— Каго чакаеш? Гасцей, ага? Ну, гэта добра, страчай во!
— Ага, заходзьце ж, — змушана падхапіўся Пятрок і шырэй расчыніў дзверы ў хату. Шорхаючы скураной паддзёўкай, Гуж з вінтоўкаю ў руках ступіў у хату, за ім, тонка падпяразаны дзягай па чырвонаармейскім шынялі, сунуўся падгалы Каландзёнак. Пятрок прычыніў дзверы, трохі пасунуў ля стала ўслон. Але госці не селі. Каландзёнак адразу выцягся ля парога, нібы на варце, Гуж нетаропка пратупаў да стала і назад, зазірнуў па чарзе ў вокны.
— Як на курорце! — прагудзеў ён. — І лес блізка, і рака. І мястэчка пад бокам, ага?
— Блізка, ага, — пагадзіўся Пятрок, панура згадваючы пры сабе, які д’ябал іх прыгнаў сюды ў гэткае ранне. Што ім патрэбна? Другі раз сядаць ён не запрашаў, думаў, можа, што скажуць і пойдуць сабе далей.
Але, мусіць, ісці яны не збіраліся.
Гуж, паазіраўшы куткі і сцены з цвікамі, працяглым позіркам павёў па абразах у куце, нібы палічыў іх, расшпіліў на грудзях рудую скуранку.
— Цёпла, аднак, у цябе.
— Дык гэта… Не палілі сёння.
— Цёплая, значыць, хата. Гэта харашо. Трэба раздзецца, не вазражаеш?
— Дык калі ласка. Можна і зняць. Вы сюды павесьце, на гэты цвік.
Крэкчучы, Гуж сцягнуў з тугіх плеч цеснаватую, пэўна, чужую скуранку, павесіў на цвік каля яго скрыпкі, што вісела ля акна. Дзягай з вайсковаю спражкай пачаў падпяразваць сінюю мультановую світку.
— Усё іграеш? — кіўнуў ён на скрыпку.
— Дзе там. Не да музыкі, — сціпла адказаў Пятрок. Сапраўды, калі яму было іграць — у душы гучала зусім іншая музыка. Але ён не стаў многа тлумачыць, толькі падумаў са шкадаваннем, што скрыпку трэба было б прыбраць далей з воч.
— Помню, як вы калісь на вяселлі ў Выселках наярывалі. Ты на скрыпцы, а Ярмаш на бубне, здаецца. Музыкі!
— Калі тое было…
— Было! — сказаў Гуж і палез за стол. Караткаватую сваю вінтоўку паклаў побач на лаву. Каландзёнак, як стаяў у шынялі з вінтоўкаю ў руках, сеў на парозе.
— Ну, частуй, гаспадар! — сцюдзёным позіркам з-пад калючых броваў упёрся Гуж у Петрака. — Стаў паўлітра, а як жа?
— Гэ, каб было! — развёў рукамі Пятрок. — Закусіць можна, канешне, а гарэлкі няма, так што…
— Кепска, значыць, жывеш, Багацька. Пры Саветах не раскашаваў…
— Не раскашаваў, не…
— І пры германскай уладзе не хочаш. А мы не так. Мы вось тут… Нешта маем!
Ён выпрастаў на падлозе доўгую ў боце нагу і з кішэні чорных, з абвіслымі леямі галіфэ выцяг бутэльку.
— Во, чыстая маскоўская! — і, гучна прыстукнуўшы, з паказным гонарам паставіў яе пасярод стала.
Далей Петраку цягнуць не было як. Праклінаючы ў думках усё на свеце, ён схамянуўся, кінуўся ў пасуднік па хлеб, успомніў, што трэба ў хляўку пашукаць яек, мусіць жа, знесліся дзве ці тры курыцы, у істопцы было яшчэ трохі гуркоў у дзежцы. Ну і сала, вядома, у кубёлку. Ён замітусіўся, каб як найхутчэй сабраць на стол, быццам тады хутчэй бы аслабаніўся ад паліцаяў, паклаў на стол пачаты бохан хлеба, але не мог знайсці нож — толькі ж яго трымаў у руках, куды дзеўся?.. Гуж, пачакаўшы, выцяг з халявы свой шырокі, з загнутым канцом кінжал і адкроіў дзве скібы.
— А дзе ж твая… акцявістка? — нібы між іншым запытаў ён і навастрыўся слыхам. — Не ў калгасе ж шчыруе…
— Ды з каровай, знаеце…
— А, з каровай! Карову, значыць, маеш… А прыбядняешся…
— Ды я нічога… Як усе, знаеце…
— А хто бульбу выбіраць будзе?
— Якую бульбу?
— А калгасную! Савецкая ўлада ляснула, але ж калхозы ні-ні! Калхозы сахраняюцца — Гітлер загадаў. Так што бульбаўборка. Ну і бульбаздача, канешне. Як пры Саветах, ха-ха! — нядобра хіхікнуў паліцай.
Гэта Пятрок ужо чуў, хоць спярша не дужа і паверыў, што немцы пагодзяцца на калгасы. Думаў, можа, яшчэ будуць караць калгаснікаў, а яны во што! Але дзеля бульбаздачы, напэўна. Так ім зручней.
— Я, ведаеце, адпрацаваў сваё. Хай маладзейшыя каторыя, — паспрабаваў слаба апраўдацца Пятрок. — Каторыя здаравейшыя.
— Хто гэта хворы? Ты? Ці, можа, баба твая? Пры Саветах дык вунь як шчыравала, пра хваробу не заікалася. Перадавая льнаводка, на сходах выступала.
— Ат, калі тое было! — ніякавата адвёў шматзначны папрок гаспадар і паставіў на стол шклянку. — Апошнім часам яго мала і сеялі, лёну таго.
— А было, як жа! Людзі запомнілі. А цяпер падупала!
Петраку трэба было ў істопку па сала і гуркі, але на парозе сядзеў Каландзёнак і з кіслым выразам белабрысага худога твару пазіраў убок. Гэты яўны падкоп паліцаяў пад яго Сцепаніду не спадабаўся Петраку, і ён падумаў: ці не дзеля гэтага яны сюды і прыпаўзлі?
— Дык сказалі, ну і выступала, куды ж дзенешся.