Выбрать главу

— Ах ты, гадзіна! — узрывае мяне абурэнне.

Кротаў перастае жаваць. Нейкі час ён маўчыць з жаўлаком за шчакой, а пасля, зламаўшы пад ілбом брыво, ступае між каляін у снег.

— Ану, падбяры!

Немец, насупіўшыся, маўчыць і не кратаецца з месца.

— Падбяры, гніда! — жорстка загадвае Кротаў і яшчэ праз секунду коратка б’е яго ў сківіцу. Той хістаецца, але ўстойвае на нагах, і старшы лейтэнант, не стрымліваючы ў сабе шаленства, крычыць: — Вош паўзучая! Сволач! Пракляцце наша! Праз вас я паўгода ў шпіталі праенчыў! Вы бацькаву хату спалілі! Праз вас мяне начальства цягае! На яшчэ, гад!

Немец зноў хістаецца, хапаючыся рукой за шчаку, але так нічога і не вымавіўшы — ні ад болю, ні ад страху. Зацятая ўпартасць яго і ва мне адгукаецца непадуладным міжвольным гневам. Нейкая жывёльная нянавісць так і падмывае заехаць яму па мордзе, як гэта зрабіў Кротаў, і я, адчуваючы, што не стрымаюся, кажу старшаму лейтэнанту:

— Ладна, кіньце вы!

Стары, які тым часам даганяе нас, відаць, цяміць ужо, у чым справа, і ўслужліва лезе ў кукурузу. Здзьмухнуўшы з сухара снег, ён зважліва падносіць яго раз’ятранаму Кротаву. Той, аднак, б’е немца па руцэ, і сухар адлятае ў снег.

— Прэч! Прэч, гады! Злыдні! Сволачы! Я вас усіх зараз!

Ротны хапаецца за кабуру, і я ледзьве спыняю яго:

— Ладна. Не трэба! Пайшлі.

Працінаючы ўсіх трох ненавісным позіркам, Кротаў неахвотна пераходзіць у правую каляіну.

«Вось жа гад фашысцкі!..» — думаю я, прыадстаўшы і назіраючы ззаду за проставалосым гітлераўцам. Валасы ў таго чорныя, відаць, жорсткія, да вушэй ён і не дакранаецца, нібы не адчуваючы марозу. За ўсю дарогу не сказаў ніводнага слова, ні разу не зірнуў нам у вочы, але ва ўсёй яго постаці адчуваецца небяспечны, стоены вораг. Пасля гэтага здарэння з сухаром я трохі насцярожваюся і перасоўваю свой ППС на грудзі: ці мала што можа выкінуць яшчэ гэты злыдзень!

Стэп заціхае к ночы, але ўсё ж мноства прыцішаных гукаў сведчыць аб прысутнасці наўкола вялікае сілы вайны. Ідзе наступленне, водгукі яго раз за разам даносяцца да слыху ў прыглушаным танкавым гуле, далёкіх выбухах. Недзе на поўдні, за Кіраваградам, усё палыхае край неба: агністае зарава на небасхіле то шырэе, разгараючыся, то паціху вузее. Аднекуль даносяцца невыразныя галасы людзей, пэўна, непадалёку праходзіць дарога. Скрозь у стэпе стоены рух, сцішаны грукат і людзі. У кукурузе, аднак, мы не шмат вакол сябе бачым.

5

Шашок даганяе нас, калі ўжо ўсталёўваецца ноч і ў высокім студзеньскім небе з вострым бляскам густа высыпаюць зоркі. Сярод іх на поўную моц ззяе месяц. У стэпе відна, хоць збірай іголкі. Рэзкія сінія цені нячутна валакуцца за намі; ярка бялее снегавы дол; наўкола мроіцца ў прыцемках кукурузны абшар. На краі яго мы з Кротавым заўважаем рухавую постаць. Каня амаль не відаць у кукурузным зарасніку, толькі паверх яго сунецца коннік. Мы спыняемся і чакаем. Ну, вядома, — гэта старшына.

— Фу, думаў не даганю ўжо, — з прыкметнай палёгкай ад таго, што пазбыўся адзіноты ў начным полі, кажа Шашок і прытрымлівае каня. — Ну як, не паразбягаліся фрыцы?

— Не разбягуцца, — кажу я.

Старшына скіроўвае каня па левай каляіне і блізка пад’язджае да немцаў. Кротаў на хаду азіраецца (здаецца, ён ужо паспакайнеў) і з хвіліну ўглядаецца ў старшыну і яго каня.

— Ну што, не адкалолася?

— Не адкалолася, — ахвотна адказвае Шашок. — Заўпарціўся разведчык. Не хацелася скандал учыняць.

Усё зразумела: Шашок на тым самым мухортым коніку, на якім і прыехаў у батальён. Значыць, Касенка праявіў характар да канца. Ён такі, гэты наш лейтэнант. Разведчык!

— Я б таму каню лепш кулю ў вуха, чым вам аддаваць, — кажа Кротаў.

Шашок не адказвае, прапускае міма ўвагі гэтую адкрыта непрыязную заўвагу і развязна крычыць на немцаў:

— Шнэль! Шнэль, вашу матары! Затапчу, фашысты!

Ён і сапраўды падсцёбвае повадам каня. Задні немец кідаецца з каляіны, проставалосы адхіляецца ад конскае храпы. Старшына задаволена рагоча.

— А, палахліўцы, такую вашу… Саступай дарогу рускаму воіну!

— Ану, канчай! — пагрозліва азіраецца Кротаў. — Спярша вазьмі ў палон, а пасля будзеш канём таптаць.