Васіль Быкаў
Поўны збор твораў
Том 2
Аповесьці, апавяданні
Аповесьці
Знак бяды
Час і людзі не шмат чаго пакінулі ад колішняй хутарской сядзібы, рэшткі якой спакваля праглынула зямля і развеяў вецер. Дзе-нідзе толькі выглядвалі на паверхню яе скупыя адзнакі: вуглавы камень падмурка, прытаптаны бугор бітай цэглы ды дзве гранітныя прыступкі каля былога ўвахода ў сені. Прыдарожныя гэтыя камяні ляжалі на тым самым месцы, што і сто год назад, і дробныя рудыя мурашы, якія недзе паблізу аблюбавалі сабе прыстанішча, дзелавіта снавалі па ніжняй прыступцы. Алешнік з рова, адхапіўшы добрую частку хутарскога поля, падступіў да самай сядзібы, на месцы істопкі па-царску разросся густы куст шыпшыны сярод буйных зараснікаў дзядоўніку, крапівы і малінніку. Ад калодзежа нічога не засталося, зруб, пэўна, згніў або яго расцягалі людзі, вада, апынуўшыся без патрэбы, знікла ў глыбіні зямлі. На рагу колішняй хаты неўпрыцям вылезла з пустазелля калючая дзічка-груша — можа, парастак ад колішніх груш-спасовак, а можа, выпадковая самасейка, занесеная з лесу птушкамі.
З дарогі, ад гасцінца, мала што выдавала тут былую сядзібу, хіба што адна з дзвюх ліп, якія колісь раскашавалі абапал варотцаў на ўездзе. Другой даўно не было, а гэтая, што засталася, мела жахлівы выгляд: абгарэлая і аднабокая, з тоўстым каржакаватым камлём, у якім зеўрала шырокая шчыліна дупла, яна незразумела як трымала на сабе некалькі тоўстых галінастых сукоў. Птушкі, якія часам прыляталі з лесу, чамусь ніколі не апускаліся на яе голле, лепей садзіліся на рослы алешнік побач. Вароны, магчыма, памяталі нешта, а можа, сваім птушыным інстынктам адчувалі ў гэтым знявечаным дрэве злую прыкмету няшчасця, знак даўняй бяды. Зрэшты, знак гэты ляжаў тут на ўсім: на скупых рэштках сядзібы, зарасніках дзядоўніку і крапівы, якія буйна раскашавалі ў спакоі, на самазадаволенай непрыступнасці калючай шыпшыны і нават мізэрнай, з пакручастым голлем дзічцы. І толькі маладая тоненькая ліпка, што зусім нядаўна выкінула да сонца лічаныя свае лісточкі, у сваёй безабароннай адвазе здавалася госцяй з іншага свету, увасабленнем надзеі і другога, інакшага, жыцця.
Напэўна, усё астатняе належала тут мінуламу, скаронаму тленам і небыццём.
Усё, апроч непадуладнай часу, цярплівай і негаваркой чалавечай памяці, надзеленай спрадвечнаю здольнасцю ператвараць мінулае ў цяперашняе, звязваць сучаснае з будучым.
1
З цярплівай ненасытнасцю карова скубла воглую зранку траву, як заўжды, мерна тупаючы сваім звыклым шляхам: каля гасцінца, па зарослай быльнягом канаве, невысокім прыдарожным адхоне, пасля цераз травяністы лапік ля белага, бы ўкормлены парсюк, валуна і далей да самага ўзлеску, што шырокай дугой ахопліваў палявы грудок з хутарам. Сцепаніда ведала, што на ўзлеску карова паверне ад дарогі ўбок — цераз пагорак да Баранняга Логу, і там ужо трэба глядзець пільней, каб не шмыганула куды далей з воч. Бабоўка на тое была спрытнюга, і не зважай, што пярэстая — белыя плямы па чорным, — а калі згубіцца, дык пабегаеш, шукаючы па хмызняках. Але гэта там, далей на ўзлеску, а тут дзецца ёй не было куды: невысокая насыпка дарогі ды голы прасцяг бульбянішча — тут можна і пасядзець у спакоі. І Сцепаніда прысланілася клубам да гладкага бока валуна, шчыльней саставіла ў траве босыя ногі і не пільна нават глядзела на тую Бабоўку.
Было не сцюдзёна, трохі зябкавата нагам у воглай траве і ветрана. Неба спрэс усцілалі хмары, сонца не паказвалася ад рання. Зрэшты, цяпер з яго не шмат і карысці, таго восеньскага сонца, хіба было б весялей, калі б яно на якую гадзіну выбавілася з-за хмар. А так шэрае непрытульнае поле захлыналася ў ветраным шолаху быльнягу ды ўкарэлага каліўя бульбоўніку на шырокай пагоркавай ніве; міжвольна карцела адвярнуцца ад ветру, тужэй захінуць полы ватоўкі і не кратацца. Поруч, на гасцінцы, як і заўжды апошнія тыдні, было ціха, пустэльна, цяпер тут амаль не ездзіў ніхто і не хадзіў. Калі часам і трапляўся які хадок, дык болей уранку, — якая-небудзь кабеціна з суседняй вёскі па невялікай патрэбе ў мястэчка. Гэтая ціша на гасцінцы спярша аж бянтэжыла Сцепаніду, асабліва пасля таго, як тут гуло, раўло і стагнала ад машын, падводаў, гармат, а таксама безлічы войска, што валам валіла адтуль, ад граніцы, на ўсход. Здавалася, вялікаму таму гармідару не будзе канца, а з ім не скончыцца і турботны неспакой на хутары. Ведама ж, прыдарожная сядзіба — усім пад рукой і навідавоку. Сцепаніда з Петраком збіліся з ног, спатыкаючыся і пасабляючы, чым было можна, усім, што заязджалі, забягалі, спыняліся, каб напіцца, перадыхнуць у спякоту пад ліпамі, а то пераабуцца ці папытаць дарогу. Толькі неяк пад вечар на гасцінцы стала вальней, рух парадзеў, гатовы зусім прыпыніцца, чырвонаармейцы пачалі паварочваць у поле абапал дарогі і разышліся ўпоперак па бульбоўніку. Два камандзіры, што конна завіталі на хутар, нешта доўга разглядалі на карце, а іхні баец-канавод папытаўся ў яе вядра, каб напаіць коней, і, аддаючы, сказаў, што тут будзе бой, заставацца на хутары нельга. Дужа напалохаўшыся тады, Сцепаніда забратала Бабоўку і падалася расцяробамі ў Баранні Лог. На сядзібе ўсё ж застаўся Пятрок — сядзібу нягожа было пакідаць без нагляду. Трываючы вялікі страх, Сцепаніда пераседзела ў бярэзніку ноч і палову наступнага дня, але бою не было чуваць, только паўднём угары паявіліся самалёты і здрыганулася зямля, дзесьці забахала, засакатала і ў небе за логам паўстаў шэры слуп дыму, нешта там загарэлася. Спакваля, ачуняўшы ад першага страху, яна сцяміла, што гэта далёка, усё на тым жа гасцінцы ці, можа, нават далей, у мястэчку. Адвячоркам усё тое прыціхла, нібы і не пачыналася, яна трохі счакала яшчэ, а пасля боязна павалаклася з каровай да хутара, не ведаючы нават, ці ўбачыць што ад свайго жытла, ды і Петрака таксама. Але хутар, як заўжды, ціха стаяў сабе наводдалек ад дарогі пад старымі ліпамі, а на падворку, вылезшы з пограба, тупаў з саломай у барадзе яе Петрачок. Знаёмы дымок ад яго самакруткі струменіў цераз паркан па ветры.