Выбрать главу

А. А.: Гэта да калгасаў?

В. Б.: Гэта да калгасаў яшчэ. Каб збожжа не малолі на муку, а везлі на млын, дзе яго маглі спалавініць, зрэквізаваць, а то і проста абрабаваць. Але ж у сялян былі свае млыны — жорны. Амаль у кожнага стаялі у сенцах ці у варыўні-істопцы гэтыя несамавітыя прылады з двух плоскіх камянёў. Ды, мабыць, ты ведаеш?

А. А.: А як жа! У вайну мы на гэтым толькі і жылі.

В. Б.: Ну дык вось. Але што там было куды везці, якіх пару мяшкоў жыта. Бацька малоў сам. Дык вось аднойчы прыйшлі гэтыя камбедаўцы, сельсавецкія актывісты і знялі верхні камень. На рагу ў падмурку ляжаў вялікі камень, дык яны гэты кокнулі аб яго і разбілі на тры кавалкі. Ну і вось жывём са збожжам, але без хлеба. А гэтыя ходзяць, рэгулярна правяраюць, ці ляжаць у крапіве тыя камяні. Тады бацька неяк уначы ўзяў тыя камяні і змацаваў іх у адно…

А. А.: Скрапіў іх жалезам?

В. Б.: Не жалезам — драўляным абручом такім. Набіў, падраўняў і неяк паціху малоў. Ноччу змеле, а потым абруч зніме і зноў гэтыя камяні — у крапіву, бы і не чапаў. А пасля ўжо, за калгасам, ніякага збожжа не было, не сталі патрэбны і жорны. Настала поўная галеча. З вясны галадуха, есці няма чаго. Чакаем бульбы. А бульба… Гэта цяпер скараспелка ды іншыя гатункі, дзякуючы інстытуту бульбаводства. А тады была бульба толькі аднаго гатунку, які выспяваў аж пад восень. А так усё лета напаўгалодныя. Канешне, ратавала малако, але ж моладзі і мужчынам хацелася хлеба. Апроч таго, вечныя праблемы з вопраткай і абуткам. Па гразі, па снезе кожны дзень за тры кіламетры ў школу. Тры туды, тры назад. У магазінах жа нічога не купіш, дый за што купіць? Памятаю, калі ў сельпо прывязуць мануфактуру, дык за ёй душыліся чорт ведае як. Кірасіну давалі па літру ці паўлітра на месяц і толькі па пайскіх кніжках. Прыйдзеш зімой са школы, у хаце цёмна, перад печчу лучына, так вось трэба рыхтаваць урокі. Праўда, сярод гэтай нэндзы выпадалі светлыя хвіліны. Неяк увосень кліча мяне дырэктар, паглядзеў на мае растаптаныя ў гразі башмакі і кажа: ідзі ў сельмаг, памерай гамашы. Скажы, дырэктар прыслаў. Пайшоў я, памераў, а пасля дырэктар мне іх купіў. Усё ж я быў выдатнік, і, мабыць, тое штось значыла. Ужо я бярог-ашчаджаў тыя гамашкі…

Вось цяпер я ўспамінаю і хачу сказаць, што ўсё ж такі дзеці — дужа жорсткі народ. І нават у нечым па-жывёльнаму люты. Ну, натуральна, тое залежыць ад сацыяльнага размежавання, гэта само сабой. Як і ў дарослых. Але дарослы чалавек мае нейкае права на годнасць, хоць бы на асабістую. А малы? Ён жа не мае ніякіх правоў, а то і ўяўлення пра тыя правы. Ён прывык думаць, што ўсё вырашае сіла — улады, дарослых, старэйшых сяброў…

А. А.: Дзіцячы фашызм.

В. Б.: Можа быць. І заўсёды знойдзецца нехта старэйшы ці дужэйшы, а то і з садысцкімі схільнасцямі, які дыктуе свае законы. І часта меншы не зразумее, што тое няправільна, што павінна быць іначай. І не паскардзіцца, бо ведае, што яго не абароняць. І ведае таксама, што скардзіцца кепска — тое яму унушылі рана, асяроддзе, а то і бацькі. Настаўнікі таксама.

А. А.: Ты ростам быў маленькі, мабыць?

В. Б.: Не надта і маленькі. Але худы і слабы, і з тае прычыны не мог адчуваць свае перавагі. Перавага была за іншымі — болей дужымі, а галоўнае — болей нахабнымі. У мяне не было нахабства. Во тут я і прыпамінаў мяккі матчын характар, які я ўнаследаваў і які мне нямала шкодзіў. Асабліва пасля, у войску. Зноў жа і ў дзяцінстве я дужа перажываў свае ды і чужыя няшчасці. Асабліва, як пачасціліся рэпрэсіі, сялянскі хапун…

А. А.: Мала таго, дык яшчэ…

В. Б.: Мала таго… Уяві сабе. У нас вёска двароў дванаццаць, праўда, хутары яшчэ пасля падсялілі, трошкі павялічылася.

Дык вось з гэтай вёскі шасцярых мужыкоў узялі.

А. А.: Глядзі ты! А я думаў, што мужыкоў мала бралі. Аказваецца, таксама моцна бралі.

В. Б.: Бралі звычайных цёмных калгаснікаў. Узялі гэтага Бобрыка. Мабыць, яму тая «Нива» з царамі ды графінямі бокам вылезла. Быў яшчэ Дзям’ян Азевіч, інвалід Першай сусветнай вайны з сухой паралізаванай рукой. Дарэчы, правай, якую ён насіў у чорнай пальчатцы. Дык ён зарабляў на хлеб рамонтам гадзіннікаў, якія неслі яму з усёй акругі. І ён усе іх рамантаваў — насценныя, кішэнныя, будзільнікі і г. д.