Выбрать главу

— Тады дрэнь справа.

— Куды як дрэнь. Наехала немцаў, нашы местачкоўцы з падводамі, возяць бярвенне. Нешта трэба рабіць! А то прыедуць, абрабуюць. Як жыць тады?

— Але ж. Толькі што рабіць? — збянтэжана стаяў Пятрок.

— Пахаваць хоць дабро. Кароўку ў лес калі прывязаць. А свінчо?..

Свінчо, іх парсючка, вядома, не прывяжаш да хвоі, парсючка трэба карміць. Ды і куры. Невялікі набытак, ведама, з тых курэй, але без іх гаспадарка — не гаспадарка. Што было рабіць, куды дзяваць усё гэта?

— Найперш за парсючка баюся, — зморана сказала Сцепаніда, папраўляючы хустку. — Забяруць. Такі парсючок ладны. Ешчы.

— Да сала яны ласыя. Матка — шпэк! Матка — яйка! — успомніў колішніх немцаў Пятрок.

— Я так думаю: трэба схаваць. Ты ідзі сюды! — пацягнула яна яго ў глыб падворка.

Яны абышлі істопку, мінулі дрывотню са старой сукаватай калодай, пералезлі цераз жэрдку ў гародчык. Тут за падвялым дзядоўнікам і зараснікамі крапівы пад нізка навіслай страхой істопкі мясцілася несамавітая будка-бакоўка. Здаўна яна пуставала без жаднай патрэбы, і ў яе сцягвалі рознае гаспадарчае ламачча, выкінуць якое было шкада, а ў хаце яно замінала. Сюды рэдка калі заглядвалі, хіба па яйкі — пры дзвярах у саломе часам несліся куры, і цяпер тут ляжалі два жоўтыя нясвежыя поклады.

— Во, калі яго сюды? — казала Сцепаніда, шырэй расчыняючы нізкія дзверцы. — Ён жа ціхі, можа, не знойдуць.

Знойдуць ці не — хто ведае, але Пятрок за доўгае жыццё разам прывык слухаць жонку, яна была не самая дурная баба, а галоўнае, заўсёды ведала, чаго хацела. І хоць клопат пра тое свінчо цяпер быў не самы найбольшы ў Петрака, ён рупна ўзяўся ладзіць таму новы схоў. Найперш павыцягваў з бакоўкі цесна набітае туды ламачча: нейкія палкі, скарэлае ад мешанкі, абгрызенае свіннямі карыта, паламанае кола і даўнюю, можа, дзедаўскую яшчэ, саху з ушчэнт паржавелымі лемяхамі. Папоркаўшыся паўгадзіны, скрынкай і палкамі неяк адгарадзіў невялічкі закутак, прынёс з пунькі саломы, не раўняючы яе, каб не дужа было відаць, напіхаў у адгародку. Сцепаніда тым часам ціхенька вывела з хляўка ладнага іх парсючка, пачэсваючы яго за вушамі.

— Дзюдзя, дзюдзя, во сюды… Цяпер сюды. Во добра, дзюдзя…

«Як малога», — падумаў Пятрок, прапускаючы ў дзверцы парсючка, які, ціха парохкваючы, старанна абнюхаў парожак, салому і паслухмяна ўладкаваўся ў сваім катушку, канешне, і не падазраючы пра небяспеку, якая над ім навісла. Сапраўды, гэта было рахманае свінчо, вельмі не хацелася б страціць такога. «Можа, яшчэ як і ацалее, калі будзе мець свой хоць невялікі свінячы розум», — падумаў Пятрок.

— Ну во! — спакайней сказала Сцепаніда. — Усё ж не навідавоку. Няхай ляжыць.

Яны выйшлі на падворак, дзе з трывожным чаканнем у сумных вачах стаяла Бабоўка і ля яе ног хадзілі дзве рабыя курыцы.

— А як жа курэй? — сказаў Пятрок.

Курэй таксама трэба было кудысьці прыбраць далей з воч, але дзе схаваеш дурную курыцу? Ціха яна не ўмее, а знёсшы яечка — радасна закудахча і тым загубіць сябе. Але што куры, куды болей шкада кароўку, як бы на яе першую не абрынулася бяда з-за моста.

— Можа, у Бяростаўку адвесці? Да Манькі. Усё ж там далей ад мястэчка, — няпэўна прапанаваў Пятрок. Але Сцепаніда адразу ж не пагадзілася:

— Ну не. Бабоўку я на чужыя рукі не аддам.

— А як жа тады?

— У Баранні Лог. На вяроўку ці спутаць. Хай ходзіць.

— А ноччу?

— А ноччу, можа, не будуць. Яны ж удзень болей.

Слабая гэта была надзея на ноч, але інакш, відаць, не зрабіць, і Пятрок пакорліва змоўчаў.

Восеньскі дзень блізіўся неўпрыкмет да свайго скону, патроху змяркалася, але яшчэ было відно. Устрывожаная Сцепаніда ўсё не спяшалася даіць Бабоўку, якая пастаяла, уздыхнула і, не дачакаўшыся гаспадыні, пачала паскубваць пад плотам — даядаць не даедзенае ў полі. Пятрок раз за разам засцярожліва пазіраў на дарожку за варотамі і на гасцінец, думаў: ці не пакажуцца немцы? І ўсё слухаў, стараючыся ў вечаровай цішы злавіць чужы падазроны гук, каб учуць небяспеку. Але, як і заўжды, на дарожцы і на гасцінцы было зусім пуста, вакол у пахмурнай восеньскай прасторы запаноўвала вечаровая ціш. Толькі вецер нястомна церабіў парудзелую лістоту ліп, церушыў ёю на дол, у гарод за парканам, усыпаў дарожку, траву-мураву на падворку. Пятрок выцяг вядзерца вады з калодзежа і паставіў перад Бабоўкай. Але тая памакнула пысу і не піла, нешта ўсё пазірала цераз плот у поле — нібы чакала чагосьці. Трэба было заганяць яе ў хлеў, ды ў хаце бавілася Сцепаніда, і Пятрок пагукаў яе: