За гасцінцам у Выселках быў яшчэ адзін чалавек, Карніла, таксама рукасты на ўсякія справы мужчына, ужо ён бы нешта прыдумаў ці знайшоў у сваіх запасах… Але ў Петрака з ім даўно не было дружбы, хутчэй наадварот, яны былі амаль ворагі і не віталіся. А ўсяму віной Сцепаніда, якая дзеўкай гуляла з гэтым Карнілам, ды пабралася з Петраком, — малады, ён быў хлопец спраўны і музыка, не тое што гэты ваўкаваты Карніла. Сапраўды, той быў дужа цяжкога характару, калі ўжо каго не панаравіць, дык будзе касавурыцца да скону дзён. Яшчэ быў ён скупы і скнарны, хоць жыў заўсёды няблага, рабіў не ў калгасе, а ў пажарнай у мястэчку і меў добрыя рукі: мог роўна наслаць падлогу, звязаць аконную раму ці нават змураваць печ. Не, да Карнілы яму не сунуцца, лепш папытаць пры выпадку яшчэ ў каго-небудзь на Выселках.
Пятрок накурыўся ўволю, адкашляўся — мусіць, трэба было брацца за справу. Ага, найперш пасыпаць чаго-небудзь курам, і ён, знайшоўшы на кадцы стары драўляны гарнец, зачэрпнуў ім у крайнім сусеку ячменных адходаў, вынес з сянец. Куры, мусіць, ужо цікавалі яго і, толькі ўбачылі з гарцам, стрымгалоў кінуліся з-пад плота, з гарода, ад паветкі, і ён шырока сыпануў на падворак, каб хапіла ўсім. Пакуль тыя ўвішна дзяўблі на ўтаптанай зямлі падворка, падбіралі ў мураве, ён думаў: які пакручасты лёс і што вытварае ён з чалавекам! Хіба калі гаспадар у Яхімоўшчыне карміў уранку курэй! Ці яму не было іншае, болей важнае справы па гаспадарцы? Адной скаціны тут мелі болей дзесятка галоў — конь, маладая жаробка, дзве каровы, калі яны яшчэ не цяліліся, шэсць ці восем авечак. Ну і свіней, канешне, не меней як дзве — укормны парсюк і меншы, у налецце, падсвінак. Праўда, і рук было болей. Але во сышлося на нуль, толькі і клопату што кароўка, малое свінчо ды гэтыя дзевяць курыц. Ад каня і ўсіх пра яго клопатаў некалі аслабаніў калгас, авечкі неўпрыцям вывеліся самі, ды і каму было іх даглядаць? Дзеці рана павыляталі з бацькоўскага гнязда, не вярнуць. А тут гэта вайна — яна, мусіць, даб’е ўжо канчаткова.
Усё пакашліваючы на вышмарканых камянях ля парога, Пятрок рашыў нарэшце ладзіць капец. Бульба добра ўрадзіла сёлета, на гародзе яе ўжо выкапалі і засыпалі поўную яму, але і яшчэ будзе не меней. У яму ж каторы год пад вясну находзіць вада, таму рэшту трэба закрыць у капец на пагорку ў канцы гарода — так заўсёды рабілі на хутары ва ўраджайныя на бульбу гады. Бульбачку трэба было шанаваць, тая здаўна была галоўным набыткам з поля — хлеб радзіў не заўсёды і к вясне канчаўся, а бульбачкі часцяком хапала да новай. Калі яе ў час выбраць, засцерагчы ад марозу, вады, дык хапала сабе і скаціне — бульбачка не адзін ужо год бараніла ад голаду.
5
Некалькі дзён запар восеньскае неба грувастка цяжэла ад хмар, дужа рваў вецер, заходзячы то з аднаго, то з другога боку, а пасля ўсё сціхла, уначы пацяплела, і пад ранак пасыпаўся дождж. Прачнуўшыся на світанні, Сцепаніда пачула яго шапаткую гаману за сцяной і падумала, што сёння, мусіць, прыйдзецца пачакаць з каровай. Пятрок яшчэ ляжаў у куце на ложку і нават не кашляў, спаў, мусіць, а яна ўстала з палка, выйшла ў сенцы. Ля ганка, чуваць было, трохі цурчала са страхі, а пад дзіркай у сенцах ужо расплывалася на зямлі цёмная лужына. Каторы ўжо раз Сцепаніда раззлавана памянула свайго нядбайнага мужа і пасунула цабэрак пад тое месца ў страсе, дзе мерна капала ў дол. Прывыкшы рана ўставаць, Сцепаніда зразумела, што сну ўжо не будзе, тым болей што за дзяружкай ужо заварушыўся-закашляў Пятрок, шукаў свой капшук — дня ён не мог пачаць без закуркі. Санліва папазяхаўшы, Сцепаніда ўзяла з-пад акна кляновую, купленую вясной даёнку і пайшла ў хлеў да каровы.
Тым часам амаль развіднела. Дождж густавата сеяўся з нізкага туманнага неба, але быў па-восеньску драбнаваты, без ветру і яшчэ не нарабіў гразі на падворку. Толькі ля варот хлява ў нізкім месцы блішчэла гнойная лужына.
На ліпе пачала драць горла варона, — каб хоць не на якую бяду, устрывожана падумала Сцепаніда. Варона прылятала на ліпу ўжо чацвёрты ці пяты ранак — уссеўшыся на верхавіне і звесіўшы на падворак тоўстую чорную дзюбу, прарэзліва каркала, нібы кагось клікала з лесу. Разы два Сцепаніда кідала ў яе палкай з дрывотні, але варона сядзела і не палохалася. Накрычаўшыся, яна сціхала сама, не доўга яшчэ сядзела моўчкі, а пасля цяжка саскоквала з сука і, часта махаючы крыллем, ляцела цераз хлеў у гай. Ззаду на ліпе ціха гайдалася патрывожаная ёю галіна з некалькімі зрудзелымі лісткамі.