Пакуль тыя сарванымі галасамі спынялі пяхоту, Палкаводзец узіраўся ў поплаў і асабліва далей, па той бок рэчкі, дзе зь ляска выпаўзалі сьветла-жоўтыя нямецкія танкі. Палкаводзец ужо сустракаўся зь імі і ведаў, што гэта ён рашучымі дзеяньнямі свайго войска змусіў нямецкае камандаваньне перакінуць іх з Афрыкі, дзеля якой яны і былі афарбаваныя ў колер пустыні. Але тут ім не пустыня, тут найчасьцей балоты. Раз-пораз яны білі з гарматаў па берагах ракі і па пехацінцах па гэты бок. Ад выбухаў калаціўся пагорак…
Поруч і асабліва ззаду за Палкаводцам з насьцярожаным выразам на тварах ляжала чалавек дзесяць з аховы, трошкі ніжэй прыбег і выцягся пад сасонкай старшыня вайсковага трыбуналу — франтавы маёр, скрозь абпярэзаны партупэямі і рамянямі, з фуражкай на галаве. За ім ужо расшпільваў тоўстую сумку ягоны сакратар, малады чалавек у плашч-накідцы. Той усё пазіраў на Палкаводца, пальцы яго дрыжэлі, і ён кепска спраўляўся з сумкай. Яны чакалі. Ужо ня першы раз яны выяжджалі з Палкаводцам і ведалі сваю справу. Тым болей, што гэта была іх праца, якую яны рабілі, рызыкуючы ўласным жыцьцём. Блізкія два выбухі ў сасоньніку змусілі іх тыкнуцца галовамі ў дол, Палкаводзец жа на выбухі не адрэагаваў ніяк. Ён назіраў за тым, што адбываецца на поплаве.
Здаецца, байцы аховы ўсё ж затрымалі пярэдніх бегуноў і неўзабаве вывелі з сасоньніку двух задыханых, перапалоханых пехацінцаў з даўгімі трохлінейкамі і прымкнёнымі да іх штыхамі. Неяк выкараскаўшыся з-пад агню, уратаваўшыся ад нямецкіх танкаў, тыя, падобна, мала разумелі, што адбываецца, навошта яны спатрэбіліся гэтаму камандзіру з суровым зацятым тварам. «Пачаму бяжалі? — строга кінуў Палкаводзец, нішчачы позіркам абодвух — высокага і нізенькага, амаль мізэрнага салдаціка ў аблепленых тваньню абмотках. — Пачаму бяжалі?» Пехацінцы ашалела дыхалі і маўчалі, тады Палкаводзец махнуў рукой — ня так ім, як камусь з аховы: «Здаць аружыя!»
Мабыць, то быў пэўны сыгнал, двое ў бушлатах з аховы вырвалі ў байцоў вінтоўкі і люта штурханулі абодвух. Меншы адразу ўпаў, штось заякатаўшы, а большы пачаў бязглузда, спалохана мовіць: «Што, што?» З гэтым «што» іх і затаўклі ў сасоньнічак, далей ад вачэй Палкаводца, адкуль яны ўжо не паказаліся.
Тым часам старэйшы сяржант з аховы прывёў да Палкаводца і афіцэра са «студэбэкера». Паранены, з абвязанай галавой, на сваю бяду ратуючы гармату, той перабраўся цераз рэчку, як яму, мабыць, здавалася, на выратоўчы пагорачак. То быў старэйшы лейтэнант з ордэнам Айчыннай вайны на грудзях і перакручанай дзягай, на якой матлялася, відаць, пустая ўжо кабура. Згледзеўшы Палкаводца, ён паспрабаваў аддаць рапарт:
— Таварыш камандуючы…
Палкаводзец перабіў яго тонам, ад якога зацінала мову ня толькі ў камбатаў:
— Дзе батарэя?
— Батарэя загінула, таварыш ка…
— Ах, загінула? — зусім ужо вызьверыўся Палкаводзец. — А чаму ты, гаўнюк, не загінуў?
— Ды я…
— Дакумэнты!
Бруднымі ад твані і сьвежай крыві рукамі старэйшы лейтэнант расшпіліў гузік гімнасьцёркі і дастаў некалькі кніжачак — афіцэрскае пасьведчаньне, партбілет, рэчавую кніжку. Іх у яго тут жа выхапіў старэйшы сяржант, перадаў трыбунальцам.
— Расстраляць! — халодна кінуў Палкаводзец.
— Таварыш камандуючы!.. — сіпавата выгукнуў афіцэр і асекся — Палкаводзец ужо азіраў поплаў, а старэйшы сяржант ускінуў да грудзей новенькі варанёны, з ражковым магазінам ППС, якія толькі што прыбылі на фронт і якімі ў першую чаргу ўзброілі ўчора ахову Палкаводца. Старэйшы сяржант адвёў камбата ў сасоньнічак, дзе неўзабаве ляснуў нягучны адзіночны стрэл.
Старшыня трыбуналу і сакратар, між тым, ліхаманкава афармлялі пастанову. Шапка блянку судовага разгляду была ў іх нарыхтаваная загадзя, заставалася ўпісаць канкрэтныя прозьвішчы і штось дапасаваць адно да аднаго. Лежачы, маёр нахіліўся бліжэй да сакратара, які яму зачытаў: «Вайсковы трыбунал вайсковай часьці нумар… у адкрытым паседжаньні разгледзеў справу па абвінавачаньню… Як яго там?»
— Старэйшага лейтэнанта Бязуглава, — падказаў маёр, зазірнуўшы ў пасьведчаньне. — А таксама радавых Андрэева і Цявелька…
— Андрэева і Цявелька, — пішучы, паўтарыў сакратар. — I прысудзіў памянёных да…
— Да вышэйшай меры пакараньня, — падказаў маёр.
— Прысуд… — вымавіў сакратар.
— … Прыведзены ў выкананьне, — трывожна азірнуўшыся, падказаў маёр. Ён, відаць па ўсім, пачаў сьпяшацца: справы іхныя на гэтым месцы ці не канчаліся. Тым болей, што нямецкія танкі, мабыць, падышлі ўжо да рачулкі — нешта дужа дрыжэла ўнізе пагорка. У той час і сапраўды грымнула дужа блізка — на верасок і хвойкі сыпанула зямлёй і пылам, абсыпала фуражку і плечы Палкаводца, паперы трыбунальцаў, якія сакратар не пасьпеў засланіць. Энэргічным рухам Палкаводзец страсянуў зь сябе пясок і ўскочыў.