— А ёсць такія. Сёння так, заўтра гэтак. «Ды маўчы ты, дурніца, — даводзіў у думках Пятрок. — Што ты заядаешся? Ці не бачыш, хто перад табой?»
Сцепаніда і яшчэ памкнулася нешта сказаць, але толькі матлянула злым позіркам на Гужа, такім самым на Петрака і Каландзёнка. Гуж адразу ж падлавіў гэты яе позірк і загудзеў злым басам:
— Вот швэндаешся па палёх, нямецкія часці разглядваеш. А ў хаце госці. Што гаспадыня далжна рабіць?
— Я карову выганяла. Вунь жа гаспадар вас частуе.
— Гаспадар? Што ён умее? Ён і курыцу не пашчупае, твой гаспадар. А гасцям трэба гарэлкі! Закусь харошая трэба!
— Што яшчэ?
— Закусь, кажу, харошая. Для прадстаўнікоў германскай улады!
— Даўно вы такія прадстаўнікі? — з унутранай нястрымнасцю ўспыхнула Сцепаніда, і Пятрок адчуў, што зараз здарыцца непапраўнае.
— Баба, маўчы! — крыкнуў ён. — Маўчы! Ладзь яешню! Чуеш прыказ мой? Яешню!
Гуж нядобра зарагатаў на ягоны выпад. Сцепаніда моўчкі павярнулася і выйшла за парог. Дзверы за ёй засталіся расчыненыя, і Каландзёнак зачыніў іх, стоячы ўсё там, ля парога.
— Во бачыў? — сур’ёзна зазначыў Гуж Петраку. — Знаеш, што немцы з такімі робяць?
— Ну чуў… Але гэта…
— Вешаюць! Вешаюць на тэлефонных слупах! — прыстукнуў ён цяжкім кулаком па стале. Пахаладнеўшы нутром, Пятрок глыбей уцягнуў галаву ў плечы, паліцай, мусіць, заўважыў гэта і задаволена адкінуўся да сцяны.
— Ды яна так, не са злосці, — паспрабаваў апраўдаць жонку Пятрок.
— Ад чаго ж тады? Скажаш, ад добрасці? Камуністка яна, — аб’явіў раптам Гуж.
— Ды не… Яна языком толькі.
— Во-во, языкатая, — нядобра пагадзіўся Гуж. — Не выдралі яшчэ. Дык выдзеруць. У немцаў гэта раз-два.
Пятрок не ведаў ужо, што сказаць, каб як бараніць жонку, якую вельмі хутка нават маглі загубіць гэтыя двое. Сама яна не паберажэцца — скарэй наадварот. Але Гуж нечакана абвясціў:
— Скажы мне дзякуй. Маёй дабраце. А то б даўно ўдаўцом стаў. Панятна?
— Дык то — дзякуй.
— Во-во!
Што ж, Пятрок зразумеў: на гэты раз быццам пранесла. Можа, не возьмуць. Пакуль што. Калі гэта дурніца зноў не налезе на іх паліцэйскі ражон.
— Але «дзякуем» не абыдзешся. Ці ты думаеш, я цябе буду пакрываць і яшчэ паўлітэркі насіць? Гэта ты мне насіць должан, — зноў узяўся за сваё Гуж.
— Дык я б з гатовай душой. Але…
— Гарэлкі няма? А ты дастань! Купі! Выменяй! Для радні не можаш пастарацца? Я ж табе не чужы?
— Не чужы, ага…
«Каб ты згарэў, аднак, сваячок гэты», — зацята думаў пры сабе Пятрок, адчуваючы, што новая паваротка ў гаворцы не лепшая за ранейшую. Дзе ён возьме яму гарэлкі? У лаўцы не купіш, у суседзяў не пазычыш. Некалі, праўда, спрабаваў гнаць самагон, але і начыння таго даўно ўжо няма. Зноў жа, як было пярэчыць гэтаму жываглоту — неяк трэба выкручвацца. Як толькі?
— Я да цябе яшчэ завітаю. Чуеш?
— Чую, анягож. Ды толькі…
Ён не знайшоў, як скончыць, калі ўвайшла Сцепаніда, прынесла гуркоў і капусты, моўчкі паставіла ўсё на стол.
— Мусіць, немцы слабавата кормяць? — з прыхаванай з’едлівасцю запытала яна. Гуж нядобра вырачыў вочы.
— А табе што? Ці вельмі не падабаюцца немцы?
— Як скуллё на задніцы!
— Сцепаніда!!! — ускочыў Пятрок. — Маўчы!
— А я і маўчу!
— Маўчы!!! Знаеш… Вот ён па-родственнаму! Па-добраму, а ты! Знаеш?..
— Ладна, — сказала яна да Петрака. — Ужо выпіў, дык і гатоў зад лізаць. Дужа ты, аднак, быстры…
Апошнія яе словы ўжо даляцелі з сенцаў, бразнулі дзверы, і Пятрок вінавата пракашляўся. Ён чакаў і баяўся, што цяпер скажа Гуж.
— Баба, вядома… Што зробіш?
— Што зробіш? — злосна падхапіў паліцай. — Пута вазьмі. Каторае тоўстае, новае, з кастрой! І путам! А то пяньковай пятлі дачакаецца. Папомніш мяне!
Пятрок панура маўчаў, седзячы пры стале. Кучку накрышанай табакі ссунуў на ражок стала і невідушча падмятаў даланёй табачныя крошкі, слухаючы, як пляцкае тоўстымі вуснамі Гуж — есць яго сала, грозіцца і павучае яго, як жыць з бабай. Удвая маладзейшы, а глядзі ты, які стаў разумны пры нямецкай уладзе!
— Прыязджаў важны чын, — ужо спакайней паведаміў Гуж. — Называецца па-нямецку зондарфюрар. Загадаў усё ў полі ўбраць.
— Счытай, усё ўжо ўбралі, — уставіў Пятрок.
— Не ўсё. Тое, што ўбралі, нікуды не дзенецца. Пападзе ў нямецкі засек. Але бульба! Бульба засталася. Во і яе выкапаць. І здаць. Для германскай арміі. Паняў? Як пры Саветах.
«Чорта ты яе з поля возьмеш для германскай арміі, — падумаў Пятрок. — Няхай яна пагніе там!»