Аднак было б памылкаю думаць, быццам Уладзімір Караткевіч аўтар толькі прыгодніцка-гістарычнага жанру. Шматлікае з напісанага ім дае падставу сцвярджаць, што ў дадзеным выпадку перад намі разнастайны літаратурны талент, якому па плячы і сучасная тэма ў яе своеасаблівым, некалькі рамантычна-пачуццёвым успрыманні. У. Караткевіч нямала зрабіў таксама ў драматургіі і кіно. Яшчэ ў 1972 годзе ім створана папулярная кніга-эсэ, кароткі нарыс гісторыі Беларусі «Зямля пад белымі крыламі», дзе мінулае нашай рэспублікі асэнсавана ўдумлівым і дасведчаным аўтарам. Кніга гэтая, спярша прызначаная для маладога ўкраінскага чытача, хутка знайшла вялікую папулярнасць і на беларускай зямлі. Што ж датычыць ягоных апавяданняў, дык многія з іх гучаць як песні каханню, жыццю, роднай прыродзе. Яны поўныя паэзіі, хараства, светлага смутку, павагі да чалавека, сардэчнага разумення ягоных перажыванняў і клопатаў. Даверлівая аўтарская інтанацыя, багацце моўна-выяўленчых сродкаў, дакладнасць музычнага тону ў рознай ступені, але нязменна вабяць у песеннай «Каляднай рапсодыі», загадкавай «Краіне цыганіі», драматычным «Воку тайфуна» ці самавітым, але такім пранікнёным апавяданні з сумным канцом, як «Былі ў мяне мядзведзі». У 1964 годзе была надрукавана яго «Чазенія», навеяная ўражаннямі ад некалькіх месяцаў жыцця на Далёкім Усходзе. Прырода гэтага краю, тамтэйшыя людзі і іх праца, убачаныя і адчутыя чалавекам Захаду, ператварыліся ў своеасаблівы гімн жыццю, адухоўлены паэзіяй адкрыцця і светлым сумам кахання.
Напэўна, будзе дарэчы ўспомніць тут пра цэлы шэраг яго драматычных твораў, пастаўленых у тэатрах рэспублікі. Так у Віцебску шмат гадоў ідуць яго гістарычныя драмы «Кастусь Каліноўскі» і «Званы Віцебска», беларускае тэлебачанне перадавала ў эфір яго «Млын на сініх вірах», а ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР ішла опера па ягоным лібрэта «Сівая легенда». Беларускае кіно ў розны час звярталася да яго гістарычных аповесцей і экранізавала «Хрыста», а таксама «Дзікае паляванне»; былі зняты фільмы па яго арыгінальных і дакументальных сцэнарыях.
Уладзімір Караткевіч нямала стварыў за чвэрць стагоддзя літаратурнай працы, за 50 год жыцця. Ёсць усе падставы меркаваць, што лепшыя з яго твораў надоўга застануцца ў скарбонцы роднай літаратуры, бо на ягоныя тэмы можна, напэўна, напісаць горш, а магчыма, і лепш, але напісаць так, як гэта зрабіў ён, не зможа ніхто. Мастакі з такім выразна адметным талентам, з такім своеасаблівым бачаннем свету нараджаюцца не часта.
[1980]
Ад паэзіі да прозы
Перад тым як пісаць прозу, Вольга Іпатава даволі працяглы час друкавала вершы, і таму былі важкія падставы меркаваць, што яе аповесці і апавяданні ў пэўнай ступені будуць прозай паэта. На жаль ці на шчасце, гэтага не адбылося, меркаванне тое не спраўдзілася. Проза В. Іпатавай — тварэнне прыроджанага празаіка, хоць шлях да яе і ляжаў праз юнацкае захапленне паэзіяй.
Каб пераканацца ў тым, дастаткова прачытаць некалькі лепшых апавяданняў з гэтага зборніка, даволі разнастайных тэматычна, але аб’яднаных, як правіла, значнасцю канфлікту і сапраўдным драматызмам жыццёвых абставін. Гэты драматызм у В. Іпатавай заўжды афарбоўвае яе прозу незалежна ад таго, ці гаворка ідзе пра жаночы лёс і каханне, пра дзяўчынусірату, ці пра лёс невылечна хворага хлопчыка, які прыкуты да пастылага бальнічнага ложка. Натуральна, што найбольш пераканаўчы характар маюць абставіны і сітуацыі, вынесеныя аўтарам з уласнага жыццёвага вопыту. Праца ў камсамоле, на тэлебачанні і ў рэдакцыі газеты, вучоба ў Маскве далі матэрыял для многіх апавяданняў пісьменніцы, і таму так натуральна гучыць унутраная споведзь гераіні апавядання «Дваццаць хвілін з Немезідай», бадай, самага лепшага ў зборніку. Напісанае сапраўды на адным дыханні з драматычнай завязкай, яно дазваляе зазірнуць у душу сучаснай маладой жанчыны, далучыцца да яе клопату і трывогі. Яно ж, хоць і не першы раз у мастацтве, але, па-майстэрску напісанае, з прыемнай навізной даводзіць самацэнную вартасць сапраўднага пачуцця, асабліва калі гэта пачуццё — чыстае, не замутнёнае прытворствам або разлікам каханне. Толькі страціўшы яго, гераіня разумее ягоную вялікую вартасць, як і тое, што страчанае не паўтараецца.