На ўскрайку сяла ішоў агнявы бой, на вуліцы то паяўляліся, то зьнікалі разрозьненыя групы нямецкіх салдатаў, але ў двор болей не забягалі. Пасьля немцы і зусім зьніклі, сяло занялі чырвонаармейцы. Удзень мяне адправілі ў шпіталь.
Усе гады вайны я нікому не расказваў пра той выпадак: было небясьпечна, — але не пераставаў пра яго думаць. Усё ж гэта дзіўнаваты выпадак: сутыкнуўшыся са зброяй у руках, салдаты варожых арміяў падаравалі адзін аднаму жыцьцё. Хай і міжволі. Таму што, застрэліўшы тады немца, я таксама немінуча быў бы забіты. А можа, гэта Ўсявышні падарыў нам па другім жыцьці. I во я жыву.