У «Дзікім паляванні караля Стаха» ўсё сышлося ў сваёй залатой меры.
Між тым талент Караткевіча — гістарычнага празаіка — развіваўся і набываў новую сілу. На працягу двух дзесяцігоддзяў у друку рэгулярна з’яўляліся яго новыя празаічныя творы, навеяныя драматычнымі перыпетыямі нашай гісторыі. Сярод іх значнае месца займае прыгодніцка-рамантычная гісторыя Хрыста, які «прызямліўся ў Гародні», і жанр якой трохі не без іроніі пазначаны аўтарам як «Евангелле ад Іуды». Кніга гэтая адметная ад іншых твораў данага жанру шматлікімі дадатнымі якасцямі: грунтоўнасцю гістарычнага мыслення, багаццем і маляўнічай выразнасцю апісанняў, часам блізкіх да жывапісу Іераніма Босха, уменнем аўтара з ненатужнай дакладнасцю ствараць шматлікія вобразы людзей розных саслоўяў: прасталюдзінаў, духавенства, рамеснікаў, гандляроў, а таксама магнатаў і духавенства таго далёкага часу, ад якога не шмат захавалася нават скупых гістарычных даведак. Але, можа, найбольшая вартасць кнігі ў яе выразных гуманістычных і выкрывальніцкіх тэндэнцыях, асабліва ў адносінах да ўсяго, што датычыцца «власть придержащих», якія ў сваёй сквапнасці да ўлады не спыняюцца ні перад крывёю і зладзейскім падманам, ні перад фальшам высокіх слоў. Бог, вера, хрысціянская мараль — толькі шырма ў іх эгаістычным імкненні да ўлады над чэрню. Чытача вабіць доўгая чарада часам смешных, а болей жудасных прыгод у межах старой Гародні і яе ваколіцах жменькі міжвольных авантурыстаў на чале з мужыцкім Хрыстом-Братчыкам, у якога ўсё болей і болей выспявае сацыяльная самасвядомасць разам з гатоўнасцю пастаяць за праўду простых людзей. Чытача не могуць не ўразіць шмат якія з густам і амаль з брэйгелеўскім размахам створаныя малюнкі гарадскога і сельскага побыту, жахлівыя крапасныя баталіі на «касталомных вежах». Але, можа, найбольшае ўражанне робіць фінальны раздзел кнігі, калі пасля многіх старонак барацьбы і кровапраліцця настае спакой, і Братчык з сябрамі, паслаўшы Іуду па гарэлку, бяруць сявенькі і пачынаюць засяваць асеннія гоні. «Іуда ўжо знік. Неапалімыя купіны дрэў стаялі на ўзгорках. Сумавала вакол капліцы шыпшына. А сейбіты падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара. I першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі. I, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую мяккую зямлю. Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая», — узнёсла-патэтычна заканчвае аўтар, і гэта гучыць сапраўды як з самых глыбінь быцця.
Гістарычны і прыгодніцка-рамантычны жанр, мабыць, на шэраг год стаў улюбёным літаратурным жанрам Уладзіміра Караткевіча. Няспыннае вывучэнне мінулага па архіўных і літаратурных крыніцах, шматгадовае ўдумлівае асэнсаванне атмасферы, духу, псіхалогіі людзей даўніх часін выпрацавала ў аўтара пэўнае мастацкае, інтуітыўнае адчуванне матэрыялу, звычайна не даступнага іншым пісьменнікам. З-пад яго пяра выходзяць усё новыя творы, прысвечаныя гісторыі і нязменна азначаныя лепшымі рысамі яго непаўторнага таленту («Сівая легенда», «Цыганскі кароль», «Човен роспачы» і інш.). У 1979 годзе ў друку з’явіўся пачатак новага прыгодніцкага рамана У. Караткевіча «Чорны замак Альшанскі», працу над якім аўтар яшчэ не скончыў. Але ўжо створанае ім красамоўна сведчыць, што ў ягонай асобе мы маем справу з рэдкім літаратурным талентам, які ў спалучэнні з зайздроснай працавітасцю даў нашай літаратуры творы менавіта такога характару, якога ёй не хапала. Мабыць, літаратура, таксама як жыццё і прырода, не церпяць пустаты, і таму нельга не парадавацца, што гэты літаратурны вакуум запаўняецца належным чынам.